Ракета «Кінжал». Фота: Вікіпедыя

Паведамленні пра актыўнае прыбыццё расійскіх вайскоўцаў у Беларусь з'явіліся ў сярэдзіне кастрычніка. 10 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што дамовіўся з Уладзімірам Пуціным аб разгортванні сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў «у сувязі з абвастрэннем на заходніх межах «саюзнай дзяржавы». Таксама ён чарговы раз паўтарыў, што Украіна плануе нанясенне ўдараў па тэрыторыі Беларусі — пра гэта Мінск нібыта папярэдзілі «праз неафіцыйныя каналы».

15 кастрычніка Міністэрства абароны паведаміла аб прыбыцці першых эшалонаў з расійскімі вайскоўцамі, якія «ўваходзяць у склад сумеснай з Расіяй рэгіянальнай групоўкі войскаў».

Дакладная колькасць расійскіх вайскоўцаў у Беларусі да гэтай пары невядомая. Аляксандр Лукашэнка назваў лічбу 9 тысяч, украінская выведка гаворыць пра магчымыя 20 тысяч расійскіх мабілізаваных. Мяркуючы па паведамленнях у сеціве, у Беларусь збольшага прыязджае «жывая сіла», людзі, а тэхнікі менш.

31 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка падпісаў праект пагаднення з Расіяй аб утварэнні расійска-беларускіх вучэбна-баявых цэнтраў сумеснай падрыхтоўкі вайскоўцаў узброеных сілаў.

«Радыё Свабода» паспрабавала разабрацца, што адбываецца на беларускіх вайсковых палігонах. Распазнаць зафіксаваную з дапамогай спадарожніка Planet Labs тэхніку яго журналістам дапамог украінскі вайсковы аналітык Міхайла Жырохаў.

230-ты агульнавайсковы палігон «Обуз-Лясноўскі» пад Баранавічамі (Брэсцкая вобласць)

На здымках за 31 кастрычніка 2022 года відаць, што на тэрыторыі палігона з'явілася вялікая колькасць вайсковых намётаў і тэхнікі. Прыбываць яна пачала пасля 16 кастрычніка.

Агульны выгляд палігона «Обуз-Лясноўскі» пад Баранавічамі 31 кастрычніка 2022 года

Уся гэтая вайсковая інфраструктура з'явілася ў перыяд ад жніўня да канца кастрычніка.

«Беларускі Гаюн» неаднойчы паведамляў пра прыбыццё эшалонаў з расійскімі вайскоўцамі і тэхнікай на чыгуначныя станцыі ў Баранавічах, а таксама на станцыю «Палонка», што непадалёк ад палігона «Обуз-Лясноўскі».

Тэрыторыя палявога лягера і стаянкі вайсковай тэхнікі на палігоне «Обуз-Лясноўскі» 31 кастрычніка 2022 года

На здымку вышэй бачым два намётавыя лагеры. Памеры большага — 150×220 метраў, гэта больш за два футбольныя палі. Побач з ім яшчэ адзін намётавы лагер, 90×90 метраў. Усяго пастаўлена не менш за 150 намётаў. Каля іх сама меней 200 адзінак вайсковай тэхнікі, у асноўным гэта грузавыя машыны.

Перад пачаткам вайны ва Украіне на палігоне «Обуз-Лясноўскі» можна было назіраць вельмі падобны да цяперашняга лагер. На здымку ніжэй бачым, што намётаў тады было менш, а тэхнікі больш.

Агульны выгляд палявога лягера і стаянкі вайсковай тэхнікі на палігоне перад пачаткам вайны ва Украіне 15 лютага 2022 года

На поўнач ад лагера знаходзіцца аб’ект, падобны да палявога шпіталя памерам 100 на 80 метраў, гэта як футбольнае поле.

У самай паўночнай частцы палігона на тэрыторыі вучэбнага цэнтра відаць не менш як 40 намётаў на агульнай плошчы 100 на 60 метраў.

Палявы шпіталь і намёты на тэрыторыі вучэбнага цэнтра на палігоне «Обуз-Лясноўскі» 31 кастрычніка 2022 года

Вайсковы палігон «Рэпішча» пад Асіповічамі (Магілёўская вобласць)

На спадарожнікавым здымку за 31 кастрычніка на палігоне «Рэпішча» знаходзіцца лагер 50 на 160 метраў і не менш як 35 вайсковых намётаў. Побач стаянка тэхнікі (150 на 150 метраў). На ёй відаць грузавікі і некалькі падобных да гаўбіц машын. Яны толькі заязджаюць на стаянку.

На здымку, знятым на дзень раней, відаць, што тэхнікі на траціну менш.

Агульны выгляд палявога лягера і стаянкі вайсковай тэхнікі на тэрыторыі палігона «Рэпішча» пад Асіповічамі 31 кастрычніка 2022 года

На поўнач ад палігона — станцыя Верайцы. Там стаіць чыгуначны састаў, з якога згружаюць тэхніку. Частка чыгуначных платформаў пустая, частка — яшчэ з тэхнікай. На дарозе ў кірунку палігона стаіць калона вайсковай тэхнікі.

Чыгуначная станцыя Верайцы непадалёк ад палігона «Рэпішча» пад Асіповічамі 31 кастрычніка 2022 года

Па ранейшых спадарожнікавых здымках можна заўважыць, што лагер пачынае актыўна расці, а тэхніка прыбываць пасля 17 кастрычніка. На здымку за гэты дзень яе яшчэ не відаць.

Вайсковы палігон «Ласвіда» каля Віцебска

На спадарожнікавых здымках палігона «Ласвіда» відаць, што намёты там пачынаюць з'яўляцца пасля 11 кастрычніка. На здымку за 14 кастрычніка яны ўжо ёсць, з'яўляецца першая тэхніка. Далей лагер толькі павялічваецца.

Агульны выгляд палявога лагера і стаянкі вайсковай тэхнікі на палігоне «Ласвіда» пад Віцебскам 31 кастрычніка 2022 года

Вайсковы аэрадром Мачулішчы пад Мінскам

Аэрадром «Мачулішчы» апошнім часам часта трапляе ў навіны і паведамленні людзей у першую чаргу з прычыны размешчаных там трох самалётаў-знішчальнікаў МІГ-31К Вайскова-касмічных сілаў Расіі. Яны здольныя несці гіпергукавыя ракеты «Кінжал», якія могуць паражаць цэлі ва Украіне, а таксама на адлегласці 2000 км. Згодна з паведамленнямі ў тэлеграм-канале «Беларускі Гаюн», гэтыя самалёты нясуць пастаяннае дзяжурства ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы. Амаль кожны раз пры гэтым у шматлікіх абласцях Украіны ўводзяць рэжым паветранай трывогі.

Імаверна, расійскія знішчальнікі МІГ-31К і гіпергукавая ракета «Кінжал» каля іх. Здымак 30 кастрычніка 2022 года

На спадарожнікавым фотаздымку за 30 кастрычніка добра відаць гэтыя тры знішчальнікі. Побач з адным з іх якраз стаіць аб’ект, які даўжынёй (7—8 метраў) і формай падобны да ракеты «Кінжал». Аб прысутнасці гэтых расійскіх знішчальнікаў і наяўнасці на аэрадроме аб’ектаў, падобных да кантэйнераў для захоўвання ракет «Кінжал», гаворыць і брытанская выведка.

Пра што сведчыць пабачанае на спадарожнікавых здымках?

Вайсковы аналітык Міхайла Жырохаў падсумоўвае, што фарміраванне групоўкі, пра якую казаў Аляксандр Лукашэнка, «фактычна ўжо пачалося і ідзе даволі хуткімі тэмпамі».

«У Расіі цяпер праблема з палігонамі (у 1990-х большую частку распрадалі), таму яны могуць выкарыстоўваць палігоны Беларусі для трэніроўкі мабілізаваных. Перанавучанне і фарміраванне новых часцей будзе праходзіць у зімовы перыяд, а ўвесну 2023 года Расія можа атакаваць Украіну з тэрыторыі Беларусі», — лічыць Міхайла Жырохаў.

Паводле вайсковага эксперта, для наступлення на Украіну расіянам патрэбна каля 70 тысяч людзей з танкамі, тэхнікай, боепрыпасамі і гаруча-змазачнымі матэрыяламі. «Таму цяпер мы назіраем толькі пачатак працэсу, далей расійская прысутнасць у Беларусі будзе павялічвацца».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру