Спачатку дэлегацыі правялі перамовы ў шырокім складзе — з Расіі прыехала шмат высокіх чыноўнікаў, — а пасля Пуцін і Лукашэнка пайшлі перамаўляцца адзін на адзін.

Абодва палітыкі, каментуючы ход і вынікі перамоваў, увесь час падкрэслівалі, што абмяркоўваюць перадусім эканоміку, пастаянна гаварылі пра рашучыя прарывы і бліскучыя перспектывы, называлі лічбы, на якія пабольшала супрацоўніцтва ў розных галінах. Пуцін ахвотна разважаў пра супрацоўніцтва ў касмічнай сферы і ў атамнай энергетыцы, у якой Расія нібыта дзейнічае нават са стратамі для сябе, пра эфектыўнасць двухбаковага супрацоўніцтва ў змаганні з заходнімі санкцыямі. 

Лукашэнка сказаў, што ён задаволены вынікамі абмеркавання з Расіяй перспектыў стварэння агульнага газавага рынку і ўмовамі цэнаўтварэння на энерганосьбіты на наступныя тры гады. Што гэта за ўмовы, ён не ўдакладніў. Цана на газ на наступны год для Беларусі нібыта будзе фіксаванай, але яе памер таксама не называўся. Вонкава Лукашэнка сапраўды выглядаў задаволеным.

Пуцін дзяжурна заявіў, што Расія не збіраецца нікога паглынаць, бо ў гэтым, маўляў, няма мэтазгоднасці. Лукашэнка ж таксама дзяжурна сказаў, што «Расія без нас абыдзецца, а мы без яе не зможам».

Найбольш балючым і інтрыгоўным было пытанне адносна перспектыў ваеннага супрацоўніцтва і магчымасці афіцыйнага ўступлення ў вайну Беларусі разам са сваёй арміяй. Рабіліся здагадкі, што перадусім дзеля гэтага Пуцін і прыехаў. І гэтая тэма на перамовах таксама абмяркоўвалася, тое-сёе прагучала і з вуснаў Пуціна ды Лукашэнкі.

Пуцін заявіў пра намер працягваць практыку сумесных вайсковых вучэнняў. Як вядома, менавіта падчас такіх сумесных «вучэнняў», аб правядзенні якіх аб'явілі таксама перад Новым годам, і была ажыццёўленая 24 лютага агрэсія супраць Украіны, у тым ліку і з беларускай тэрыторыі. Акрамя таго, гаварылася пра стварэнне сумеснай вайсковай тэхнікі і фарміраванне «агульнай абароннай прасторы».

Таксама Пуцін паведаміў, што ён дамовіўся з Лукашэнкам пра падрыхтоўку экіпажаў баявых самалётаў беларускай арміі,

якія, маўляў, ужо пераабсталяваныя для магчымага прымянення боепрыпасаў паветранага базавання са спецыяльнай баявой часцю. Гаворка тут вядзецца пра ядзерныя зарады. І гэта можа быць адным з галоўных вынікаў гэтых перамоў.

Лукашэнка ж адсправаздачыўся, што беларуская армія ўжо, маўляў, паставіла на баявое дзяжурства перададзеныя Расіяй сістэмы С-400 і «Іскандэр».

Клас
3
Панылы сорам
10
Ха-ха
7
Ого
2
Сумна
5
Абуральна
82