Дзмітрый Масюта. Фота: сацсеткі

Дзмітрый Масюта. Фота: сацсеткі

«Пераезд у ЗША — эксперымент над самім сабой»

Я жыву ў ЗША, працую тракдрайверам — кіроўцам вялікагрузнай машыны.

Пераехаў 5 гадоў таму па грынкарце і зусім не ведаў, кім буду. ЗША — гэта быў такі эксперымент над самім сабой. З моманту пераезду да адкрыцця кампаніі прайшло паўгода.

Мой асабісты заробак — гэта дзве тысячы даляраў у тыдзень, але цяпер я атрымаў ліцэнзію на іншую катэгорыю кіроўцы і вучуся кіраваць на чужой машыне, а пасля набуду ўласны большы трак. Калі атрымаецца, буду зарабляць каля трох тысяч у тыдзень (з іх каля 30% будзе ісці на падаткі).

Каб нармальна пачувацца ў ЗША, трэба мець заробак каля 45—47 тысяч на год. У мяне болей, і вось прыклад: нядаўна я ездзіў вучыцца ў Флорыду — і там я не браў у арэнду машыну, а проста набыў сабе матацыкл, пакатаўся на ім, давучыўся, прадаў і паляцеў назад. То-бок, калі грошаў болей, то гэта дае больш свабоды.

У ЗША мне значна камфортней, чым у Беларусі. Ніхто не цісне, усё лепш прадумана. Вяртаюцца адтуль звычайна тыя, хто не знайшоў сябе ці не здолеў адаптавацца ў гэтай сістэме. 

У Амерыцы ўсё заточанае пад бізнэс. Адкрыць тут бізнэс вельмі проста — я зрабіў гэта, не выходзячы з машыны. Пазваніў адвакату і сказаў назву маёй будучай кампаніі, заплаціў 270 даляраў, абраў штат, дзе найбольш спрыяльныя ўмовы для маёй справы, і ўсё. Праз тры дні мне пазванілі і сказалі, што ўхвалілі назву, а яшчэ праз пяць дзён я атрымаў сертыфікат, што гэта мая кампанія.

Праз складанасць падлікаў і вялікую адказнасць за парушэнне фінансавага заканадаўства падаткамі для бізнэсу звычайна займаюцца бухгалтары. Часта людзі абіраюць бухгалтара, які ім пасуе, і карыстаюцца яго паслугамі ўсё жыццё.

Галоўная парада для тых, хто хоча пераехаць у ЗША, — звяртайцеся да нармальных людзей, усё ўзважвайце і толькі пасля рабіце. Першыя паўгода я задаваў тысячы пытанняў і абіраў толькі адзін адказ. Не варта кідацца адразу з галавой у нешта, што вы пачулі ад першага лепшага.

Фота: сацсеткі

Фота: сацсеткі

«У чаце было прыкладна 700—800 чалавек»

Я заўжды цікавіўся грамадскім жыццём, адзінае што я не вёў актыўна свае сацсеткі. На бытавым узроўні размаўляў з людзьмі, але адкрыта не выступаў. Бо разумеў, што нашы людзі да маіх ідэй не гатовыя.

Я пачаў весці блог «Амерыка без прыхарошванняў» пра ЗША, працу, хацелася распавесці ўсё без купюраў. А пасля здарыўся 2020 год, і я пачаў распавядаць больш пра розныя палітычныя падзеі, тлумачыць падпісантам розныя рэчы. Бо я бачу сэнс не ў нейкай баявой дзейнасці, а ў тым, каб людзі пачалі цяміць. Спачатку рабіў гэта ў інстаграме, а пасля ў ютубе.

Дзмітрый Масюта ў адным са сваіх відэа. Скрын: канал «Амерыка без прыхарошванняў»

Дзмітрый Масюта ў адным са сваіх відэа. Скрын: канал «Амерыка без прыхарошванняў»

Заваяваць нешта немагчыма, калі ты не ведаеш, што гэта. Вось шмат хто тады казаў, што нам патрэбная «свабода», але калі незразумела, што гэта, то і не ясна, за што змагацца.

На хвалі пратэстаў у 2020—2021 гадах я пачаў камунікаваць з рознымі актарамі, у тым ліку «радыкаламі». Я тады паглядзеў на ўсё гэтае шапказакідальніцтва, і мне стала страшна за тое, што будзе з людзьмі, што гэта прынясе больш шкоды, чым карысці, спрабаваў тлумачыць, што, да прыкладу, не варта абапірацца на тэлеграм.

Але мне казалі, што я «таксічная асоба» і зараз яны ўсё ўладзяць.

Фота: тэлеграм-чат «АГСБ», цяпер захоплены сілавікамі. Улады Беларусі прызналі гэтае аб'яднанне тэрарыстычным

Фота: тэлеграм-чат «АГСБ», цяпер захоплены сілавікамі. Улады Беларусі прызналі гэтае аб'яднанне тэрарыстычным

Я быў актыўным карыстальнікам чата АГСБ. Спачатку яны пісалі, а пасля пачалі гутарыць голасам. Я не ведаю, адкуль узяўся «Дзіс» (Дзяніс Хромаў), але яны тады ўжо працавалі з «Эксамонам» (Паўлам Кулажанкам), якога прызначылі адным з адміністратараў суполкі.

У чаце было прыкладна 700—800 чалавек.

Мяне выдалілі, бо я пачаў казаць, што тое, што яны робяць, незаконна, што яны падстаўляюць людзей.

Я сказаў літаральна наступнае: «Супраць вас працуе дзяржаўная машына з неабмежаванымі рэсурсамі, якая мае больш за 100-гадовы досвед змагання з іншадумствам, а вы ў тэлеграме хочаце арганізаваць групы, і гэтыя групы будуць пад кантролем на ўзроўні стварэння». Яны доўга не вытрымалі і забанілі мяне.

Кулажанка, Дзіс і іншыя збіралі данаты «на барацьбу», быццам ім трэба ўзброіць нейкія тэрарыстычныя групы — ну гэта ж лухта, з-за мяжы, ніколі не працаваўшы «ў полі», немагчыма стварыць сапраўды дзейную арганізацыю.

«А там раптам няма камер?» — «Не, усё бяспечна»

Усе ідэі АГСБ былі абсалютна фантастычныя. Кшталту «500 нашых баявікоў выступяць, а ўсе ўбачаць, што мы б’ёмся, і выйдуць на вуліцы» ці «мы захопім армейскія склады, у нас свая варта будзе».

Карацей, нейкія наіўныя рэчы, якія пры гэтым абмяркоўваліся публічна, і адзінае, чаго яны дамагаліся — гэта рэакцыі спецслужбаў, а выніку ніякага не было.

Думаю, усе «радыкальныя» чаты працуюць пад кантролем. У кожным чаце процьма «ціхароў».

І чым больш чат на слыху, тым больш там сілавікоў. І гэтыя сілавікі там правакуюць людзей на нейкія выказванні і маюць права там пісаць што заўгодна, бо іхняя мэта вылічыць іншых. І звычайна яны працуюць у камандзе. «Актавію» (Наталлю Мацвееву, якой прысудзілі 14 гадоў калоніі) я папярэджваў, што не варта нікуды хадзіць і нешта паліць, бо іх усіх затрымаюць.

У цяперашніх умовах я не бачу магчымасці ствараць нейкія баявыя ячэйкі, я пра гэта гаварыў усе два гады. Але мяне ніхто не слухаў. І ў тым жа чаце АГСБ мяне адразу пачыналі хэйціць.

Да прыкладу, піша нехта: «Давайце падпалім «Табакерку», а ты яму: «А там раптам няма камер»? І чалавек, не ўстаючы з канапы, пачынае пісаць: «Не, я там блізка жыву, камер няма, усё бяспечна». Вось гэта або супрацоўнікі спецслужбаў, або карысныя ідыёты.

А пасля таго, як усё здарылася, усё проста замялася і ніхто не хоча браць на сябе адказнасць. Дзіс увогуле схаваўся, бо яму стала страшна, што яны столькі людзей пасадзілі. Некаторыя ў чатах нават кляліся яму адпомсціць.

Проста, калі б сапраўды клапаціліся пра людзей, ніколі б не паслалі іх нешта паліць ці рабіць іншыя радыкальныя рэчы. 

Чытайце таксама:

 «Справа АГСБ»: як КДБ арганізоўваў «тэракты»

Клас
67
Панылы сорам
9
Ха-ха
9
Ого
4
Сумна
16
Абуральна
28