Танцавальная ліхаманка, тыкток-трэнды і вайна — ТОП-10 музычных альбомаў года па версіі «Нашай Нівы» 10

Аўтар: Сямён Цыбульскі

Чым парадаваў слухачоў такі доўгі і неадназначны год? «Наша Ніва» прапануе вам паслухаць дзясятку найлепшых альбомаў 2022 года.

Beyoncé — Renaissance

У шматлікіх заходніх рэйтынгах найлепшых рэлізаў года сёмы студыйнік прымадонны амерыканскага R'n'B займае першы радок. І абсалютна заслужана.

Renaissance — гэта ідэальны сакавіты саўндтрэк для таго, каб адпусціць кавідны ізаляцыйны эскапізм, закаціць вечарынку і пусціцца ў скокі. 

Прычым ён заходзіць як пакаленню самой спявачкі, якой ужо 41, так і пакаленню тыктока, якое ахвотна здымае ролікі пад хіты Беёнсэ.

Bad Bunny — Un Verano Sin Ti

Гэты пуэртарыканец тры гады запар з'яўляецца самым папулярным артыстам на платформе Spotify. Сёлета яго песні слухалі 18,5 мільярда разоў. 

Адпаведна, і новы лонгплэй Bad Bunny стаў самым папулярным альбомам года. Альбом дазваляе адчуць усю палітру карыбскага жыцця — у ім ёсць месца і каханню, і гумару, і сацыяльным заявам.

Дарэчы, у 2024-м Беніта Антоніа Марцінэза Акасіа (так завуць спевака) можна будзе пабачыць у кіно — ён сыграе галоўную ролю ў фільме пра марвэлаўскага персанажа Эль Муэрта.

Arctic Monkeys — The Car

The Car можна было б назваць рок-альбомам года, калі б не рэзкая змена стылю, якая пачалася ў Arctic Monkeys з мінулага рэліза.

У Tranquility Base Hotel & Casino, які выйшаў у 2018-м, гурт ад бадзёрага індзі перайшоў да аксамітнага рэтра-лаунжа. У эксперыментах нічога кепскага няма, але другі такі альбом запэўнівае, што гэта свядомая змена стылю.

Arctic Monkeys сёння — гэта вельмі стылёвая музыка, якая патрабуе глыбокага і неаднаразовага праслухоўвання.

Fontaines D.C. — Skinty Fia

А цяпер да сапраўднага рок-альбома года. Fontaines D.C. даўно не жывуць у роднай Ірландыі, але не жадаюць губляць сувязь з краінай, нават D.C. у назве гурта азначае Dublin City.

Трэці альбом гурта Skinty Fia — з ірландскай гэта перакладаецца як «Пракляцце аленя», хаця лонгплэй амаль цалкам англамоўны — пра перажыванні ірландца, які жыве за мяжой. Яго хвалююць падзеі на радзіме, ён сумуе па сваім доме і традыцыях ды спрабуе іх не згубіць на новым месцы.

Вынік — эмацыйная плытка, у якой можна пачуць фрустрацыю і месцамі нават агрэсію. 

Sudan Archives — Natural Brown Prom Queen

Другі альбом яркай мастачкі і музыкі Брытні Паркс складана апісаць трыма літарамі R'n'B. Гэта калейдаскапічная сумесь з рытм-н-блюза, хауса, поп-музыкі і хіп-хопа, шчодра прыпраўленая фірмовай скрыпкай.

Паркс у сваім альбоме закранае тэмы душэўнага болю, упэўненасці ў сабе і індывідуальнасці. Ужо ў першай жа песні альбома яна дэкларуе: «Я не звычайная» («I’m not average»). І ў слухача ёсць 18 трэкаў, каб у гэтым пераканацца.

Harry Styles — Harry's House

Яшчэ адзін тыкток-альбом года. Калі вы актыўны карыстальнік сацсетак, то дакладна чулі як мінімум адну песню з гэтага альбома — As It Was. Нават калі не ведалі, хто яе спявае.

Гэта самая папулярная песня сёлета на Spotify — яе праслухалі больш за 1,5 мільярда разоў.

Былы ўдзельнік One Direction здолеў зрабіць выдатную сольную кар'еру — квіткі на ягоныя канцэрты раскупляюцца за лічаныя хвіліны, а песні ўзначальваюць чарты. Чым не нагода больш пільна пазнаёміцца з ягоным самым асабістым, па ягоным жа прызнанні, альбомам.

Альбом года з Украіны па версіі «НН»: Паліндром — Придумано в Черзі

Амаль увесь год мы жывём у рэаліях вайны ва Украіне, у якую аказалася ўцягнутай і Беларусь. Трагічныя падзеі нарадзілі не адзін мастацкі твор, і абмінуць увагай гэта было нельга.

«Ой у лузі червона калина». Галоўныя песні ўкраінскага змагання АЎДЫЯ

Рэперу Сцяпану Бурбану 28 гадоў. Ён нарадзіўся і вырас у Львове, удзельнічаў у розных рэп-калектывах, а з 2019 года выступае сольна пад імем Паліндром.

У сваёй творчасці Паліндром даследуе ўласны і калектыўны траўматычны досвед: «савок» і яго эстэтыку, родны Львоў і змены ў ім, засілле Расіі ва ўкраінскай культуры, а таксама, вядома, вайну і смерці. 

Складана паверыць, але амаль усе песні былі запісаныя да 24 лютага.

Florence + the Machine — Dance Fever

Нягледзячы на назву «Танцавальная ліхаманка», новы альбом Флорэнс Уэлч не прымусіць вас танцаваць. У астатнім — гэта ўсё тая ж вытанчаная і фантастычна прыгожая музыка пад непаўторны вакал рудавалосай брытанкі.

Назва ж альбома адсылае да феномена харэаманіі — сярэднявечнай псіхічнай эпідэміі, якая выглядала як групавы танец да знямогі. Падчас ізаляцыі Флорэнс Уэлч даведалася пра харэаманію і зацікавілася гэтай тэмай.

У пяты альбом свайго гурта спявачка нібыта ўнесла ўсе свае эмоцыі, якія падчас пандэміі яна не змагла даць слухачам з-за адмены канцэртаў. Dance Fever — магчыма, не найлепшы рэліз у дыскаграфіі Florence + the Machine, але гэта вельмі добрая праца, вартая месца ў нашай дзясятцы.

Rosalía — Motomami

Каталанская зорка асэнсавала ўласную велічыню і на сваім трэцім сольным альбоме смела гуляецца з жанрамі, ствараючы свой уласны. 

Разалія чаргуе кароткія трэкі з паўнавартаснымі песнямі, балады — з танцавальнымі нумарамі, а таксама ўплятае ў альбом рэгетон і фламенка. 

Калі вы не баіцеся стаміцца ад вандроўкі па жанрах, то смела слухайце адзін з галоўных еўрапейскіх рэлізаў 2022-га.

Беларускі альбом года па версіі «НН»: Света Бень, Галя Чыкіс — Приём!

Беларусы трэці год жывуць у атмасферы, у якой нішчыцца ўсё стваральнае. Да гэтага дадалася вайна ў блізкай нам краіне.

Тым больш каштоўныя любыя айчынныя рэлізы. У снежні спявачкі Святлана Бень і Галя Чыкіс выпусцілі вельмі асабісты альбом. 

«9 песень і 1 верш, у якіх ёсць увесь спектр эмоцый: ад безнадзейнай роспачы да адчайнай надзеі. Бракуе толькі адной — весялосці, да адсутнасці якой, здаецца, усе ўжо пачалі прывыкаць.

Але радасць ёсць. Ці хаця б чаканне той самай радасці, калі сярод зіхатлівай пустаты і апраметнай цемры на твой сігнал адгукаецца нехта іншы. І ты ўжо не адзін. А ёсць ужо двое, а можа, і нашмат больш, і яны трымаюцца на гэтай хвалі, нягледзячы на ​​шторм і ўраган навокал», — так вельмі ёмка апісалі сваю працу самі яе стваральніцы. 

А што вы слухалі ў 2022-м? Напішыце ў каментарах.

Клас
12
Панылы сорам
5
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?