Анатоль Шумчанка распавёў «Народнай Волі» некаторыя падрабязнасці свайго затрымання і вызвалення.

— Ты не ўяўляеш, якое гэта шчасце і кайф — пасля металічных нараў спаць у сваім ложку, побач з каханай жонкай! — кажа Анатоль.

— Распавядзі, калі ласка, як усё было, з самага пачатку: ведаю, што ты паехаў на допыт у Баранавічы. Дарэчы, твая жонка гаварыла, што ты паехаў без цёплай бялізны, але ў прыгожым світары і дублёнцы. Спадзяваўся, што не затрымаюць?

— Дарэчы, гэтая дублёнка мяне і выратавала. Бо яна тоўстая, з мехам, было лягчэй спаць на металічных прутах.

Зразумела, што нічога добрага ад гэтага візіту на допыт я не чакаў. Многія мне раілі: з’язджай з Беларусі! Але я застаўся. Я не зрабіў нічога такога, з-за чаго варта было б бегчы з краіны. 

— Магчыма, прыцягнула ўвагу твая актыўнасць у сацсетках з нагоды рэгулявання цэн? Ты адразу ўключыўся ў тэму…

— Я не з’яўляўся арганізатарам забастовак прадпрымальнікаў, якія не выйшлі на працу пасля таго, як пачаліся незразумеласці з цэнаўтварэннем. І гэта не былі забастоўкі, пратэсты ці страйкі. Людзьмі кіраваў страх — яны проста не ведалі, што рабіць і як працаваць, каб не парушыць закон і не трапіць на адказнасць. Ніякай трэцяй ці пятай сілы, як гаварылі ўлады, за гэтым не было. Я заўсёды спрабаваў дапамагчы прадпрымальнікам і ў рэшце рэшт усё было накіравана ў канструктыўнае рэчышча дыялогу — сёння ўсе пытанні спакойна вырашаюцца.

Але, як кажуць, добра тое, што добра заканчваецца. Мне прад’явілі рэпост публікацыі ў твітары, які быў зроблены ў 2014 годзе. Сказалі, што затрымаюць на 72 гадзіны — да суда. У камп’ютары, які забралі падчас вобыску, нічога не знайшлі. Яго, між іншым, адразу і аддалі. Шчыра скажу: падчас суда па скайпе вельмі радасна было пачуць, што далі штраф, а не арышт.

— У ізалятары якія былі ўмовы?

— Нармальныя. Была гарачая вада, асобны санвузел. Кармілі выдатна — прывозілі са сталовай, і не баланду нейкую, а нармальную ежу. Матрацаў не давалі, але я не скарджуся на ўмовы.

 — Камера — бітком?

— Не. На колькі была разлічана камера, столькі чалавек і было. Усе людзі, між іншым, з вышэйшай адукацыяй.

Стаўленне персаналу таксама добрае было. Я разумею, што супрацоўнікі ізалятара ўвесь час працуюць са спецкантынгентам. І для іх галоўнае — не стаць такімі ж, як яны. Мы прыйшлі і сышлі, а яны там застаюцца, і туды не толькі палітычныя трапляюць…

— Адвакат у цябе быў?

— Не, сам ведаў, што да чаго.

Я зразумеў адно: альбо ты прымаеш правілы гульні дзяржавы, альбо не. Калі не прымаеш — ёсць два шляхі: з’ехаць за мяжу альбо апынуцца за кратамі. Гэта нашы рэаліі. І кожны вырашае самастойна, які выбар зрабіць.

Я заўсёды дапамагаў прадпрымальнікам ў рамках эканамічнага поля, не пераходзячы нейкую палітычную мяжу. Ніколі за мной ніякай трэцяй сілы з Усходу ці Захаду не стаяла. І мэты ніколі такой не было. Проста трэба, каб улада людзей чула, адгукалася на тое, што іх хвалюе. І калі ёсць нейкая праблема, ад яе не адмахвацца, а пераводзіць у канструктыўнае рэчышча. Што я, уласна кажучы, і зрабіў, калі з’явілася праблема з рэгуляваннем цэн. Магчыма, дзякуючы маім парадам сітуацыя не выйшла з-пад кантролю, атрымаўся дыялог з уладай, праблему знялі, і пакуль рынкі спакойна працуюць.

— Чаму навучыла цябе гэтая сітуацыя з кароткатэрміновым арыштам?

— Я нікога не асуджаю, ні да кога прэтэнзій не маю. Усе прэтэнзіі я магу агучваць толькі сабе самому — чаму так адбылося, што я асабіста мог зрабіць, каб сітуацыя была іншай.

Можна заўсёды зваліць віну на тых, хто цябе затрымаў, хто выносіў прысуд, на супрацоўнікаў ізалятара, але гэта ўжо следства, а прычына — заўсёды ў самім сабе. Многія рэчы, што зараз адбываюцца, раней мы проста не хацелі бачыць, вырашаць, вось і ўсё. Таму застаецца альбо прыняць сітуацыю гульні, альбо…

Канешне, хацелася б, каб правілы гульні былі больш зразумелыя. Напрыклад, я рабіў рэпост, калі канал яшчэ не быў экстрэмісцкім, і закон, як мы добра ведаем, зваротнай сілы не мае. Але пры гэтым юрысты кажуць так: калі не выдаліў публікацыю, значыць, ты аўтаматам працягваеш распаўсюджваць інфармацыю, якая цяпер прызнана экстрэмісцкай. 

— Зараз многіх прыцягваюць да адказнасці за рэпосты…

— Так, у гэтым плане трэба быць акуратным і сачыць за сваім тэлефонам. Увогуле, як мы жартавалі ў камеры, цяпер самы бяспечны сродак сувязі — гэта кнопачны тэлефон. Хутка, відаць, усе імі будуць карыстацца, каб мінімізаваць рызыку трапіць за краты.

Са мной у камеры сядзеў хлопец, якога спачатку затрымалі за тое, што быў нападпітку. Яго адвезлі ў выцвярэзнік, праверылі тэлефон, а хлопец быў падпісаны на экстрэмісцкі канал. І ўсё, паехаў у ізалятар на суткі — не ведаю, што па яго справе потым вырашыў суд, арыштавалі альбо не.

У маці другога сукамерніка скралі шубу, пачалося разбіральніцтва, высветлілася, што ключы ад кватэры былі ў сына, рабочых і маці. Яго паклікалі на допыт, паглядзелі тэлефон — і ўсё, прывітанне, экстрэмізм!

Варта разумець, што пасля першага такога выпадку адразу выносіцца пракурорскае папярэджанне аб крымінальнай адказнасці за паўторнае правапарушэнне. Карацей, яшчэ раз патрапіш — будзе крыміналка. Мне таксама такое папярэджанне вынеслі.

— Чаму ў цябе забралі тэлефон?

— У любым выпадку канфіскоўваецца прылада, пры дапамозе якой быў распаўсюджаны экстрэмісцкі матэрыял. Калі праз камп’ютар, значыць, забяруць камп’ютар. Калі праз тэлефон — то тэлефон. У мяне, напрыклад, канфіскавалі iPhone 7.

— Мабыць, гэта добрая нагода набыць iPhone 12?

— Ага, канешне! (смяецца). 

Тэлефон забіраюць, абнуляюць і выстаўляюць на продаж у камісійны магазін. Такія правілы. 

Клас
5
Панылы сорам
31
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
16