Следчыя яшчэ высвятляюць абставіны здарэння.
Паводле афіцыйнай версіі, каля 23:50 на калядную куццю невядомы адкрыў агонь па людзях, якія стаялі ля ўвахода ў паб Lighthouse у раёне Уоласі-віладж, а праз некалькі хвілін з паркоўкі паба выехала машына цёмнага колеру (магчыма, «Мэрсэдэс» S-класа).
Цяпер паліцыянты шукаюць кіроўцу гэтага аўтамабіля. У раёне паба вядзецца ўзмоцненае патруляванне.
Адна з куль трапіла ў галаву 26-гадовай жанчыне. Яна памерла ў бальніцы.
Таксама было паранена чацвёра мужчын. Стан аднаго з іх характарызуецца як цяжкі.
«Ход расследавання будзе моцна залежаць ад таго, якую інфармацыю мы атрымаем ад грамадскасці, і я заклікаю ўсіх, у каго ёсць нейкая карысная інфармацыя, звязацца з намі, каб мы змаглі пакараць адказных за гэта жахлівае забойства маладой жанчыны напярэдадні Калядаў», — заявіла на прэс-канферэнцыі намеснік шэфа паліцыі графства Джэні Сімс.
Уладальнікі паба Lighthouse заявілі, што цалкам шакаваныя тым, што адбылося, і назвалі напад трагедыяй, якая не паддаецца апісанню.
Летась у графстве Мерсісайд, якое побач з Ліверпулем, адбылося некалькі гучных забойстваў з ужываннем агнястрэльнай зброі. Урад ініцыяваў рэгіянальную праграму па барацьбе з узброенымі нападамі, вылучыўшы на яе больш за 350 тыс. фунтаў.
Сярод забітых у графстве летась была дзевяцігадовая Алівія Прэт-Корбел. Яна была забітая ў сваім доме, дзе спрабаваў схавацца мужчына, якога пераследаваў узброены чалавек.
За дзень да забойства дзіцяці ў Ліверпулі была застрэленая 28-гадовая Эшлі Дэйл.