У другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Славеніі, які прайшоў у нядзелю, перамагае беспартыйны кандыдат, адвакат Наташа Пірц-Мусар, якая прытрымліваецца левацэнтрысцкіх поглядаў. Пасля апрацоўкі 99,99 працэнтаў бюлетэняў яна набірае 53,86 працэнтаў галасоў, яе супернік, былы кіраўнік МЗС, дэпутат ад правацэнтрысцкай Славенскай дэмакратычнай партыі Анжэ Логар — 46,14 працэнта.

Тым самым 54-гадовая Пірц-Мусар стане першай жанчынай-прэзідэнтам Славеніі. У 2004-2014 гадах яна займала пасаду амбудсмена па пытаннях свабоды СМІ. У якасці адваката яна займалася пытаннямі абароны прыватнага жыцця і свабоднага доступу да інфармацыі.

Самай вядомай яе кліенткай была жонка Дональда Трампа Меланія, якая ў 2016 годзе вяла судовую справу супраць славенскага таблоіда, а таксама славенскіх і харвацкіх кампаній, якія выкарыстоўвалі яе імя ў рэкламных мэтах без яе дазволу. Суд завяршыўся перамогай Трамп.

Яўка на выбары ў другім туры склала 44,08 працэнта з амаль 1,7 мільёна выбаршчыкаў.

У першым туры ніводны з кандыдатаў не набраў больш за 50 працэнтаў. Па выніках першага тура 23 кастрычніка, кандыдат правай апазіцыі Логар атрымаў каля 34 працэнтаў, Пірц-Мусар — амаль 27 працэнтаў. Трэцяе месца заняў дэпутат Еўрапарламента, кандыдат ад партыі «Сацыяльныя дэмакраты» і руху «Свабода» Мілан Брглез, які набраў 15,4 працэнта галасоў. У выбарах удзельнічалі сем кандыдатаў.

Новы кіраўнік дзяржавы павінен уступіць на пасаду 23 снежня, калі скончыцца пяцігадовы мандат цяперашняга прэзідэнта Славеніі Борута Пахара. Славенія — парламенцкая рэспубліка, прэзідэнт краіны выконвае хутчэй прадстаўнічыя функцыі.

Клас
7
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0