Пытанне «аднаўлення» першай мінскай электрастанцыі мае, на маю думку, два вымярэнні. Першае — нарматыўнае, і другое — культуралагічнае.

Збянтэжанасць грамадскасці зразумелая. Аб'ект, афіцыйная гісторыка-культурная каштоўнасць, знесены. Але ж нельга проста так узяць і знесці помнік, які ахоўваецца! І вось аўтары праекта чапляюцца за любімы беларускі прыём — падтасоўку!

Смешна, як дзяржаўныя органы, якія выдалі дазвол на знос, «пераапранаюць» аб'ект у спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Сачыце. Адкрываем спіс за 2019 год: «Комплекс будынкаў былой электрастанцыі» (пр. Незалежнасці, 32б). Спіс за 2022 год: «Фрагмент (галоўны фасад) збудавання трансфарматарнай падстанцыі першай Мінскай электрастанцыі» (пр. Незалежнасці — вул. Янкі Купалы — р. Свіслач).

І ахоўную таблічку не забыліся ўсталяваць. Ахоўваецца дзяржавай! Але ж нехта павінен крыкнуць, што кароль голы.

Які такі фасад? Фасад — гэта частка будынка. А перад намі па сутнасці пано, што ўпрыгожвае падпорную сценку і наогул аддаленае ад першапачатковага месца аб'екта.

Ну так, у вырабе пано былі выкарыстаныя кавалкі аўтэнтычных цаглін. Скажыце дзякуй! А маглі ж і проста намаляваць на плоце, прычым паменшана, прычым ва Уруччы, і таксама б «урачыста адкрылі адноўлены фасад». А чаму не?

Уся гэтая гісторыя, між іншым —

выдатная ілюстрацыя заганнасці беларускай сістэмы аховы спадчыны, якая стварае перашкоды для добрасумленнага інвестара (ёсць прыклады, калі гэтыя перашкоды аказаліся непераадольныя) і, як у гэтым кейсе, аказваецца бяссільнай перад інвестарам вераломным. 

У гэтай падзеі ёсць яшчэ адзін узровень — культуралагічны. Вось па вялікім рахунку, без кручкатворства, «а так можна было»? Усё ж такі людзі ўрачыстую цырымонію зладзілі, ганарацца працай! І ёсць чым!

Я б сказаў, перад намі яскравы прыклад постмадэрнісцкага падыходу. Помнік-сімулякр. Гэта не проста пано — гэта ўжо алтар памяці пра помнік, што экспануе кавалачкі аўтэнтыкі.

Мне здаецца, самае важнае, самае аўтэнтычнае тут — мемарыяльная дошка, ададраная ад знесенага будынка, якая цяпер беражліва захоўваецца ў адмысловай вітрыне з падсветкай побач з пано: «Здесь, на бывшей электростанции №1 в годы фашистской оккупации бесстрашно действовали советские патриоты. В октябре 1943 г. подпольщики К.Р. Волчек и А.Л. Тарлецкий вывели из строя электростанцию. Казнены фашистами в конце 1943 г.».

На ўрачыстае адкрыццё прыехаў нават міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч. Ён падзякаваў усім, хто ўдзельнічае ў аднаўленні «фрагмента электрастанцыі». «Гэта частка нашай гісторыі», — сказаў міністр.

Гэта значыць, савецкія патрыёты назло ворагу коштам жыцця электрастанцыю сапсавалі, а іх нашчадкі-карупцыянеры, спакусіўшыся швейцарскім (першапачаткова нямецкім) брэндавым гатэлем, наогул усё знеслі.

Але гэта не галоўнае. Галоўнае — мы шануем гісторыю! Як кажуць, знарок не прыдумаеш. З'ява, «некрануты цуд прыроды»! Сур'ёзна, гэта ўвойдзе ў падручнікі.

P.S. Там яшчэ перад пано ўсталявалі маленькі макет электрастанцыі з тэкстам на дзвюх мовах. Мусіць, бачылі падобнае недзе ў Еўропе, перанялі. Малайцы! Дык я хачу сказаць, што ў Еўропе такія макеты ставяць у першую чаргу для сляпых, і там абавязкова мае быць інфармацыя шрыфтам Брайля. Але нам, вядома, гэтыя каштоўнасці чужыя. У нас сваё бачанне…

Чытайце таксама:

У Мінску скончылі аднаўляць фасад разбуранай электрастанцыі

Каля «Некемпінскага» ў Мінску паставілі памятны знак знішчанай электрастанцыі 

У Мінску аднаўляюць фрагмент былой электрастанцыі

Клас
18
Панылы сорам
20
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
6
Абуральна
15