Адзін з пунктаў абноўленага Закона «Аб грамадзянстве» — магчымасць выносіць выключныя рашэнні аб прававым статусе асоб, якія знаходзяцца за межамі краіны. Пры наяўнасці рашэння суда, якое набыло моц, тыя, каго судзілі за так званую «экстрэмісцкую дзейнасць» або за так званую «шкоду інтарэсам Беларусі», могуць развітацца са сваім пашпартам і грамадзянствам, знаходзячыся за межамі краіны.

Начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС РБ Аляксей Бягун у каментары «Народнай газеце» настойвае, што «новы закон аб грамадзянстве прадугледжвае ў першую чаргу не пазбаўленне, а страту грамадзянства з прычыны здзяйснення злачынстваў экстрэмісцкага і тэрарыстычнага характару супраць дзяржавы».

Паводле яго, у такіх выпадках рашэннем суда асоба прызнаецца вінаватай, у тым ліку завочна, і «павінна панесці адпаведнае пакаранне».

Факт знаходжання абвінавачанага за межамі Беларусі не вызваляе яго ад гэтай працэдуры. Канчатковае рашэнне па пытанні пазбаўлення грамадзянства прымае Лукашэнка.

Пашпарт чалавека прызнаецца несапраўдным. Зрабіць новы пашпарт за мяжой, папярэджвае Бягун, будзе немагчыма.

«Асобы, якія знаходзяцца за межамі Беларусі і страцілі грамадзянства, у далейшым змогуць вярнуцца назад. Але ім варта памятаць, што факт страты не вызваляе такіх людзей ад крымінальнай адказнасці, за выключэннем выпадкаў заканчэння тэрміна даўнасці злачынства. Пасля адбыцця пакарання і пагашэння судзімасці можна будзе прэтэндаваць на атрыманне віду на жыхарства, пражыўшы на тэрыторыі Беларусі пяць гадоў. І толькі пасля гэтага можна будзе хадайнічаць аб поўнай натуралізацыі ва ўстаноўленым парадку — гэта адбываецца толькі пасля падпісання адпаведнага ўказа прэзідэнта», — тлумачыць Бягун.

«Дзяржава нікога не пазбаўляе грамадзянства ў аднабаковым парадку — людзі самі сваімі злачыннымі дзеяннямі запускаюць працэдуру яго страты. Сапраўды, які ты грамадзянін, калі ўсімі сіламі спрыяеш усялякім атакам на сваю краіну, тым больш знаходзячыся за яе межамі?» — знаходзіць апраўданне зменам у заканадаўстве, якія супярэчаць Канстытуцыі, Аляксей Бягун.

Чытайце таксама: 

Што рабіць беларусам, якіх дзяржава можа пазбавіць грамадзянства? Парады адваката

У Беларусі пачалі збіраць звесткі аб тых, хто мае дазволы на жыхарства і карты паляка?

Кавалеўскі: Мы будзем дабівацца адпаведнага прававога статусу для беларусаў, пазбаўленых рэжымам грамадзянства

Клас
2
Панылы сорам
24
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
10