Алег «Хмуры» Панамароў (на фота другі спераду)

Алег «Хмуры» Панамароў (на фота другі спераду)

Мужчына прыехаў ваяваць ва Украіну яшчэ ў 2014 годзе. Спачатку служыў у батальёнах «Шахтарск» і «Карпацкая Сеч». Браў удзел у баявых дзеяннях ля шахты «Бутаўка» і ў Пясках на ўсходзе Украіны.

Панамароў нарадзіўся ў Харкаўскай вобласці Украіны, але ягоныя бацькі разышліся, і маці з дзецьмі паехала на сваю радзіму, у Магілёў.

Алег Панамароў быў грамадзянінам Беларусі, украінскае грамадзянства змог атрымаць у 2017 годзе. У Беларусі хлопец працаваў арматуршчыкам на заводзе.

«Ён вельмі хацеў дапамагчы Украіне. Ён разумеў, што Расія прыцясняе ягоную радзіму. Сачыў за Майданам, а калі пачалася вайна, то не змог заставацца ўбаку», — кажа пабрацім Алега Панамарова Астап.

Першым пазыўным Алега быў Артэга, так ён назваўся ў гонар іспанскага філосафа Хасэ Артэгі-і-Гасэта. Потым стаў Катом. Апошнім часам меў пазыўны Хмуры.

Алег Панамароў служыў намеснікам камандзіра баявой машыны, наводчыкам-аператарам штурмавога ўзвода штурмавой роты ў батальёне «Айдар». Загінуў беларус пасля прамога пападання снарада ў акоп, дзе ён знаходзіўся. Гэта адбылося ля вёскі Паўлаўка Данецкай вобласці.

Пахавалі Хмурага ва Ужгарадзе, на самым захадзе Украіны, у Закарпацці. Такое месца пахавання выбралі таму, што ва Ужгарадзе жыве пабрацім Панамарова Астап, які займаўся пахаваннем.

«Алег жыў у Краматорску Данецкай вобласці, але яму вельмі падабаліся Карпаты. Марыў калісьці пераехаць сюды жыць», — кажа Астап.

Пахавалі Алега Панамарова пад бел-чырвона-белым сцягам.

«Для яго гэта было вельмі важна. Ён заўсёды меў пры сабе шаўрон з Пагоняй. Гаварыў: калі разбяромся з Расіяй тут, то пойдзем вызваляць Беларусь».

Беларускаму добраахвотніку было 30 гадоў. Гэта 17-я вядомая смерць беларусаў ва Украіне.

Клас
2
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
118
Абуральна
8