Тры гады калоніі за перавод «Байполу»

Толькі ў сталіцы за два першыя месяцы восені 2022 года адбылося не менш за 450 затрыманняў па палітычных справах (такія падлікі валанцёраў праекта «Спісы затрыманых»). Улічваючы, што з моманту выбараў мінула ўжо больш за два гады, маштабы ўражваюць, тым больш, што нават па Мінску названыя лічбы застаюцца не поўнымі.

Сілавікі працягваюць затрымліваць беларусаў за ўдзел у старых пратэсных маршах, за рэпосты і каментары, пакінутыя некалькі гадоў таму.

Нават вокліч «Жыве Беларусь» Міністэрства ўнутраных спраў унесла ў спіс нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі. У спісе ўдакладняецца, што нацысцкім лічыцца вокліч, які «суправаджаецца ўзняццем правай рукі з выпрастанай далонню». Ці лічыцца такім лозунг без жэсту — не паведамляецца.

Адной з апошніх небяспечных тэндэнцый можна назваць крымінальныя справы за фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці (спіс экстрэмісцкіх фарміраванняў пастаянна папаўняецца).

Так, 31 кастрычніка да трох гадоў калоніі асудзілі 35-гадовага мінчука Аляксандра Зіязэтдзінава. Яго абвінавацілі ў фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання (ч. 1 арт. 361-2 КК). З матэрыялаў справы вядома, што мінчук у маі 2021 года пералічыў на крыптакашалёк BYPOL 0,2 эфіру (каля 800 даляраў). Але рэч у тым, што на момант данату названая ініцыятыва не была прызнаная экстрэмісцкім фарміраваннем. МУС прызнала BYPOL такім толькі ў лістападзе 2021 года, гэта значыць, на шэсць месяцаў пазней, чым мінчук пералічыў ім грошы.

31 жніўня 2022 года Вярхоўны суд павысіў статус BYPOL да тэрарыстычнай арганізацыі.

Аляксандр Зіязэтдзінаў. Фота: сацсеткі

Аляксандр Зіязэтдзінаў. Фота: сацсеткі

25 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе пачнуць разглядаць справу 36-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка Паўла Харытонава. Яго вінавацяць у тым, што са жніўня 2020 года па ліпень 2021 года пераводзіў грошы шэрагу аб'яднанняў, прызнаных экстрэмісцкімі.

За гэты час, па матэрыялах следства, Павел зрабіў 8 пераводаў у агульнай суме не менш за 1 150 даляраў.

Часцей за ўсё інфармацыю атрымліваюць сілавымі метадамі

Заснавальнік BYSOL Андрэй Стрыжак кажа, што, па яго назіраннях, часцей за ўсё сілавікі атрымліваюць інфармацыю пра данаты той ці іншай арганізацыі ўжо пасля затрымання чалавека.

Разам з тым, некаторых пры арышце прымушаюць агаварыць сябе, нават калі такіх фактаў не было.

«Напрыклад, зараз сілавікі любяць прымушаць людзей казаць, што яны былі зарэгістраваныя ў плане «Перамога» і фінансавалі «экстрэмістаў».

Гэта пэўны стандартны набор для пакаяльных відэа. Праз гэта стала складана зразумець, рэальна чалавек быў зарэгістраваны ў тэлеграм-боце і данаціў фондам ці яго прымусілі агаварыць сябе», — кажа Стрыжак.

Андрэй Стрыжак. Фота: сацсеткі

Андрэй Стрыжак. Фота: сацсеткі

Па словах Стрыжака, сілавікі выбіваюць прызнанне аб фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці, каб зрабіць адказнасць чалавека больш жорсткай.

З іншага боку, пад катаваннямі людзі сапраўды пачынаюць прызнавацца ў тым, што некалі рабілі грашовыя пераводы. Таму сілавікі атрымліваюць у тым ліку тую інфармацыю, на якую яны маглі пачаткова і не ведаць.

У BYSOL кажуць, што дакладна не ведаюць, якімі тэхнічнымі магчымасцямі для атрымання рознага кшталту даных валодаюць сілавікі.

«Калі, напрыклад, перавод адбываўся на нейкі крыптавалютны кашалёк, і ён захаваўся ў пераводах на вашым дэвайсе ў аплікацыі, то ў сілавікоў ёсць магчымасць убачыць гэты перавод, як толькі дэвайс апынецца ў іх руках.

Таму дадатковая рызыка для тых, хто некалі данаціў, цяпер безумоўна ёсць.

Улада ідзе ўсё больш шырокім фронтам, і калі раней затрымлівалі тых, хто відавочна быў актыўны ў сваёй пратэснай дзейнасці, то цяпер гэтае кола пастаянна пашыраецца. 

Трэба памятаць, што калі чалавек знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі і рэальна ў чымсьці ўдзельнічаў, то ён патэнцыйна знаходзіцца ў небяспецы», — упэўнены Стрыжак. 

Закон не мае зваротнай сілы, але практыка паказвае іншае

Беларускія юрысты з ініцыятывы Legalhub лічаць, што абвінавачванне людзей у фінансаванні экстрэмісцкіх фарміраванняў, калі тыя не былі прызнаныя такімі, з'яўляецца парушэннем закона, бо нарматыўны прававы акт не мае зваротнай сілы.

«Наданне зваротнай сілы нарматыўнаму прававому акту не дапускаецца, калі ён прадугледжвае ўвядзенне або ўзмацненне адказнасці грамадзян і юрыдычных асоб за дзеянні, якія на момант іх здзяйснення не цягнулі ўказаную адказнасць або цягнулі больш мяккую адказнасць», — гаворыцца ў ч. 2 арт. 66 закона «Аб нарматыўных прававых актах».

Іншы важны момант — у тых людзей, якіх цяпер вінавацяць у фінансаванні экстрэмізму, не магло быць намеру фінансаваць экстрэмісцкую арганізацыю, бо яна такой не лічылася. Гэта таксама з'яўляецца важным момантам з пункту гледжання права, бо ў людзей не было намеру парушаць заканадаўства.

Грамадзяне, якія прафінансавалі арганізацыю або зладзілі іншыя дзеянні ў момант, калі яна не з'яўлялася экстрэмісцкай, не павінны падпадаць пад крымінальную адказнасць, упэўнены юрысты.

Але практыка паказвае іншае. 

«Цяпер вялікая колькасць людзей знаходзіцца пад пагрозай крымінальнай справы за дзеянні, здзейсненыя тады, калі людзі не маглі нават выказаць здагадку, што за гэта можа быць адказнасць.

Напрыклад, існуе арганізацыя, якая аказвае дапамогу пацярпелым беларусам. Гэта можа быць аплата штрафаў, медыкаментаў, рэабілітацыі, лячэння і любых іншых патрэб. Чалавек з добрых памкненняў адпраўляе гэтай арганізацыі грошы, каб проста дапамагчы людзям, якія аказаліся ў складанай сітуацыі, хай нават праз пасрэдніка ў выглядзе фонду. Які тут можа быць намер на удзел у экстрэмісцкай дзейнасці?» — задаецца пытаннем юрыст.

Экстрэмісцкія артыкулы выкарыстоўваюцца ўладамі для падаўлення іншадумства ў любой яго праяве.

Юрысты канстатуюць, што нейкія прававыя рэкамендацыі ў гэтых умовах не працуюць. Таму яны раяць не забывацца прытрымлівацца стандартных мер бяспекі. У першую чаргу пазбавіцца ад любых даных, якія могуць мець пагрозу для вас. А таксама ацаніць рызыкі, наколькі небяспечна заставацца ў краіне, прадумаць план дзеянняў на выпадак допыту ці затрымання, паклапаціцца пра маёмасць, каб выключыць накладанне на яе арышту (напрыклад, загадзя аформіць даверанасць на каго-небудзь з блізкіх).

Чытайце таксама:

З Акадэміі навук звальняюць тых, каго затрымалі лукашысты

Пракурор запрасіла 2,5 года хатняй хіміі для экскурсавода Ігара Хмары

Клас
2
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
49