Валерый Сахашчык (злева) і Валерый Залужны (справа). Фота: сацыяльныя сеткі

Валерый Сахашчык (злева) і Валерый Залужны (справа). Фота: сацыяльныя сеткі

Сустрэча Сахашчыка і Залужнага адбылася ў Кіеве ў лістападзе 2022 года. Яна прайшла ў цёплай і прыязнай атмасферы, кажуць людзі, блізкія да колаў беларускай апазіцыі. Выявілася, што Залужны ў даўнія часы бываў у дэсантнай часці, якой кіраваў Сахашчык. 

Аднак толькі цяпер у інтэрнэт трапіла супольнае фота Сахашчыка і Залужнага з той сустрэчы. 

Пра дэталі сустрэчы, а таксама ўзнятыя на ёй тэмы дакладна невядома.

Сам Валерый Сахашчык нічога не каментуе. 

Па інфармацыі «Нашай Нівы», у лістападзе таксама мелі адбыцца сустрэчы Сахашчыка з іншымі прадстаўнікамі ўкраінскіх Узброеных сіл і сілавых структур, у прыватнасці, Сіл спецыяльных аперацый. 

58-гадовы Валерый Сахашчык — «міністр абароны» ў Аб'яднаным пераходным кабінеце. Былы камандзір брэсцкай дэсантнай часці, падпалкоўнік, які пасля выхаду ў адстаўку збудаваў паспяховы прыватны будаўнічы бізнэс.

Гэта самы аўтарытэтны вайсковец, які публічна далучыўся да руху супраць дыктатуры за апошнія гады.

49-гадовы Валерый Залужны — ужо камандуючы ўкраінскай арміяй, пад кіраўніцтвам якога ўкраінцы спынілі, а потым на многіх кірунках і разграмілі расійскіх агрэсараў. 

Нагадаем, што ў снежні Валерый Сахашчык заявіў, што вядзецца падрыхтоўка да стварэння новай вайсковай часці беларусаў ва Украіне, якая будзе мець цяжкія ўзбраенні. 

Чытайце таксама: Хто такі Валерый Сахашчык, які ўзначаліў сілавы блок у кабінеце Ціханоўскай

Чытайце таксама: The New Yorker: Валерый Залужны хаваў сапраўдны план абароны Украіны ад усіх, у тым ліку ад Зяленскага і ад амерыканцаў

У дадзены момант на баку Украіны ваююць некалькі беларускіх падраздзяленняў, сабраных з дабраахвотнікаў, большасці з якіх давялося пакінуць Радзіму, ратуючыся ад лукашэнкаўскіх рэпрэсій. 

«Полк Кастуся Каліноўскага», «Полк Пагоня», «Батальён Тэрор» і іншыя фарміраванні — гэта аформленыя баявыя адзінкі. Таксама беларусы ваююць у іншых падраздзяленнях, складзеных з украінцаў. 

Імаверна, беларусы — найбольшая нацыянальная група замежнікаў у вайне супраць расійскага імперыялізму ва Украіне.

Дагэтуль існуе праблема нізкай скаардынаванасці палітычных сілаў, якія рэпрэзентуюць Беларусь на міжнароднай арэне, і дабраахвотнікаў. 

Клас
124
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
8