Пра партатыўны абагравальнік ды паходны душ

— Алёна, як прыйшла ідэя вандраваць з палаткай на даху аўто?

— Мы з мужам заўсёды вандруем на машыне. Ужо даўно марылі паехаць у Нарвегію. І вось сёлета падумалі: а чаму б не адзначыць дзень нараджэння Мішы на Лафатэнскіх астравах? Якраз у маі выпусцілі ў продаж бокс-палатку, якую можна ўсталяваць на дах аўто. Міша, калі ўбачыў гэтую навіну ў інтэрнэце, загарэўся купіць яе перад паездкай.

— Колькі каштуе такая палатка?

— 1288 еўра. Мы набылі яе ў Польшчы за месяц да падарожжа і тэсціравалі, катаючыся па Беларусі. Заставаліся з начоўкай на Вілейскім вадасховішчы, каб зразумець наколькі гэта зручна, што неабходна ўзяць з сабой дадаткова. У прыватнасці, на надзіманых паходных падушках дзень-два можна паспаць, але месяц не вельмі зручна. Добра, што мы гэта праверылі і ўзялі з сабой звычайныя. Калі ўсталявалі палатку на дах аўто і пачалі выкладаць у сацсетках фотаздымкі, атрымалі шмат паведамленняў. Некаторыя думалі, што мы яе прадаём, пыталіся, колькі каштуе.

Зразумела, 1000 еўра — гэта нятанна, але калі б мы паехалі ў Нарвегію і цэлы месяц жылі ў хостэлах ці гатэлях, то значна больш аддалі б грошай. Тым больш гэта пакупка не на адзін раз.

Калі б мяне спыталі, што для нас з Мішам самае галоўнае — актыўнасць. Мы не з тых, хто будзе сядзець дома і сумаваць. Адразу ж садзімся ў машыну і куды-небудзь едзем.

— Чаму вырашылі адправіцца менавіта ў Нарвегію — адну з самых дарагіх краін свету?

— Мы шмат дзе былі ў Еўропе: у Іспаніі, Францыі, Партугаліі… Нарвегія — краіна, якую хацелася наведаць з-за прыроды. Там можна сумясціць усе віды актыўнага адпачынку, якія мы любім: веласіпеды, сапборды, паромы, пешыя прагулкі, пад'ём у горы. І толькі прыехаўшы туды, разумееш, што Нарвегія не настолькі дарагая, як пішуць у інтэрнэце. Напрыклад, рыба там каштуе нашмат танней, чым у нас. Мандарыны — столькі ж.

— На чым удалося сэканоміць?

— Па дарозе мы набылі пюрэ, макароны хуткага прыгатавання. У Польшчы гэта каштуе 1 еўра, у Нарвегіі — амаль 3 еўра. У нас з сабой быў паходны посуд, запякалі і чырвоную рыбу, і курыцу смажылі. Але сухі паёк эканоміў час падчас доўгіх пераездаў, калі не было магчымасці гатаваць. Можна было істотна сэканоміць на кемпінгах (суткі на дваіх з машынай каштуюць ад 25 да 45 еўра).

У Нарвегіі дазваляецца на любой стаянцы раскласці сваю палатку і начаваць бясплатна. На такіх стаянках ёсць прыбіральня, вада, дзе можна памыць посуд, часам нават душ. Але мы выбралі больш камфортны від адпачынку. Ноччу было да 5—7 градусаў. Падключалі 10-ці метровы падаўжальнік да электрасеткі ў кемпінгу, закідалі яго ў палатку і наганялі тэмпературу пры дапамозе партатыўнага абагравальніка, які бралі з сабой.

— Якія можаце даць парады па падрыхтоўцы да такога працяглага падарожжа? Былі рэчы, якія не спатрэбіліся?

— Мы падрыхтаваліся вельмі добра, не было такога, што нечага не ўзялі. Адзінае — прыхапілі зашмат газавых балонаў, 11 штук для газавай пліты і газавай мінігарэлкі. Спатрэбілася максімум 3—4. Таксама прывезлі дамоў мыла, бо за ўсю паездку яно нам не спатрэбілася, паўсюль была магчымасць памыць рукі. Толькі адзін раз скарысталіся паходным душам, які бралі з сабой.

Разумелі, што падчас паходу можа пайсці дождж, і абутак проста не паспее высахнуць. Таму бралі з запасам (трэкінгавыя чаравікі і тры віды красовак), бо, як кажуць нарвежцы, няма благога надвор'я — ёсць непадрыхтаваны чалавек. Калі спыняцца ў кемпінгах, як гэта рабілі мы, можна не браць шмат адзення, бо там ёсць пральная машына — усё можна памыць і высушыць за 3—10 еўра.

Пра Язык Троля ды трусы, зараджаныя на падарожжы

— Доўгае падарожжа — выпрабаванне для адносін. Чытала ў вашых дзённікавых запісах, што напрыканцы вандроўкі вы з мужам моцна пасварыліся…

— Падарожжа атрымалася вельмі насычаным, новыя ўражанні — на кожным кроку. Тэлефон проста не выключала: здымала дарогу, вадаспады… Усе эмоцыі станоўчыя, але, як смяяўся Міша, мы проста стаміліся адпачываць. Сварка была свайго роду разрадкай. Два разы выходзілі з машыны і зноў сварыліся. Шчыра прызнацца, я думала, што ўжо напрасткі паедзем у Беларусь.

Потым доўга сядзелі моўчкі, і я ўжо вельмі прагаладалася. У нейкі момант Міша абняў мяне і кажа: «Я цябе кахаю, пайшлі есці». Урэшце спакойна паразмаўлялі, выдыхнулі і працягнулі наша падарожжа.

Многія пісалі, што сварка адбылася з-за таго, што мы шмат часу правялі разам. Але гэта для нас звыклая сітуацыя — мы не толькі жывём і адпачываем, але і працуем разам. У мяне ёсць сябар — баксёр, ён заўсёды здзіўляўся: «Як столькі часу знаходзіцца побач і не стамляцца адно ад аднаго?». Але ён так казаў, пакуль не сустрэў свайго чалавека. «Цяпер, — кажа, — я вас разумею». Мы атрымліваем асалоду ад зносін адно з адным. І не разумеем, як некаторыя сем'і адпачываюць паасобку.

— Распавядзіце пра цікавосткі, якія вы прыдумалі для сваіх падпісчыкаў, у прыватнасці, паштоўкі, што рассылалі, трусы, зараджаныя на падарожжы.

— Ідэя з паштоўкамі нарадзілася ў падарожжы. Мы адсвяткавалі дзень нараджэння Мішы на Лафатэнскіх астравах, дзе сёрфілі ў Нарвежскім моры. Калі ж раніцай не змаглі вярнуцца назад, на «вялікую зямлю», бо не было месцаў на пароме, я прапанавала мужу: «Давай адправім бацькам паштоўкі, у вёсцы О (крайняя кропка Лафатэнскіх астравоў) ёсць пошта».

Пакуль Міша падпісваў паштоўкі, я напісала ў інстаграме: «Першыя пяць чалавек, якія дашлюць нам свой адрас, атрымаюць ад нас часцінку Нарвегіі». Было столькі ахвотных, што, я думала, Міша са мной развядзецца ці забярэ ў мяне карткі, бо потым мы ў кожнай лакацыі, дзе спыняліся, куплялі 3-5 паштовак. Сама паштоўка каштуе еўра-паўтара. Марка — у раёне 3 еўра. У выніку мы адправілі больш як 40 паштовак. Яны дагэтуль прыходзяць і да слёз радуюць падпісчыкаў.

Мы вельмі сур'ёзна паставіліся да вядзення сваёй старонкі ў інстаграме падчас падарожжа. Я кожную раніцу скідвала пост, вяла дзённік падарожжа. Дзяліліся яркімі момантамі ў сторыз, каб падпісчыкі маглі адчуць гэту атмасферу. Многія прызнаваліся, што да нашай вандроўкі не разглядалі Нарвегію як месца для адпачынку.

Дзяўчыне-блогеру, якая ладзіла нам фотасесію перад вандроўкай, так спадабалася наша палатка, што, напэўна, калі б у яе была віза, яна заскочыла б у машыну, і мы ўтрох ехалі б у Нарвегію. Ліза папрасіла нас купіць ёй у Еўропе акрэсленыя мадэлі трусоў, у нас іх не прадаюць. А я і кажу смехам: раз ты не можаш з намі паехаць, значыць, твае трусы будуць вандраваць разам з намі.

У выніку мы набылі дадаткова некалькі памераў гэтых трусоў і паўсюдна бралі іх з сабой. Яны пабывалі на гары Тува, на Лафатэнскіх астравах, на ледніку Нігардсбрэн, якому 2,5 млн гадоў, начавалі на Языку Троля на вышыні 1100 метраў над узроўнем мора.

Пасля прыезду ў Беларусь мы ў жывым эфіры арганізавалі дабрачынны аўкцыён. Грошы ад продажу трусоў, зараджаных на падарожжа, пайшлі на дабрачыннасць — хлопчыку Даніілу, на лячэнне якога якраз зараз ідзе збор сродкаў.

— Якія моманты падчас вандроўкі запомніліся больш за ўсё?

— Адны з самых яркіх эмоцый выклікаў паход на Язык Троля. Спачатку 11 кіламетраў ідзеш угару з 15-кілаграмовым рукзаком за спінай, пераадольваючы сябе… Паколькі вырашылі застацца там з начлегам, бралі з сабой спальнікі, дыванкі, палатку, газавую гарэлку і крыху ежы. Па дарозе сустрэлі 40—50 чалавек, якія спускаліся.

Калі прыйшлі на вяршыню, зрабілі прыгожыя фота і атрымлівалі асалоду ад неверагодных відаў у адзіноце. У сезон гэта немагчыма з-за вялікага патоку турыстаў. Памятаю, калі мы сустракалі заход сонца, імжэў дожджык, і раптам на небе з'явілася вясёлка. Гэта было неверагодна прыгожа. Спаць на Языку Троля было не холадна, але цвердавата. Каб вецер не турбаваў уначы, абклалі палатку камянямі.

— Алёна, калі даведалася, што ў вас трэцяя група інваліднасці, шчыра прызнацца, вельмі здзівілася. Вандроўка была нялёгкая, пад'ём на вышыні 1100 метраў — сур'ёзная фізічная нагрузка. Як адважыліся?

— У мяне прыроджаны вывіх тазабедранага сустава. Нават двух. Пасля аперацыі, якую мне зрабілі ў падлеткавым узросце, я нават хадзіла на кастылях. Зараз засталася ледзь прыкметная кульгавасць. Нейкіх боляў у суставе няма. Там засталіся спіцы, якія не вымаліся пасля аперацыі, часам яны могуць мяняць становішча, тады адчуваецца лёгкі дыскамфорт.

Мне не пазычаць сілы волі, таму, як толькі стала на ногі, напорыста працягвала трэніравацца. Падтрымліваў трэнер, але пасля шчыра сказаў, што трэба перастаць біцца галавой аб сцяну. У мяне была істэрыка. Выратавала толькі тое, што мяне паклікалі да сябе паралімпійцы. Я нават паўдзельнічала ў Паралімпійскіх гульнях у Лондане ў 2012 годзе па веславанні. Таму фізічная нагрузка для мяне — рэч звыклая, праўда, каб не нашкодзіць, стараюся яе кантраляваць.

Міша — масажыст ад Бога, ён валодае дзясяткамі тэхнік масажу і адновіць чый заўгодна фізічны стан. Яго ўменні і навыкі цудоўна нам дапамагаюць пасля паходаў і заплываў.

Пра праменьчык святла ды круглае возера

— Дзе пазнаёміліся з мужам? Як так атрымалася, што ў вас столькі кропак судакранання?

— Мы абое — спартсмены. Міша — майстар спорту па цяжкай атлетыцы. На момант нашага знаёмства ён працаваў на фэйс-кантролі ў начным клубе. А я прыехала патанцаваць. Ён мне ўсміхнуўся. «Як вам працуецца?» — запыталася я ў яго. — «Стаміўся». — «Дык ідзіце адпачывайце, а я за вас папрацую». Пасмяяліся і разышліся.

Раніцай ён мне даслаў паведамленне, дзе параўнаў з праменьчыкам святла. Як аказалася, у нас было вельмі шмат агульных знаёмых і ён ведаў пра мяне больш, чым я магла ўявіць. Так пачаліся нашы анлайн-зносіны, бо я практычна адразу пасля таго вечара паехала на зборы па паралімпійскім спорце ў Малдову. Праз год мы пажаніліся. І неяк так склалася, што пачалі працаваць разам. Спачатку ў службе аховы начнога клуба, потым трэнерамі па кросфіце ў «Чыжоўка-Арэне».

— Раскажыце пра агульнае захапленне сапсёрфінгам.

— У адным з падарожжаў у Партугаліі, седзячы на пляжы, Міша заўважыў хлопца, які сёрфіў на дошцы з вяслом. Мой муж вельмі цікаўны: як і з бокс-палаткай, адразу ж пачаў гугліць. «Ведаеш, гэта для нас ідэальны варыянт: на сапах можна сёрфіць на любой воднай гладзі, на рэчках, азёрах». Паглядзелі кошт — дарагавата. Паўгода збіраліся, пакуль купілі першую дошку. Вырашылі, што будзем катацца па чарзе. І так захапіліся, што ўжо праз месяц паехалі па другую. У выніку сапсёрфінг стаў нашым ладам жыцця.

Аднойчы па просьбе людзей, якіх трэніравалі ў «Чыжоўка-Арэне», мы правялі выязныя заняткі з сапбордамі на Чыжоўскім вадасховішчы. Зараз у нас ужо 19 дошак, і мы арганізоўваем заплывы на сапах па ўсёй Беларусі. Людзі знаходзяць нас у «Інстаграм» @supserf_mіnsk і прыязджаюць катацца сем'ямі. Для гэтага не патрэбная нейкая асаблівая падрыхтоўка. Мы праводзім кароткі інструктаж — і вы ўжо на дошцы. Усё значна прасцей, чым здаецца збоку.

— Вашы любімыя месцы для вандровак у Беларусі?

— За мяжу выязджаем пад Новы год і ў верасні. Увесь астатні час вандруем па Беларусі, у нас вельмі шмат прыгожых месцаў. Зімой ездзілі на Браслаўскія азёры. Бралі з сабой сабаку, бегавыя лыжы і наразалі кругі вакол возера, насалоджваліся прыродай. Нам вельмі падабаецца катацца на сапбордах з відам на Нясвіжскі замак. Часта ездзім на Вілейскае вадасховішча. Там з аднаго боку ёсць шмат астраўкоў, паміж якімі пляжы з белым пясочкам.

Вельмі прыгожая лакацыя — крэйдавыя кар'еры «Беларускія Мальдывы» пад Салігорскам. Але гэта месца забаронена для наведвання, і мы там, на жаль, не можам праводзіць катанні. Было б цудоўна, каб там арганізавалі штосьці для турыстаў з пляжыкамі, заездамі.

Вельмі ўразіла амаль круглае возера Кромань у цэнтры лесу ў Налібоцкай пушчы, мы там праводзілі фотасесію перад паездкай у Нарвегію, фатаграфавалі палатку, каб паказаць людзям фармат нашага падарожжа і пазнаёміць іх з такой магчымасцю адпачынку. «Дом» на даху аўто — вельмі зручна. І неабавязкова ездзіць у Еўропу, можна гэтаксама вандраваць і па Беларусі.

— Якім будзе ваша наступнае падарожжа?

— Хацелі б адправіцца зімой у Аўстрыю на самы доўгі гарналыжны курорт. Там спускі 25—30 кіламетраў.

— Палатку будзеце з сабой браць?

— Зімой не рызыкнём. Яна адпачне да вясны на лецішчы. На наступны сезон у нас на яе вялікія планы. У прыватнасці, ёсць ідэя адправіцца ў масажны тур па Еўропе.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Anatol Starkou / Адказаць
04.11.2022
Недзе там ля іх мой любімы беларускі паэт Славамір Адамовіч. Цікава як ён у тае Нарвегіі?
А гэтая салодкая парачка гуляе ў юнацтва. На здроўе.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру