Плюс басейн

Адзін з трох найбольш значных незавершаных аб'ектаў — дзіцячы сад, размешчаны ў двары 10-павярховага дома № 1 на вуліцы В. Лівенцава. На агароджанай тэрыторыі ў розных месцах адначасова функцыянуюць трактар, колавы кран і экскаватар, які загружае грунт у самазвал. Брыгада тынкоўшчыкаў дружна падсыпае вапнавы раствор у бункер. Побач муляры выкладваюць сценкі для паддашка з невялікіх бетонных блокаў. Працуюць будаўнікі ўнутры і на даху будынка. Тэмпература паветра звонку -3°C, адчуваецца як -9°C.

— Цяпер на аб'екце задзейнічаны 70 чалавек з нашага прадпрыемства, — распавядае прадстаўнік генпадрадчыка, начальнік участка БУ № 94 «Будтрэста № 1» Уладзімір Ваўчок. — У кожнага з шасці яго падраздзяленняў свой фронт работ: аздабленне, электрыка, вентыляцыя і сантэхніка, дах, вонкавыя сеткі і добраўпарадкаванне. У самым пачатку лета прыступілі да распрацоўкі катлавана, праз два тыдні — да забіўкі свай, а пазней, з 20 ліпеня, — і да маналітных работ на падмурку цокальнага паверха. Гэта вельмі працаёмкі працэс. Пасля перакрыцця падвала заняліся цагляным мурам першага і наступных паверхаў. Рэжым працы ў нас звычайны і вахтавы — па 12 гадзін. Тэрмін здачы аб'екта пад ключ — красавік 2023 года. Аднак добраўпарадкаванне тэрыторыі і афарбоўка фасада ў мэтах эканоміі сродкаў адбудуцца пазней, у больш спрыяльны тэмпературны перыяд.

У будынку, разлічаным на 210 месцаў, прадугледжаны разнастайныя памяшканні для 11 дзіцячых груп, 2 ясельных і 9 дашкольных. На першым паверсе спраектаваны невялікі басейн 4×7,3 м, глыбіня — 60 см. Частку работ выканае спецыяльная субпадрадная арганізацыя.

Ва ўсіх гульнявых пакоях дзіцячых груп будуць зманціраваныя цёплыя падлогі. На тэрыторыі аб'екта таксама ўсталююць дзіцячы гульнявы комплекс, грыбкі і навесы.

Унутраны стан

— Брыгада муляроў можа працаваць у халоднае надвор'е пры тэмпературы да -15°C, — тлумачыць Уладзімір Ваўчок. — Для гэтага рыхтуюцца спецыяльныя, з марозаўстойлівымі дадаткамі, сумесі. Каб было менш дыскамфорту, задалі высокі тэмп на гэтых працах, прыцягнулі адразу 45 муляроў, паўтара тыдня нават працавалі ў тры змены з начной падсветкай. З асноўнымі аб'ёмамі мура сцен двух— і трохсекцыйнага будынка і ўнутраных перагародак справіліся да халадоў. На 90 % ужо пракладзеныя ўнутраныя інжынерныя камунікацыі. Неўзабаве завершым пракладку цеплатрасы.

Зманціраваныя ўсе аконныя і дзвярныя вонкавыя блокі, што дало прымальны тэмпературны рэжым ўнутры будынка. Ужо працуюць дзве брыгады тынкоўшчыкаў, каля 20 % ад агульнага аб'ёму работ (8 000 кв. м) яны выканалі. Для абагравання памяшканняў усталёўваем канвектары: тэмпература пры тынкоўцы павінна быць не менш за +10 °C. Адсоткаў на 80 па паверхах разведзеныя вадаправод і каналізацыя. Ужо прыступілі да сцягвання і ўцяплення падлог.

У снежні зоймемся уцяпленнем фасада, уладкаваннем цёплых падлог на першым паверсе, а гэта каля 600 квадратаў. Планавалі да канца мінулага месяца ў асноўным завяршыць кладку шматслойнага «пірага» даху, застанецца толькі паклейка верхняга бранявога пласта, што зробім у вясновы перыяд. Запуск цяпла ў будынку плануем у пачатку новага года.

Праз дарогу высяцца ўжо гатовыя бетонныя скрынкі двух 17-павярховых жылых дамоў, запоўненыя аконнымі і дзвярнымі блокамі. Побач з адным з іх яшчэ стаіць вежавы кран. Фасад другога будынка ўжо здабыў сімпатычную каляровую гаму. На прылеглай тэрыторыі вядуцца ўладкаванне інжынерных сетак і кладка тратуарнай пліткі. Унутры будынкаў амаль усё гатова да аздаблення кватэр, чым, як аказалася пасля, будуць займацца самі навасельцы. Тэрмін здачы высотак пад ключ — красавік 2023 года. Магчыма, і раней!

Ступень гатоўнасці

Галоўны інжынер генпадрадчыка гэтых аб'ектаў — «МАПІДа» — Аляксей Маслаў быў вельмі лаканічны:

— Будаўнічая гатоўнасць жылых дамоў № 12 і 13 — 87 і 83 % адпаведна (на момант падрыхтоўкі матэрыялу). Зараз у будынках выконваюць чарнавыя электрамантажныя працы, ажыццяўляюць устаноўку сантэхнічнага абсталявання, уладкаванне даху і мантаж на ім вентылятараў. Рыхтуецца да разборкі вежавы кран. Пакуль ідзём з апярэджаннем графікаў будаўнічых. Добраўпарадкаваннем тэрыторыі, інжынернымі сеткамі, паркінгамі і пад'язнымі шляхамі займаюцца іншыя арганізацыі.

— Узвядзенне жылога комплексу «Малая радзіма» пачалося ў 2018 годзе з падрыхтоўкі і расчысткі тэрыторыі ўчастка вайсковай часці, — падводзіць рысу галоўны інжынер заказчыка — УКБ адміністрацыі Заводскага раёна — Вадзім Патапаў. — Затым, як водзіцца, заняліся перакладкай і ўладкаваннем інжынерных сетак, а таксама рэканструкцыяй існай і стварэннем новай вулічна-дарожнай сеткі. У складзе комплексу дзевяць шматкватэрных дамоў, прычым шэсць з іх — у канструкцыях «МАПІДа», 1 624 кватэры, дзіцячы сад, тры шматузроўневыя і адна плоскасная аўтастаянкі. Большая частка жылля ў ім прызначана для шматдзетных сем'яў і вайскоўцаў. 6 кастрычніка ўручылі ключы ад кватэр 120 навасёлам у трохсекцыйным 10-павярховым доме № 8 на вуліцы Лівенцава.

Усе ўваходныя групы гэтага і шасці раней збудаваных жылых дамоў зробленыя з улікам патрабаванняў па доступе і абслугоўванні людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Гэта гарызантальныя пляцоўкі ўваходаў у пад'езды жылых будынкаў, ад атмасферных ападкаў яны абаронены казыркамі. Памеры ўваходных дзвярэй і тамбураў таксама выкананы ў адпаведнасці з нарматывамі, а ўваходы абсталяваны пад'ёмнымі платформамі. Пры кожным жылым доме або двух адначасова збудаваныя і дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі.

Забяспечанасць парковачных месцаў у «Малой радзіме» — адзін да аднаго, гэта значыць, для кожнай кватэры. Ужо ўведзены ў строй два паркінгі па 250 машына-месцаў і адзін — на 88. Побач з жылым комплексам «Малая радзіма» 8 чэрвеня адкрыўся новы буйны гандлёвы цэнтр.

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
2