Святлана Ціханоўская кажа, што яе муж у кепскім стане: Сяргей два месяцы правёў у штрафным ізалятары, дзе было вельмі халодна, ён хварэў. Двойчы яму спрабавалі перадаць лекі, але ў турме медыкаментаў не прынялі. Таксама ў зняволенні ў Сяргея Ціханоўскага стаў пагаршацца зрок.

«Ён вельмі моцны чалавек, і ён не будзе ніколі скардзіцца, нават калі яму вельмі цяжка. Але ж я разумею, што тыя ўмовы, у якіх ён знаходзіцца, у якіх знаходзяцца тысячы палітвязняў, — гэта нечалавечыя ўмовы, і здароўя там не здабудзеш», — канстатуе Святлана Ціханоўская.

Святлана распавяла, што падтрымлівае з Сяргеем сувязь праз адвакатаў — такім чынам можна перадаць маленькую вестачку, атрымаць інфармацыю пра стан здароўя. Наўпрост Святлана і Сяргей ліставацца не могуць. Але дзецям і маці палітвязень пісаць мае магчымасць.

«Толькі так, праз лісты дзецям, ён перадае і мне прывітанне. Я чытаю паміж радкоў», — тлумачыць яна.

Святлана распавядае, што дзеці кожны тыдзень пішуць лісты бацьку ў турму. Але пісаць прыходзіцца з улікам цэнзуры, якая можа не прапусціць лісты з той ці іншай нагоды.

«Напрыклад, мой сын вельмі часта хоча запытаць у таты, калі цябе злы Лукашэнка адпусціць. Або мая дачка вельмі часта ў паштоўках малюе бел-чырвона-белы сцяжок. Я не магу такія лісты адправіць», — распавядае Святлана.

Ціханоўская кажа, што дачка плача, калі чытае лісты, якія напісаў бацька. «Гэта цяжка бачыць», — прызнаецца яна.

Клас
2
Панылы сорам
1
Ха-ха
5
Ого
0
Сумна
43
Абуральна
4