Пад горадам Бахмутам Данецкай вобласці, які на працягу некалькіх месяцаў спрабуюць узяць «вагнераўцы», у акружэнне патрапіла група добраахвотнікаў з Грузіі, у выніку быў паранены камандзір, а пяцёра байцоў — загінулі.

Пра гэта ў эфіры грузінскага апазіцыйнага тэлеканала «Мтавары» паведаміў добраахвотнік Рамэа Парулава, перадае «Еўрапейская праўда».

Паводле яго слоў, загінулыя служылі ў 57-й брыгадзе з сакавіка 2022 года. «Камандзір паранены. Астатнія хлопцы разам з нашымі братамі-ўкраінцамі акружаныя. Працягваецца барацьба, каб вывесці тых, хто застаўся жывы, і вынесці целы нашых загінулых», — сказаў Парулава.

У суботу прэзідэнт Грузіі Саламе Зурабішвілі выказала спачуванні ў сувязі з гібеллю добраахвотнікаў. «У гэтыя цяжкія хвіліны прыношу свае спачуванні сем'ям, сябрам і сваякам усіх грузінскіх байцоў, якія загінулі ва Украіне», — напісала Зурабішвілі ў Facebook.

На баку Украіны цяпер ваюе да 1500 грузінскіх байцоў. Частка жыла ва Украіне, частка — прыехала пасля пачатку вайны як добраахвотнікі. Першы грузін-добраахвотнік загінуў 18 сакавіка. Па стане на 4 снежня ў баях на баку УСУ загінулі 33 грузіны.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

1
1 / Адказаць
04.12.2022
Вечная памяць героям!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру