Карасцялёва звольнілі пасля таго, як ён, заклікаючы гледачоў пісаць аб парушэннях пры мабілізацыі, дадаў: «Мы спадзяёмся, што многім вайскоўцам у тым ліку мы змаглі дапамагчы, напрыклад, з абсталяваннем і проста з элементарнымі выгодамі на фронце».

Сіндзеева ў тэлезвароце выбачылася ад імя канала «перад усімі, каго ўвяла ў зман фраза Аляксея Карасцялёва».

«Многія зразумелі словы Лёшы, як быццам «Дождь» займаецца дапамогай Узброеным сілам Расіі. Але гэта няпраўда. Лёшава фраза была памылкай. Але кошт гэтай памылкі занадта высокі для ўсіх нас», — адзначыла Сіндзеева.

Рашэнне аб звальненні Карасцялёва, якое некаторыя палічылі празмерна строгім, па яе словах, прымалася «пад лавінай меркаванняў, пад пагрозай пазбавіцца ліцэнзіі, пад пагрозай быць высланымі з Латвіі», адкуль «Дождь» пачаў вяшчанне ў ліпені.

«Мы не маглі прыняць іншага рашэння, як бы балюча нам не было з ім расставацца», — дадала Сіндзеева.

«Рэпутацыя, давер гледача заслугоўваюцца кожным словам. І тысячы людзей і ва Украіне, і ў Расіі, і ў свеце справядліва прад'явілі нам прэтэнзію, што адной фразай мы фактычна перакрэслілі ўсю працу з 24 лютага і ўсе 12 гадоў сумленнай працы канала», — сказала Сіндзеева.

«Як растлумачыць украінцам, дамы якіх знішчаюцца рускімі бомбамі, сем'і якіх разлучаюцца назаўжды, украінцам, якія застаюцца сёння без цяпла і электрычнасці, якія падабраць словы, каб людзі, сяброў і сваякоў якіх забіваюць і гвалцяць расійскія вайскоўцы, зразумелі, што Лёшавы словы былі памылкай, і даравалі яму гэтую чортаву фразу? Я не знайшла такіх слоў», — сказала Сіндзеева.

«Мы будзем рабіць усё, што ў нашых сілах, каб расказаць праўду аб гэтай вайне і перш за ўсё гледачам у Расіі, якіх улада з дапамогай рэпрэсій, цэнзуры, прапаганды, усімі сіламі максімальна імкнецца засцерагчы ад гэтай праўды», — дадала яна.

Раней галоўны рэдактар тэлеканала Ціхан Дзядко прынёс прабачэнні, заявіўшы, што рэпліка Карасцялёва «ўводзіць у зман гледачоў» і «стварае адчуванне, што «Дождь» займаецца аказаннем дапамогі арміі РФ».

Клас
9
Панылы сорам
14
Ха-ха
5
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
0