Фота Michael Sohn

Фота Michael Sohn

Канцлер Германіі Олаф Шольц і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін правялі першую з сярэдзіны верасня тэлефонную размову, падчас якой абмеркавалі расійскія абстрэлы цывільнай інфраструктуры, падтрымку Украіны краінамі Захаду, выбухі на «Паўночных патоках» і ўгоду аб экспарце ўкраінскага збожжа праз парты на Чорным моры. Пра гэта паведамілі ў Берліне і Маскве ў пятніцу, 2 снежня.

«Гадзінная гутарка была прысвечана агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны і яе наступствам», — паведаміла ведамства друку i інфармацыі федэральнага ўрада. Як адзначаецца, у ходзе размовы канцлер асудзіў расійскія ўдары па цывільнай інфраструктуры Украіны і падкрэсліў «рашучасць Германіі падтрымліваць Украіну ў забеспячэнні яе абараназдольнасці ад расійскай агрэсіі». «Канцлер заклікаў прэзідэнта Расіі да хутчэйшага дасягнення дыпламатычнага развязання, у тым ліку да вываду расійскіх войскаў», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Лідары краін таксама абмеркавалі харчовую сітуацыю ў свеце — «асабліва напружаную ў выніку расійскай агрэсіўнай вайны». «Канцлер і прэзідэнт Расіі дамовіліся падтрымліваць кантакт», — дадалі ў Берліне.

Пуцін назваў дапамогу Украіне «дэструктыўнай лініяй»

Як паведамляе прэс-служба Крамля, прэзідэнт Пуцін заявіў канцлеру ФРГ, што «ракетныя ўдары па вызначаных цэлях на тэрыторыі Украіны» з'яўляюцца «вымушанай і непазбежнай рэакцыяй на правакацыйныя атакі Кіева супраць грамадзянскай інфраструктуры Расіі, уключаючы Крымскі мост і аб'екты энергетыкі».

Акрамя таго, Пуцін назваў «дэструктыўнай» лінію заходніх дзяржаў, якія аказваюць Кіеву дапамогу ўзбраеннямі і ажыццяўляюць падрыхтоўку ўкраінскіх вайскоўцаў. На думку Масквы, «усё гэта, а таксама ўсебаковая палітычная і фінансавая падтрымка Украіны прыводзіць да таго, што Кіеў спрэс адкідвае ідэю якіх-небудзь перамоваў».

Пуцін таксама заявіў пра неабходнасць «транспарэнтнага расследавання» выбухаў на «Паўночных патоках» з удзелам расійскіх профільных структур. Акрамя таго, лідары краін абмеркавалі рэалізацыю чарнаморскай збожжавай ініцыятывы аб вывазе з партоў Украіны збожжа і спадарожных прадуктаў. «Акцэнтаваная неабходнасць добрасумленнага комплекснага выканання «збожжавай угоды», што значыць ліквідацыю ўсіх бар'ераў і для расійскіх паставак», — паведамілі ў Крамлі.

Клас
2
Панылы сорам
2
Ха-ха
4
Ого
4
Сумна
0
Абуральна
6