Фота: vecteezy

Фота: vecteezy

Пасля больш чым васьмі месяцаў вайны Украіна спрабуе захаваць эканоміку і аднавіць тое, што разбурыла Расія. Металургічныя заводы разліваюць метал для вырабу арматуры, а рэстараны падаюць ежу пад шум сірэн паветранай трывогі. Тым не менш, разбурэнні, якія нанеслі расіяне, велізарныя. Цэлыя гарады ў руінах. Каля 8 мільёнаў чалавек — пятая частка насельніцтва — пакінулі краіну. З улікам шкоды, нанесенай толькі да 1 чэрвеня, Сусветны банк ацэньваў выдаткі на рэканструкцыю ў 349 млрд даляраў. І з таго часу рахунак значна вырас.

Каб аднавіцца пасля такіх маштабных разбурэнняў, спатрэбіцца дапамога, параўнальная з планам Маршала — велізарнай амерыканскай праграмай, якая дала пачатак эканамічнаму аднаўленню Еўропы пасля Другой сусветнай вайны. The Economist піша, што ў пэўным сэнсе аднавіць Украіну будзе цяжэй. 

У адрозненне ад плана Маршала, які пачаўся праз гады пасля заканчэння вайны, дапамога Украіне паступае, пакуль ляцяць снарады. Гэта робіць прыцягненне прыватных грошай практычна немагчымым на дадзены момант: замежныя інвестыцыі ва Украіну складаюць ледзьве 1% ад узроўня 2021 года. А з-за таго, што вайна скараціла падатковыя паступленні і палова дзяржаўнага бюджэту выдзяляецца на армію, Украіне патрэбна дапамога ў памеры 3,5-5 млрд даляраў кожны месяц толькі для пакрыцця дэфіцыту бюджэту.

Асцярогі скептыкаў

Скептыкі адносна дапамогі Украіне адзначаюць, што вялізныя сродкі на аднаўленне не прынеслі шмат карысці ні разбураным вайной Афганістану і Іраку, ні пацярпелай ад катастрофы Гаіці. Значная частка грошай там была скрадзеная. Гэта выклікае вялікую заклапочанасць у донараў.

Але Украіна не такая, як Афганістан ці Ірак. Там донары спрабавалі навязаць зусім новую сістэму кіравання, чаму многія мясцовыя жыхары супраціўляліся. Украіна ж да вайны была дэмакратычнай і даволі развітай краінай з сярэднім узроўнем даходу і прыкладала намаганні для барацьбы з хабарніцтвам.

Гісторыя дае карысныя ўрокі. Хоць план Маршала цяпер успамінаюць як паспяховы, у той час усё было складана. Ва ўрадзе Амерыкі былі жорсткія рознагалоссі наконт таго, як структураваць праграму, а ў Кангрэсе — ці фінансаваць яе наогул. Еўрапейскія ўрады і выбаршчыкі з падазрэннем ставіліся да ўмоў дапамогі. Толькі пагроза камунізму прымусіла ўсе бакі пераадолець сумневы. І хоць план меў поспех у Заходняй Германіі, яго вынікі ў некаторых іншых краінах былі сярэднімі.

Трохі гісторыі

У сярэдзіне 1947 года эканоміка Еўропы ўсё яшчэ была ў руінах. Германія, падзеленая на амерыканскую, брытанскую, французскую і савецкую зоны, існавала за кошт амерыканскай гуманітарнай дапамогі. Крызіс закрануў усе сферы жыцця. Напрыклад, у брытанскай зоне рацыён харчавання ўпаў да 1050 калорый у дзень.

Прамысловая вытворчасць была абмежаваная з-за страху адраджэння ваеннай моцы Германіі, а гандаль паміж зонамі быў на мінімальным узроўні. Сталін блакаваў усе спробы Амерыкі і Вялікабрытаніі лібералізаваць гандаль, калі толькі яны не пагодзяцца стварыць аб'яднаны нямецкі ўрад, які ён планаваў кантраляваць, як гэта было ва ўсёй Усходняй Еўропе.

Руіны Кёльна ў 1945 годзе / Фота: vecteezy

Руіны Кёльна ў 1945 годзе / Фота: vecteezy

План Маршала па праграме аднаўлення Еўропы прадугледжваў велізарнае ўліванне амерыканскай дапамогі. Амерыканскія даляры вырашылі б праблему дэфіцыту замежнай валюты ў Еўропе і дазволілі б еўрапейскім урадам змякчыць абмежаванні, якія паралізавалі іх эканоміку.

Маршал запрасіў далучыцца да праграмы і СССР, асцерагаючыся таго, што Сталін можа ўспрыняць яе як схему стварэння антысавецкага альянсу і паспрабуе захапіць усю Германію. Але замест далучэння Сталін адмовіўся ад плана і загадаў сваім новым сатэлітам ва Усходняй Еўропе таксама трымацца ўбаку, на што ЗША і спадзяваліся.

Калі дапамога пачала паступаць у 1948 годзе, пачаўся рост. Прамысловая вытворчасць у краінах плана Маршала вырасла больш чым на 60% паміж 1947 і 1952 гадамі.

Аднак не ўсе атрымалі аднолькавую карысць. У Заходняй Германіі амерыканскія органы, якія кіравалі планам, мелі велізарную ўладу і гарантавалі, што сродкі выдаткоўваюцца на сапраўдныя інвестыцыі. У Францыі, аднак, вялікая частка дапамогі была выкарыстана для падтрымкі нацыянальных кампаній; у Італіі дапамога часта выкарыстоўвалася для імпарту тавараў, а не прамысловага абсталявання. У Брытаніі, дзе гэты план найменш спрыяў росту, ён быў выкарыстаны для пагашэння ваеннага доўгу. Некаторыя гісторыкі кажуць, што для Брытаніі і Францыі план не быў вельмі паспяховым.

Разбураная хата ў Харкаўскай вобласці / Фота: vecteezy

Разбураная хата ў Харкаўскай вобласці / Фота: vecteezy

Тры этапы дапамогі

Пакуль вайна працягваецца, хабарніцтва не з'яўляецца галоўнай праблемай. Большая частка грошай цяпер ідзе на непасрэдныя прыярытэты, такія як выплата заробкаў і сацыяльныя выплаты. Іх лёгка праверыць, таму што іх можна адсачыць да асобных людзей. Іншая дапамога накіравана на рамонт электрасетак і іншай інфраструктуры. Попыт настолькі вялікі, што мала хто думае, што адбываецца шмат махлярства.

На першай міжнароднай канферэнцыі донараў у Лугана ў ліпені Украіна прадставіла вялікі нацыянальны план аднаўлення з сотнямі праектаў, якія былі прапанаваны падчас месячных кансультацый паміж урадам, бізнэсам і групамі грамадзянскай супольнасці. На другой сустрэчы ў Берліне 25 кастрычніка амбіцыі былі больш цвярозыя. Украінскі бок акрэсліў тры этапы дапамогі. 

  • Пачатковая фаза ваеннага часу можа доўжыцца ад 18 да 36 месяцаў. На пакрыццё дэфіцыту бюджэту ў 2023 годзе неабходна каля 38 млрд даляраў.
  • Другая фаза, якая будзе расцягвацца на першыя два гады пасля заканчэння баявых дзеянняў, запатрабуе яшчэ больш грошай: магчыма, 105 млрд даляраў на такія задачы, як аднаўленне жылля і транспарту. 
  • І толькі праз некалькі гадоў пасля заканчэння баявых дзеянняў пачнецца фаза, падобная да плана Маршала. Яна можа ўключаць стварэнне больш экалагічнай энергетычнай сістэмы і дапамогу прадпрыемствам у адпаведнасці з еўрапейскімі правіламі аховы навакольнага асяроддзя і бяспекі, каб дапамагчы Украіне з яе амбіцыямі далучыцца да ЕС.
Клас
9
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0