У кастрычніку 2022 г. КДБ уключыў Золатаву ў спіс асоб, «якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». З яго стала вядома, што цяпер палітзняволеную абвінавачваюць па арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці») і арт. 361 КК («Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»).

Да дня нараджэння вядомай беларускай журналісткі блог «Людзі» сабраў цытаты з яе лістоў.

Пра добрае і дрэннае

— Хутка паўтара года, як я ў турме. Час праляцеў незаўважна, — піша Марына. — Цяпер ужо складана сказаць, якія эмоцыі я адчуваю з гэтай нагоды. Несправядлівасць, мабыць, гэта галоўнае. За гэтыя паўтара года ўнутры мяне былі вельмі розныя пачуцці — і негатыўныя, і пазітыўныя. З апошніх пазітыўных — навіна пра тое, што Алесь Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію міру.

Навіны тут вельмі спазняюцца, але, што цікава, за некалькі хвілін да таго, як я ўсё даведалася, я з ім разам ішла па калідоры турмы. А ён, сціплы, нічога не сказаў.

Проста ўяві, як гэта выглядае: чалавек, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, сядзіць за некалькі камер ад цябе. Думаю, гэтая Нобелеўка Бяляцкага матывуе і натхняе ўсіх палітвязняў. У нас на Валадарцы дык дакладна.

Мой самы шчаслівы за гэтыя паўтара года момант, калі мяне вазілі ў СК, і я ўбачыла на Валадарцы сваіх родных. Здараюцца і іншыя радасныя сустрэчы. Напрыклад, калі бачу нашу Мілу (былога генеральнага дырэктара «ТУТБАЙ медыя» Людмілу Чэкіну) па дарозе на шпацыр. Шмат радасці прыносяць лісты. Цяпер з імі неяк зусім дрэнна, але я разумею, што людзі не забываюць.

А калі пра дрэннае… Гэта прысуды шматлікім «палітычным» і 24 лютага. Ужо некалькі месяцаў мы жывём у новай рэальнасці. У галаве пракручваецца шмат сцэнарыяў, а ў выніку здарыцца можа нешта зусім іншае. Я ўжо змірылася, што ўсё гэта можа зацягнуцца надоўга. Нават не тое што змірылася, а проста да гэтага гатовая.

У дзесяцімеснай — чацвёра, — успамінае Марына. — Паступова колькасць палітычных расце. Самы распаўсюджаны артыкул — 342-і. Усё гэта вельмі розныя людзі: мастакі, праграмісты, бізнэс-аналітыкі, майстры па манікюры, рабочыя, настаўнікі, лекары. Сустракалася, напрыклад, з 18-гадовай дзяўчынай, якой «у момант здзяйснення злачынства» было 16, і з 55-гадовай Ірынай Коваль, якая ў БНФ з 1988 года.

Здаецца, гэты паток не спыняецца, і «заязджаюць» цэлымі сем'ямі. Муж з жонкай, маці з дачкой, а то і больш. І ўсё з-за чаго? З-за фота з маршу. Божа-божа, але са жніўня 2020-га прайшло ўжо столькі часу. Гэта як бы новая нармальнасць, якую я не хачу прымаць.

Адразу, калі хтосьці новы заходзіць у камеру, ацэньваем, што за кантынгент. Стараемся паглядзець валасы, пытаемся пра хваробы. Часта сустракаюцца людзі з ВІЧ і гепатытам. Ёсць грамадзянкі, якіх трэба прымушаць праць рэчы і мыцца. Ды яшчэ і паказваць, як гэта рабіць. Раней такія рэчы шакавалі, але цяпер — прыкрая дробязь.

Пра канфлікты

— Ці сварылася я з кімсьці? Не памятаю такога наогул. Ну як у звычайным жыцці ўзнікаюць спрэчкі, калі ісці паліць (я, дарэчы, не палю і адстойваю правы тых, хто не паліць), калі глядзець тэлевізар, — апісвае сітуацыю Марына. — Сярод «палітычных» канфлікты, як правіла, не ўзнікаюць, а іншых тут ужо амаль няма.

Скандаляць у асноўным «дзвесцепяткі» (арт. 205 КК «Крадзеж») і рома. Робіш заўвагу ў спакойным фоне, на крык яны рэагуюць так, што яшчэ больш крычаць пачынаюць. А калі спакойна і добразычліва, дзівяцца і астываюць.

Важна прапанаваць нейкую альтэрнатыву ці гатовае рашэнне. Калі чалавек проста гарлапаніць, галоўнае, на гэта не весціся. Калі ён разумее, што ніхто не рэагуе, астывае.

Здаецца, «палітычныя» зламалі сістэму. Нават прадольныя (дзяжурныя па калідоры) цяпер вітаюцца, усміхаюцца, кажуць: «Калі ласка», «Праходзьце, калі ласка», «Рукі за спіну, калі ласка». Не ведаю, як яны з хлопцамі размаўляюць, але з дзяўчатамі так. І гэта ўсё на маіх вачах мяняецца. Раней яны былі больш грубыя і строгія. Але раней сюды хто заязджаў? Арт. 174 («Ухіленне ад аліментаў»), арт. 205 («Крадзеж»), арт.147 КК («Прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання») — асноўныя кліенты. А цяпер хто? Прыгожыя маладыя дзяўчаты, у крайнім выпадку — інтэлігентныя жанчыны ва ўзросце.

Пра расстанне з сям'ёй

— Бытавыя цяжкасці — гэта з разраду «з гэтым можна жыць». Значна больш складана даецца расстанне з сям'ёй. Але ў мяне цудоўныя родныя. Дзеці побач з мужам, так што за іх я спакойная. Я прапусціла ўжо два дні нараджэння сына і два — дачкі.

Прапусціла Надзін выпускны і паступленне ў Акадэмію мастацтваў. Гэта, вядома, сумна, але я ведаю, што за гэты час яны, гэта значыць мы, згуртаваліся мацней, а яны сталі дарослымі і самастойнымі.

Сын вырас на 10 сантыметраў, а я гэта прапусціла. Я заўсёды кажу, каб кампенсаваць гэты скрадзены ў нас час, мы проста абавязаны жыць далей.

Пра кнігі

— Кнігі — вельмі важная частка турэмнага жыцця. Пасля сотай я ўжо перастала лічыць, колькі ўсяго прачытала, — кажа Марына. — Але мае значэнне нават не колькасць, а якасць. Апошнім часам было шмат «цяжкай артылерыі»: «Архіпелаг ГУЛАГ», «Блакадная кніга». Чытаю, таму што важна ведаць гэта ўсё сёння.

У Салжаніцына, безумоўна, самае маштабнае даследаванне сталінскіх рэпрэсій. Я раней чытала шмат кніг на гэтую тэму, але «Архіпелаг ГУЛАГ» цалкам раней не чытала. І што?

Ведаеш, калі мне дзяўчаткі цяпер расказваюць пра Акрэсціна, гэта мала чым адрозніваецца ад Салжаніцына.

Напрыклад, у камеры на аднаго было восем чалавек. «Шконку» на ноч нават не адшпільвалі, ляжалі на падлозе, каб месца зэканоміць. А яшчэ па 10, 15 і больш сутак яны жывуць там без перадач, зменнай бялізны, без прагулак, без душу (у нас ён раз на тыдзень).

Пра спорт

— Калі здараецца, што я прапускаю шпацыр, то адчуваю сябе няважна, — прызнаецца Марына. — Раніцай раблю невялікую зарадку-размінку ў камеры. На прагулцы яшчэ комплекс практыкаванняў, уключаючы тое, што памятаю са стэп-аэробікі. А потым прабежка — бегаю на месцы роўна гадзіну (калі ў камеру не кажуць ісці раней).

Гэтая гадзіна прабежкі — своеасаблівая медытацыя. Руху тут страшна не хапае. Некаторыя «забіваюць» на яго і па месяцы не выходзяць на шпацыр.

Іншая важная рэч — гартаванне. Гэта дапамагае трымаць цела ў тонусе і … пазбавіцца ад лішняга прання.

Пра слёзы

— Тут я не плачу ад гора ці злосці. А вось ад радасці ці замілавання — лёгка магу.

Цяпер калі мяне і прабівае на слёзы, то менавіта ад чагосьці кранальнага. Ад нейкіх вартых пераймання чалавечых учынкаў.

P. S. Сёння Марына не можа абняць сваіх родных. І хоць наўрад ці ёсць у свеце тое, што гэта заменіць, кожны з нас можа падарыць ёй крыху цяпла і падтрымкі. Усё, што для гэтага трэба, — адправіць ліст ці пасылку.

Адрас для адпраўкі: 220050, вул. Валадарскага, 2, Мінск, Беларусь, Золатавай Марыне Васільеўне.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

13
Віталь / Адказаць
06.11.2022
Не трэба пра такое пісаць. Зламалі - то й радуйцесь. 
1
Абыр / Адказаць
07.11.2022
Интеллигенция сидит. А гопота заседает. А сколько было чванства, сколько брезгливости замарать руки кровью. Автухович не наш, что вы, что вы, он и политическим то стал совсем недавно. Тероризма мы шарахаемся как черт ладана. Ну что ж - Проходите, пожалуйста. Руки за спину, пожалуйста.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру