Адвакатка Таццяна Лішанкова

Адвакатка Таццяна Лішанкова

Што за справа

Адвакатка Таццяна Лішанкова была затрыманая супрацоўнікамі ГУБАЗіКа 29 лістапада 2022 года каля 17 гадзін у цэнтры Мінска — пасля таго як яна прысутнічала на агалошванні пастановы па справе яе кліенткі, Настассі Лойка.

У канцы дня на Лішанкову склалі пратакол па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Лішанковай ставілася ў віну, што яна нібыта нецэнзурна лаялася ў будынку ГАМ-2 Маскоўскага РУУС.

1 снежня 2022 года суддзя суда Маскоўскага раёна горада Мінска Таццяна Мотыль прызначыла Таццяне Лішанковай 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Гэта спагнанне адвакатка цалкам адбыла.

Праект «Права на абарону» атрымаў магчымасць вывучыць стэнаграму судовага пасяджэння суда Маскоўскага раёна горада Мінска ад 30 лістапада і 1 снежня 2022 года, падчас якіх разглядалася справа Таццяны Лішанковай.

Лішанкову судзілі па відэасувязі. Сведкам быў Іваноў Іван Іванавіч, міліцыянт з прыдуманым імем. Калі ён заблытаўся ў сваіх паказаннях, на дапамогу яму прыйшоў старшы ўчастковы інспектар міліцыі Андрэй Генадзьевіч Дуброўскі.

Дзень першы

Лішанкова хадайнічала, каб яе прывезлі з ізалятара ў будынак суда Маскоўскага раёна і яна магла азнаёміцца з матэрыяламі справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, паколькі яна не атрымала копію пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні. Суддзя адказала, што дастаўка Лішанковай у суд не ўваходзіць у кампетэнцыю суда і адмовіла.

Згодна з адміністрацыйным пратаколам, які зачытала суддзя, Лішанкова «29.11.2022 каля 22:20, знаходзячыся ў кабінеце нумар тры гарадскога аддзела міліцыі №2 Маскоўскага РУУС горада Мінска, размешчанага па адрасе: горад Мінск, вуліца Ясеніна, 14, беспадстаўна, з хуліганскіх памкненняў, гучна крычала, выказвалася грубай нецэнзурнай лаянкай, паводзіла сябе абуральна, на неаднаразовыя просьбы супакоіцца не рэагавала, чым ажыццявіла наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак і ёсць відавочнай непавагай да грамадства».

Лішанкова не прызнала сваю віну і заявіла, што гэтага не рабіла.

Яна патлумачыла, што каля 4 гадзін 29 лістапада была на абвяшчэнні пастановы ў дачыненні да яе кліенткі Настассі Лойка ў судзе Першамайскага раёна горада Мінска. Пасля гэтага Лішанкова паехала на таксі да дома свайго маладога чалавека на вуліцу Разінскую. Калі машына пад'ехала да дома, «у машыну ўламіўся нейкі чалавек», сказаў, што ён супрацоўнік міліцыі.

«Мяне вывелі, пасадзілі ў іншую машыну, адвезлі ў будынак ГУБАЗіКа. Я не зусім зразумела сутнасць прэтэнзій супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, г. зн. я не зусім зразумела, што яны ад мяне хацелі. Я аддала ўсё: флэшку, ноўтбук і гэтак далей. Пасля гэтага мы паехалі назад на Разінскую для правядзення ператрусу па нейкай крымінальнай справе, да якой я наогул не маю ніякага дачынення. І пасля гэтага мы паехалі ў будынак, уласна, ГАМ-2 Маскоўскага РУУС».

Там яе завялі ў кабінет нумар тры. Супрацоўнік РУУС, які не прадставіўся, паводле Лішанковай, адразу сказаў, што будзе складзены пратакол па артыкуле 19.1.

Гэта значыць, Лішанкову, па яе словах, выцягнулі з таксі, правялі ператрус у кватэры яе маладога чалавека, прывезлі ў міліцыю і сказалі, што складуць на яе пратакол.

Потым яе адвялі ў нейкую камеру, Лішанкова называе гэта камерай папярэдняга зняволення. Праз нейкі час іншы супрацоўнік ужо даў ёй гатовыя матэрыялы справы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Пасля гэтага яе зноў завялі ў камеру і прыкладна ў 6 раніцы павезлі ў ІЧУ.

«Гэта значыць, я ў 22:20 не лаялася, не крычала, не выказвалася нецэнзурнай лаянкай, і ў прынцыпе не ажыццяўляла і не магла ажыццяўляць гэтых дзеянняў, якія апісаны ў пратаколе», — сказала Лішанкова.

Яна запэўнівала, што як адвакат разумела сітуацыю, што яна была ўжо ў статусе затрыманай, таму старалася паводзіць сябе «максімальна спакойна».

У супрацоўнікаў міліцыі іншая версія падзей.

У рапарце ўчастковага інспектара міліцыі ААПП Маскоўскага РУУС г. Мінска ад 29.11.2022 пазначана, што ў дачыненні да Лішанковай Т.В. з ГУБАЗіКа паступіла інфармацыя пра яе ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах «у перыяд са жніўня па лістапад 2020-га». ГУБАЗіК нібыта папрасіў правесці з Лішанковай прафілактычную гутарку «аб недапушчальнасці супрацьпраўных паводзін».

Для гэтай прафілактычнай гутаркі Лішанкова нібыта і была дастаўленая ў ГАМ-2 Маскоўскага РУУС г. Мінска ў 20:00.

Там, згодна з рапартам, каля 22:20 Лішанкова ў кабінеце нумар тры «стала груба адказваць, выказвацца нецэнзурнай лаянкай, ускокваць з крэсла, спрабавала выйсці з кабінета, паводзіла сябе абуральна, на неаднаразовыя просьбы супакоіцца не рэагавала, чым наўмысна парушыла грамадскі парадак, праявіла відавочную непавагу да грамадства».

Лішанкова запярэчыла, што фактычна была затрыманая значна раней супрацоўнікамі ГУБАЗіКа. І настойвала, што ніякай прафілактычнай гутаркі, падчас якой яна нібыта і стала лаяцца матам і праяўляць непавагу да грамадства, наогул не было.

«Згодна з пратаколам прафілактычнай гутаркі, праводзілася прафілактычная гутарка з Лішанковай. І пазначана, што адмовілася падпісаць пратакол прафілактычнай гутаркі», — адказала суддзя.

Лішанкова сказала, што яна як адвакат заўсёды кажа сваім кліентам падпісваць усе працэсуальныя дакументы. «Калі яны з чымсьці не згодныя, яны павінны паказаць гэта ў гэтых працэсуальных дакументах, але ні ў якім разе не адмаўляцца ад падпісання дакументаў», — кажа яна і тлумачыць, што таму сама не зрабіла б гэтага, бо гэта супярэчыць яе прафесійным правілам. Калі б яна бачыла такі пратакол, яна б яго падпісала і зрабіла б свае заўвагі.

Далей у судзе дапытвалі «сведку Іванова Івана Іванавіча», супрацоўніка Маскоўскага РУУС, ГАМ-2.

Па словах сведкі з прыдуманым імем, каля 22:00 ён прыехаў на ГАМ-2 «па асабістых службовых пытаннях» і знаходзіўся ў кабінеце нумар тры. Ён заявіў, што прафгутарку з Лішанковай праводзіў ён. «Ну я праводзіў», — так адказаў Іван Іванавіч. 

Паводле яго слоў, у прафгутарцы, якой, па версіі Лішанковай, наогул не было, ён распавядаў «аб недапушчэнні захоўвання і распаўсюджвання забароненай сімволікі, інфармацыі, і пра тое, што гэта можа прывесці да адміністрацыйнай адказнасці».

Правесці гэтую гутарку яго нібыта папрасіла яго кіраўніцтва.

«Дзесьці пасядзелі хвілін пяць, і яна стала нецэнзурна выказвацца, спрабавала выйсці з кабінета».

Далей урывак са стэнаграмы:

Абаронца: Спрабавала выйсці з кабінета. Скажыце, а што, яна не магла выйсці з кабінета, не мела права?

Сведка Іваноў: Таму што праводзілася прафілактычная гутарка. На неаднаразовыя просьбы супакоіцца яна не рэагавала.

Абаронца: А скажыце, калі ласка, а што крычала?

Сведка Іваноў: Ну, крычала нецэнзурныя словы. Ну, гучна размаўляла.

Абаронца: Гучна размаўляла. А што казала?

Сведка Іваноў: Ну, «я не згодная».

Абаронца: З чым?

Сведка Іваноў: Ну, з правядзеннем прафгутаркі.

Абаронца: Што яшчэ гучна казала?

Сведка Іваноў: «Я ні ў якіх мерапрыемствах не ўдзельнічала».

Абаронца: Што яшчэ казала?

Сведка Іваноў: «Навошта вы сюды мяне даставілі?».

Абаронца: Што яшчэ?

Сведка Іваноў: Я слаба памятаю ўжо.

Абаронца: Што яшчэ памятаеце?

Сведка Іваноў: Што яна спрабавала выйсці з кабінета.

Абаронца: Не, наконт размовы. Нешта яшчэ памятаеце наконт размовы?

Сведка Іваноў: Ну, яна казала, што яна не згодная. Адмовілася падпісваць прафгутарку.

Абаронца: Што яна адмовілася падпісваць?

Сведка Іваноў: Пратакол.

Абаронца: А спрабавала выйсці з кабінета. Колькі разоў спрабавала?

Сведка Іваноў: Разы два.

Абаронца: Разы два спрабавала. А чаму не змагла? Кабінет замкнёны на ключ?

Сведка Іваноў: Не, ну. Таму што яе не пускалі.

Абаронца: А чаму яе не пускалі? Яна была затрыманая?

Сведка Іваноў: Не, яна была не затрыманая. Яе затрымалі вось калі неаднаразова прасілі супакоіцца. Вось потым, калі яна ўставала, спрабавала выйсці з кабінета, выказвалася нецэнзурна. Тады было прынята рашэнне яе затрымаць.

Абаронца папрасіў назваць нецэнзурныя словы, якія нібыта выкарыстала Лішанкова. 

«Ну «што гэта за хрэнь такая?». «Нахера вы гэта робіце?» — прывёў нібыта словы Лішанковай «Іван Іванавіч», якія яго «абразілі».

Потым Лішанкова нібыта адмовілася падпісваць пратакол прафгутаркі, якую быццам праводзіў «Іваноў».

Са стэнаграмы:

Сведка Іваноў: Даў ручку і паперку. «Згодная, што вось я правёў прафгутарку, вам усё растлумачыў». Яна сказала: «Не згодная».

Абаронца: «Не згодная» сказала, так?

Сведка Іваноў: І паколькі, як я перад тым казаў, спрабавала выйсці, нецэнзурна выказвалася, была прынятая пастанова аб яе затрыманні.

Абаронца: А калі вы склалі гэты пратакол прафгутаркі? Калі гутарылі?

Сведка Іваноў: Вядома.

Абаронца: То-бок вы і праводзілі гутарку, і складалі пратакол?

Сведка Іваноў: Так, чалавеку тлумачыцца, што нельга, што за гэта будзе. І ўсё, складаецца пратакол, імя, прозвішча, дзе жыве.

Тут пытанне задала суддзя.

Суддзя: Скажыце, калі ласка, а пратакол прафілактычнай гутаркі вы складалі?

Сведка Іваноў: Пратакол прафілактычнай гутаркі, так, я.

Суддзя: Да матэрыялаў справы далучаны пратакол прафілактычнай гутаркі. Гэта вы яго складалі?

Сведка Іваноў: Так.

Суддзя: Вы Дуброўскі? (верагодна, дэманструецца сведку пратакол). Гэты пратакол вы складалі?

Сведка Іваноў: Я мог складаць, так, я складаў.

Суддзя: Вось гэты пратакол вы складалі?

Сведка Іваноў: Так.

Суддзя: Вы?

Сведка Іваноў: Так.

Суддзя: Гэта значыць, вы Дуброўскі?

Сведка Іваноў: Не.

Суддзя: Так вы гэты складалі пратакол або [нехта] іншы?

Сведка Іваноў: Ну там былі яшчэ супрацоўнікі, якія таксама прысутнічалі.

Суддзя: Дуброўскі паказаны службовай асобай, які складаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Сведка Іваноў: Аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Суддзя: Гэта вы, у адной асобе?

Сведка Іваноў: Не.

Суддзя: Дык вы сведчыце, што пратакол прафілактычнай гутаркі складалі вы. Тут паказана, што ён складзены іншай службовай асобай. Я таму ў вас пытаюся, вы складалі пратакол прафілактычнай гутаркі?

Сведка Іваноў: Ён знаходзіўся ў кабінеце.

Суддзя: Калі ён там знаходзіўся? Калі вы паведамілі аб супрацьпраўным дзеянні або да гэтага ён знаходзіўся?

Сведка Іваноў: Ён выходзіў, заходзіў.

Суддзя: Дык а вось гэты пратакол вы складалі?

Сведка Іваноў: Так, я.

Суддзя: Дык вы сказалі, што пратакол затрымання не складалі.

Сведка Іваноў: Я складаў.

Суддзя: А пратакол прафілактычнай гутаркі?

Сведка Іваноў: Пратакол прафілактычнай гутаркі — Дуброўскі.

З улікам заканчэння працоўнага часу і наяўнасці супярэчнасцяў у тлумачэннях сведкі ў судовым пасяджэнні абвясцілі перапынак.

Дзень другі

На другі дзень апытвалі «Іванова Івана Іванавіча» і службовую асобу Дуброўскага Андрэя Генадзьевіча, старшага ўчастковага інспектара міліцыі ГАМ-2 Маскоўскага РУУС горада Мінска. 

Са стэнаграмы:

Суддзя: У судовым пасяджэнні сведка, чые даныя пазначаныя як Іваноў, паказаў суду падставы, якія могуць быць ацэненыя як наяўнасць прычын для адводу службовай асобы. Гэта значыць, ён растлумачыў, што вы з'яўляліся сведкам прафілактычнай гутаркі з Лішанковай.

Дуброўскі: Не, не з'яўляўся.

Суддзя: Не з'яўляліся?

Сведка Іваноў: Я хачу патлумачыць.

Суддзя: Вы хочаце даць дапаўненні да сваіх тлумачэнняў?

Сведка Іваноў: Так. Я прашу прабачэння, я памыляўся. У той дзень я праводзіў некалькі прафілактычных гутарак і складаў пратаколы прафілактычных гутарак. Я проста пераблытаў абставіны.

Пасля новых тлумачэнняў суддзя перапытвае:

— Гэта значыць, ці правільна разумее вас суд, што ўчорашнія тлумачэнні па абставінах правядзення прафілактычнай гутаркі вы не падтрымліваеце і настойваеце на дакладнасці сённяшніх?

Сведка Іваноў: Так.

Дуброўскі тлумачыць, што пра абставіны паводзін Лішанковай яму стала вядома з рапарта, які быў складзены Івановым, «з ягоных тлумачэнняў, якія былі запісаныя». І патлумачыў блытанасць паказанняў Іванова:

«Гэта значыць, чалавек, які Іваноў, ён непрацяглы час служыць у органах унутраных спраў, і магу патлумачыць, што нават пры даванні, гэта ў яго наогул, я так разумею, першы раз такое здарылася, калі чалавек, з якім ён працуе, такім чынам пачаў вельмі негатыўна ставіцца да ўсяго, што адбываецца, быў усхваляваны, таму, магчыма, ён і ўчора, як я зразумеў з абставінаў, і сёння даў нейкія тлумачэнні блытаныя».

Далей ідуць дыялогі, якія лепш пачытаць самім, — і як суддзя здымала пытанні, і як выкручваўся Дуброўскі, і як Іваноў не змог ніяк апісаць Лішанкову, а суддзя адхіліла гэтае пытанне, і як у фае, хоць і ўсталяваныя камеры відэаназірання, але не захаваўся патрэбны запіс, а ў кабінеце нумар тры ГОМ-2 камеры не ўстаноўлены. А яшчэ, як нецэнзурныя выразы са словам «хрэнь» сталі літарамі.

На пытанне абаронцы, як «лаялася» Лішанкова, Дуброўскі адказаў, што гэта былі «ў цэлым словы, якія апісваюць сітуацыю, як гэта ўсё надакучыла, як вы надакучылі. І гэтак далей, выкарыстоўваючы словы на літары «Х», «П», «Е». 

«Дык як удзельнікам зразумець? А можа, яны літаратурныя?» — перапытаў абаронца.

«На гэтай стадыі пытанне здымаецца. Прыйшла да высновы службовая асоба, што гэта была нецэнзурная лаянка», — рэзюмавала суддзя.

Нягледзячы на ўсе супярэчнасці з боку «сведкі Іванова», нягледзячы на тое, што спадар Дуброўскі, згодна з пратаколам, праводзіў гутарку з Лішанковай, аднак у судовым пасяджэнні ён растлумачыў, што прафгутарку не праводзіў, нягледзячы на недаказанасць, неўстаноўленасць нібыта нецэнзурных слоў, якімі слова «хрэнь» лічыцца не можа, суд пастанавіў: Лішанкову Таццяну Віктараўну на падставе артыкула 19.1 КаАП падвергнуць адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе адміністрацыйнага арышту на 15 сутак.

Сапраўдная прычына незаконнага і цынічнага арышту адвакаткі Таццяны Лішанковай, здаецца, у тым, што яна абараняе арыштаваную па палітычных матывах праваабаронцу Настассю Лойку, якую цяпер лукашэнкаўцы спрабуюць зламаць.

Клас
12
Панылы сорам
48
Ха-ха
2
Ого
10
Сумна
14
Абуральна
160