Паводле версіі КДК, службовыя асобы і ўласнікі сеткі рэстаранаў рознымі спосабамі — штучнае раздрабненне бізнэсу, утойванне атрыманай наяўнай выручкі (нават больш за палову яе) — пазбягалі выплаты падаткаў у буйных памерах. Паводле даных чарнавой бухгалтэрыі, аб'ём схаванай выручкі склаў больш за 13 000 000 рублёў, памер нявыплачаных падаткаў — больш за 4 000 000 рублёў.

Таксама сцвярджаецца, што больш за 210 работнікаў сеткі, а гэта практычна ўвесь персанал, уключаючы кухараў, кур'ераў і адміністратараў, атрымлівалі заробкі «ў канвертах». Паводле інфармацыі КДК, такое ўзнагароджанне складала ад 600 да 1500 рублёў за месяц.

На гандлёвых аб'ектах фірмы прайшлі ператрусы, у выніку якіх канфіскавалі падрыхтаваную да адпраўкі кур'ерам наяўную выручку і чарнавыя запісы па яе ўліку. Па гэтай крымінальнай справе затрымлівалі сем чалавек, яны ў статусе падазраваных. Дваіх з іх змясцілі пад варту, паведаміла прэс-служба КДК.

Назву сеткі КДК не паведамляе, згадвае толькі, што ў сетку рэстаранаў і кафэ ўваходзіла больш за 40 аб'ектаў па ўсёй краіне. Але на фота з яго паведамленняў паказаны інтэр'ер адной з кавярняў і заканчэнне URL сайта сеткі. Гэта дазваляе меркаваць, што гаворка ідзе пра «СушиДом».

Верагодна, «прыйшлі» да іх у канцы лістапада, бо 30 лістапада на старонках сацсетак з'явілася паведамленне аб прыпыненні працы па тэхнічных прычынах.

Сёння на старонцы «СушиДом Віцебск» таксама з'явілася паведамленне пра тое, што ўстанова прыпыняе акцыю ў дзень нараджэння, штодзённыя розыгрышы і дзеянне промакодаў да поўнага аднаўлення працы.

Сетка «СушиДом» была арганізаваная расіянкай, якая выйшла замуж за жыхара Віцебска. Пара спачатку спрабавала стварыць такі бізнэс у Расіі, але потым пераехала ў Беларусь. 

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
5
Ого
5
Сумна
1
Абуральна
1