Сваёй галоўнай мэтай абʼяднанне «Пагоня» ставіць вызваленне Беларусі ад рэжыму Лукашэнкі, які, як гаворыцца ў дэкларацыі, «цалкам залежны ад эканамічнай падтрымкі з Расіі, а таксама спрыяў фактычнай акупацыі нашай краіны».

У сувязі з гэтым ГА «Пагоня» прыярытэтнай задачай бачыць «адраджэнне Беларускай дзяржавы як унітарнай, незалежнай, дэмакратычнай краіны на падставе неабходнасці вяртання да Канстытуцыі 1994 года».

Паводле ГА «Пагоня», пытанне пра неабходнасць захавання пасады прэзідэнта можа быць у перспектыве перагледжана.

Сябры аб’яднання заяўляюць, што Рэспубліка Беларусь павінна выйсці з усіх дамоў з Расіяй у галіне паглыблення інтэграцыі і абаронных саюзаў на чале з Масквой.

«У якасці гарантыі бяспекі краіны мы бачым супрацоўніцтва з краінамі рэгіёна: Літвой, Польшчай і Украінай — на падставе сумеснай гісторыка-культурнай спадчыны, якая сягае часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Наша мэта — фармаванне рэгіянальнага аб’яднання краінаў Міжмор’я, а таксама ўступленне ў Еўрапейскі саюз. Пытанне далучэння да абарончага саюза НАТА павінна вырашацца на агульнацыянальным рэферэндуме», — гаворыцца ў дэкларацыі.

Беларуская мова павінна стаць адзінай дзяржаўнай мовай.

Дэсаветызацыя, дэкамунізацыя і дэрусіфікацыя будуць асноўнымі задачамі абʼяднання.

Сябры арганізацыі выступаюць за тое, каб беларуская царква стала незалежнай ад РПЦ.

У эканоміцы сябры арганізацыі выступаюць за рынкавую сістэму і празрыстую сістэму падаткаабкладання, «вяртанне скрадзеных рэжымам у народа праз прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў і ўвядзенне прыватнай уласнасці на зямлю».

Дзеля павышэння адказнасці і самастойнасці мясцовых уладаў павінна быць праведзеная рэформа сістэмы кіравання і мясцовага самакіравання. Большасць паўнамоцтваў разам з падаткамі павінна быць перададзеная мясцовым выбарным органам.

На пераходны перыяд сябры арганізацыі прапануюць сфармаваць часовы выканаўчы орган, які забяспечыць вяртанне да нормаў Канстытуцыі 1994 года і прадстаўніцтва на міжнароднай арэне. 

Таксама яны выступаюць за люстрацыю, найперш вышэйшай наменклатуры і прадстаўнікоў сілавых структур рэжыму Лукашэнкі. 

Ахвярам рэжыму павінна быць выплачаная адэкватная кампенсацыя. Незаконныя прысуды павінны быць неадкладна адмененыя, павінна быць абвешчана амністыя з рэабілітацыяй для незаконна асуджаных.

Аб’яданне «Пагоня» ў якасці тактычнай задачы дзеля дасягнення мэты вызвалення Беларусі абвясціла неабходнасць сумеснай барацьбы разам з украінскім народам і народамі Еўропы супраць расійскай агрэсіі і дапамогу Украіне ўсімі магчымымі сродкамі ад гуманітарных да ваенна-палітычных.

Клас
131
Панылы сорам
7
Ха-ха
5
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
6