Кантракт у Алены Маставенка заканчваўся 25 студзеня. Але яго прапанавалі скасаваць да заканчэння тэрміну. Прычыны звальнення пакуль не агучаны.

«Алена Маставенка прыйшла ў гомельскі тэатр ў 2017-м годзе. І вельмі хутка тэатр загучаў на ўсіх рэспубліканскіх пляцоўках. Алена не баялася эксперыментаў і давярала маладым рэжысёрам. Дзякуючы такому падыходу загучаў культавы МакДонах, Марыус фон Маенбург з рэзануючай назвай «Вырадак» (гэтыя спектаклі ставіў Віталь Краўчанка да свайго пераходу ў Купалаўскі тэатр, менавіта ў гомельскую «маладзёжку» ён вярнуўся пасля разгрому Купалаўскага), тут быў спектакль з музыкай Ягора Летава ў пастаноўцы Паршына, спектакль Юрыя Дзівакова», — напісала Н. Панкратава.

Па яе словах, у тэатры з'явілася мноства небанальных аўтараў і дзёрзкіх пастаноўшчыкаў. Не дзіва, што на найбліжэйшую пасля свайго прыходу ў тэатр Нацыянальную тэатральную прэмію гомельская моладзь прыехала адразу з трыма пастаноўкамі, зладзіўшы ў Мінску міні-гастролі.

«Мясцовыя газеты называлі «маладзёжку» самым лямпавым тэатрам у горадзе. Ну а цяпер атмасферны тэатр імкліва адкоціцца да безаблічнага калектыву, якіх цяпер поўна (на вялікі жаль) у Беларусі», — рэзюмуе тэатральны крытык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
23