«Напачатку вялікай вайны, у Корасцені ад расійскай ракеты разам са сваімі фурамі згарэлі беларускія дальнабойшчыкі. Шанцы, што іх целы можна будзе вывезці з Украіны ў Беларусь, былі нулявымі. Украіна чакала наступу беларускага войска, і нават мой сябар і калега Генадзь Дружэнка казаў, што трэба хаваць хлапцоў на месцы, і ўжо пасля перамогі разбірацца з экстрадыцыяй целаў.

Але я разумеў, што задача дастаўкі цел дадому звышважная для мяне, і Гена даў кантакт Сяргея «Маэстра», жытомірскага медыка-добраахвотніка.

Тады разам з Сяргеем мы зрабілі амаль немагчымае. Дамагліся, каб дальнабойшчыкаў адразу не пахавалі як неапазнаныя целы (разам з хлопцамі пагарэлі і іх дакументы), і ўжо працавалі над эвакуацыяй беларусаў праз Польшчу, як прачнулася і ўключылася беларускае МЗС і арганізавала перавозку целаў.

Я абсалютна ўпэўнены, што, калі б не супольныя высілкі і прыцягненне ўвагі да праблемы з боку валанцёраў Украіны і Беларусі, а таксама без сем'яў хлапцоў, — анічога беларуская ўлада не рабіла б. Акрамя лагістычнай і наўпроставай дапамогі на месцы, мы тады запусцілі збор дапамогі, які паспяхова сабралі ў хуткім часе.

Мне тады шмат закідвалі наконт таго, што адзін з хлопцаў-дальнабойшчыкаў быў нашых поглядаў, а другі — не. Я і тады і зараз кажу: нябожчыкі не маюць палітычных поглядаў, але мусяць быць пахаваныя. Пажадана ў сваёй зямлі.

Мы шмат размаўлялі з Сяргеем, які ўзначаліў Жытомірскі аддзел легендарнага Першага добраахвотніцкага мабільнага шпіталя імя Мікалая Пірагова і займаўся дапамогай на гарачых участках фронту (акупанты тады яшчэ стаялі пад Кіевам і кантралявалі Жытомірскую трасу). Мы дамовіліся, што паставім для аддзела Сяргея эвакуацыйны джып, і зрабілі гэта.

І вось учора Сяргей загінуў, так і не паспеўшы шмат чаго ў гэтым жыцці. Загінуў як і жыў — ратуючы жыццё іншага чалавека.

Мы так і не пабачымся ўжывую, але я з радасцю і задавальненнем пацісну ягоную руку ў іншым свеце. А я веру ў тое, што недзе там за гарызонтам падзей гэтага жыцця мы ўсе сустрэнемся за адным сталом. Герою слава!» — напісаў Андрэй Стрыжак.

Клас
6
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
84
Абуральна
3