Выручка

За ліпень-верасень EPAM атрымаў рэкордную за ўвесь час квартальную выручку — 1,22 мільярда долараў. У параўнанні з трэцім кварталам мінулага года выручка павялічылася на 24%, у параўнанні з другім кварталам гэтага года — амаль на 3%.

Выручка EPAM в 2020-2022 ($ млн)

Сумарна за дзевяць месяцаў выручка кампаніі склала амаль 3,6 мільярда долараў. Гэта ўсяго на 160 мільёнаў долараў менш, чым за ўвесь мінулы год. Адносна студзеня-верасня 2021 года выручка вырасла на 35,6%.

Па выніках чацвёртага квартала EPAM спадзяецца атрымаць не менш за 1,2 мільярда долараў. Калі прагноз спраўдзіцца, гадавая выручка кампаніі складзе прыблізна 4,8 мільярда долараў — на мільярд больш, чым летась.

Прыбытак

У другім квартале, у тым ліку праз курсавыя розніцы, у EPAM чысты прыбытак рэзка ўпаў. У трэцім квартале негатыўны ўплыў гэтага фактару на фінансавыя паказчыкі сышоў.

За ліпень-верасень кампанія атрымала прыбытак ад курсавых розніц у памеры 6,7 мільёна долараў (у трэцім квартале 2021 была страта 3,4 мільёна долараў), а чысты прыбытак склаў 156 мільёнаў долараў. Гэта на 35,6% больш, чым за той жа квартал летась.

Але сумарны чысты прыбытак EPAM усё яшчэ адстае ад леташняга. За дзевяць месяцаў ён склаў 264,4 мільёна долараў супраць 339,4 мільёна долараў за такі ж перыяд 2021.

Дапамога Украіне

EPAM скараціў выдаткі ў рамках праграмы гуманітарнай дапамогі Украіне, якая была запушчаная ў сакавіку. За трэці квартал на гэтыя мэты было выдаткавана 4,5 мільёнаў долараў. Для параўнання выдаткі за другі квартал перавысілі 8 мільёнаў долараў

Усяго ў рамках гуманітарнай дапамогі Украіне выдаткі EPAM склалі 38,5 мільёнаў долараў (са 100 мільёнаў долараў па праграме).

Выдаткі на рэлакацыю

Мяркуючы са справаздачнасці, EPAM працягвае перавозіць супрацоўнікаў у розныя лакацыі. Але ў трэцім квартале выдаткі на рэлакейт рэзка ўпалі. За ліпень-верасень яны склалі ўсяго 4,4 мільёна долараў. Гэта ў 4 разы менш, чым за першы квартал (19 мільёнаў долараў), і ў 3 разы менш, чым за другі квартал (14 мільёнаў долараў).

Усяго на рэлакацыю сёлета EPAM выдаткаваў 37,5 мільёнаў долараў.

EPAM не называе дакладнай колькасці супрацоўнікаў, якія працягваюць працаваць у Беларусі. Таксама невядома, колькі спецыялістаў беларускага офіса кампаніі было рэлакавана сёлета. 

Між тым на пачатку жніўня кіраўнік EPAM Аркадзь Добкін падзяліўся дэталямі сыходу кампаніі з Расіі. Кампанія скараціла штат у Расіі з 9000+ чалавек (на канец першага квартала 2022 года) да менш як 1000 чалавек. На канчатковы сыход патрэбны час, адзначыў Добкін. 

Штат

Глабальны штат EPAM таксама працягвае паволі скарачацца. У канцы верасня ў кампаніі працавала 60,3 тысячы супрацоўнікаў. Гэта на 14% больш, чым у канцы верасня мінулага года. Але за трэці квартал агульны штат EPAM скараціўся на тысячу чалавек, або на 0,2%. 

Таксама за ліпень-верасень знізілася колькасць вытворчых спецыялістаў — ад 54,8 да 53,9 тысячы чалавек.

Раней Аркадзь Добкін заяўляў, што ў канцы года EPAM плануе паменшыць долю рэгіёна (Беларусь+Украіна) да 30% ад сусветных вытворчых магутнасцей (вытворчага штату) кампаніі. Улетку яна складала 40% (да пачатку вайны было 60% з улікам офіса ў Расіі).

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
0