Пачынаючы з канца восені мінулага года шматкіламетровыя чэргі з грузавікоў на межах Беларусі і ЕС сталі звыклай з'явай. Штуршком для гэтага паслужыў справакаваны беларускімі ўладамі міграцыйны крызіс. У выніку яго абвастрэння польскі бок вырашыў закрыць пункт пропуску «Брузгі», дзе мігранты спрабавалі штурмам прарвацца праз мяжу. Закрыццё пункта, які быў здольны прапускаць за суткі да 580 грузавікоў, толькі ўскладніла сітуацыю з чэргамі. 

У пікавыя дні ў залежнасці ад пункта пропуску кіроўцы вялікагрузаў вымушаныя траціць на перасячэнне мяжы з Беларусі ў ЕС ад 2—3 да 10—12 сутак. Частка перавозчыкаў, каб не марнаваць столькі часу на прастоі, пачала купляць пропускі, які даюць права на пазачарговы ўезд на тэрыторыю аўтадарожных пунктаў пропуску праз дзяржаўную мяжу.

ІП і юрыдычныя асобы, якія ажыццяўляюць міжнародныя перавозкі, могуць набыць пропускі тэрмінам ад аднаго месяца да аднаго года. Месячны пропуск каштуе 25 б. в. (800 рублёў), пропуск на паўгода — 100 б. в (3 200 рублёў), на год — 150 б. в. (4 800 рублёў). 

Фота: скрыншот з сайта gpk.gov.by

Набыць такі пропуск могуць як беларускія, так і замежныя кампаніі ды прадпрымальнікі. Заўважана, што пропуск выдаецца толькі на адзін транспартны сродак, таму калі перавозчык хоча, каб перасякаць мяжу без чаргі маглі ўсе аўтамабілі кампаніі, то апісаную вышэй суму трэба памножыць на іх колькасць. 

Перавозчыкі, які вырашылі скарыстацца такой паслугай, кажуць, што да нядаўняга часу такія выдаткі на пропуск былі апраўданымі. 

«Першыя месяцы пасля таго, як на граніцах пачалі збірацца велізарныя чэргі, выдаткі на пропуск акупляліся вельмі хутка, бо гэта дазваляла нашмат хутчэй закрыць перавозку», — прызнаецца перавозчык. 

Аднак з цягам часу сітуацыя пачала мяняцца, паколькі ахвотных купляць даражэзныя пропускі замест таго, каб суткамі стаяць у чарзе, большала.

«Ужо летам пачалі з'яўляцца даволі істотныя чэргі з тых, хто едзе па пропуску, але гэта ўсё адно было значна хутчэй, чым стаяць у агульнай чарзе. Восенню сітуацыя пагоршылася», — тлумачыць суразмоўца.

Па яго словах, напрыканцы лістапада ў пункце пропуску «Прывалка» чарга грузавікоў з пропускамі расцягнулася на чатыры кіламетры, а днямі вырасла да пяці кіламетраў.

«Цяпер машын з пропускамі настолькі шмат, што ў «платнай» чарзе даводзіцца стаяць па 2—3 сутак, а ў бясплатнай — па 5—6. Цяпер платная чарга па факце не нашмат меншая за звычайную, проста рухаецца яна хутчэй за кошт таго, што нашыя пагранічнікі звычайна запускаюць па тры машыны з платнай чаргі і па адной са звычайнай». 

Кіроўца кажа, што многія абураныя такой сітуцыяй: ты плаціш тысячы еўра за пазачарговы праезд, а ў выніку ўсё адно суткамі стаіш.

Фота: скрыншот з ютуб-канала «Мытныя органы»

Іншы суразмоўца, які ездзіць па пропуску, таксама адзначае, што апошнім часам у гэтым усё менш сэнсу, паколькі «платная» чарга пастаянна расце.

«Адносна хутка выехаць з Беларусі часам атрымліваецца толькі праз «Казловічы», а на «Прывалцы» ад пропуску толку ўсё менш», — кажа перавозчык, які ў другой палове лета набыў пропускі адразу на тры аўтамабілі, якія працуюць на беларускім кірунку. 

«Купляць пропускі на год не наважыўся, хоць гэта крыху танней, бо ў бягучых умовах невядома, што будзе праз год, таму купляў іх тэрмінам на 6 месяцаў. Агулам давялося выкласці на пропускі амаль 4000 еўра (9 600 рублёў). Першы час быў задаволены, але цяпер выглядае, што сэнсу ў такіх выдатках усё менш, асабліва з улікам таго, што з набліжэннем новага года з'яўляюцца ўсё новыя перавозчыкі, якія наважваюцца набыць пропуск. Частка з іх на спробу купляе пропуск тэрмінам на адзін месяц, каб можна было ацаніць, ці варта траціць на гэта грошы», — дзеліцца суразмоўца.

«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ «НН»

Чытайце таксама: Мільёны даляраў штомесяц. Колькі Беларусь зарабляе на мяжы

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру