Пасля выключэння еўра з валютнага кошыка ягоны курс адносна беларускага рубля будзе ўсталёўвацца на падставе крос-курсаў, а не па выніку гандлю на біржы. Па такім жа прынцыпе ўсталёўваюцца курсы і на іншыя валюты, якія не ўваходзяць у валютны кошык. 

«На курс самога беларускага рубля гэтае рашэнне амаль ніяк не паўплывае, паколькі і раней Нацыянальны банк для гэтага фактычна арыентаваўся на даляр ЗША і ў меншай ступені на расійскі рубель», — кажа эксперт BEROC Зміцер Крук.

Эканаміст звяртае ўвагу, што, нягледзячы на павышэнне долі расійскага рубля ў кошыку да 60%, казаць пра нейкую больш строгую прывязку да расійскага рубля нельга. 

«Беларускі рубель працягне паўтараць траекторыю расійскага рубля, але гэта нельга называць прывязкай», — лічыць эксперт.

Пры гэтым адчувальныя змены ад выключэння еўра з валютнага кошыка ўсё ж такі адбудуцца. Гэта рашэнне прывядзе да істотнага звужэння выкарыстання еўра ў Беларусі.

«Еўравыя рахункі і колькасць наяўных будзе скарачацца. Звузіцца магчымасць карыстацца актывамі ў еўра і набываць іх», — мяркуе эканаміст.

Таксама ён дапускае, што пасля гэтага можа знікнуць магчымасць праводзіць валютна-абменныя аперацыі з еўра ў любым абменным пункце, як гэта адбываецца цяпер. У банкаў зменшыцца магчымасць цэнтралізавана дастаўляць наяўныя еўра. Адзіным адносна стабільным каналам для паступлення еўра ў краіну застануцца фізічныя асобы, якія ўвозяць у краіну валюту з Еўропы.

«Таксама верагодна, што паступова банкі перастануць прапаноўваць еўравыя дэпазіты, звузіцца магчымасць атрымання крэдытаў у еўра для юрасоб. Але тым не менш, да нейкіх глабальных змен гэта не прывядзе», — лічыць эканаміст.

Само рашэнне Нацбанка Зміцер Крук называе досыць лагічным, паколькі працэнтныя суадносіны валют у кошыку залежаць ад аб'емаў знешняга гандлю.

«Праз санкцыі гандаль з еўразонай значна скараціўся, а з РФ вырас, таму расійскі рубель заняў месца еўра. Таксама ў Беларусі павялічыўся аб'ём гандлю з Кітаем, таму летам Нацбанк дадаў яго да валютнага кошыка».

Чытайце таксама: 

Беларусам прапануюць рабіць уклады ў юанях. Ці гэта выгадна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру