Былы японскі прэм'ер-міністр, Дзюн'іціра Кoідзумі не перапусціў магчымасці вярнуцца да пасады кіраўніка… ну, хоць якой дзяржавы:
надоечы ў сваім інтэрв'ю ён паведаміў, што агучыць караля іншапланетнага племені ўльтра-людзей у дзіцячым фантастычным фільме.

Кoідзумі возьме чынны ўдзел ў стужцы «Ультра-Галактыка: бой звышпачвараў», што цяпер здымаюць японскі філіял кінастудыі «Братоў Уорнераў» ды які пабудаваны на паспяховым тэлесерыяле «UltraMаn».

«На кастынгу мы паслухалі колькі кандыдатаў і нарэшце прыйшлі да высновы, што толькі Коідзумі зможа перадаць велічны голас караля, які аб'ядноўвае і гуртуе вакол сябе племя Ультра-людзей і настройвае яго супраць супраць ворагаў, сярод якіх пракідваецца лютая касмічная пачвара», — сказаў брытанскай газеце «Тэлеграф» адзін з прадусараў стужкі.

Прыхільнікі Кoідзумі, а таксама фантастычнай стужкі, крыху расчараваныя: былы спадар прэм'ер-міністар не мае намераў пераапранацца ў срабрысты касцюм супер-героя ды будзе адно займацца агучваннем.

67-гадовы Кoідзумі, адзін з самых папулярных прэм'ер міністраў Японіі, адышоўся ад палітычнага жыцця адразу пасля выбараў у жніўні гэтага году. Ён быў прэм'ерам-міністрам ад ліберальна-дэмакратычнай партыі ў 2001-2006 гг. Коідзумі вядомы як прыхільнік рэформ, а таксама як аматар гучных палітычных заяваў і даўжэзных дэбатаў. У сваім апошнім інтэрв'ю Куідзы прызнаўся, што агучыць стужку яго пераканаў сын Шындзіра. «Сын сказаў, што калі быў хлопчыкам, дык вельмі любіў глядзець гэты серыял», — сказаў Куідзумі.

Ultraman —дзіцячы серыял у стылі такусацу (стужка пра прыгоды людзей са звышмагчымасцямі), які з поспехам ідзе ў Японіі з 70-х гадоў. Дарэчы, яго час ад часу паказваюць па канале AXN, які транслюецца таксама ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?