Нагадаем: Ксенію Луцкіну, якая ў 2020 годзе працавала ў Белтэлерадыёкампаніі і заняла прынцыповую пазіцыю падчас пратэсных акцый, выкліканых масавымі фальсіфікацыямі вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, абвінавачвалі ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. Паводле версіі следства, яна ўвайшла ў склад Каардынацыйнай рады і ўзначаліла групу інфармацыйнага забеспячэння і супрацьдзеяння дзяржаўным СМІ, займалася стварэннем «грамадскага беларускага інтэрактыўнага тэлебачання».

За час знаходжання за кратамі ў Ксеніі Луцкінай моцна пагоршылася здароўе: абвастрылася бранхіяльная астма, павялічваецца пухліна ў мозгу — у 2014 годзе жанчыне зрабілі аперацыю і выдалілі дзве пухліны ў галаве.

28 верасня Мінскі гарадскі суд прысудзіў журналістцы 8 гадоў зняволення.

На гэтым тыдні Вярхоўны суд разглядзеў апеляцыйную скаргу Ксеніі і пакінуў прысуд без змен, а скаргу без задавальнення. Хутка яе перавядуць у калонію.

— На наступны дзень пасля разгляду апеляцыі дазволілі сустрэчу з Ксеніяй, — кажа Алег Луцкін, бацька журналісткі. — Сустракаліся з ёй у СІЗА я, яе брат і сын Мацвей.

Размова доўжылася дзве гадзіны. Выгляд у дачкі, безумоўна, хваравіты, тым больш што яна не так даўно перахварэла ці то на бранхіт, ці то на запаленне лёгкіх. У звязку з анкалогіяй — гэта наогул жах. Адным словам, складана ёй.

— Пра што, калі не сакрэт, размаўлялі?

— Ксенія, натуральна, вельмі хацела пабачыць сына, тым больш што гэта сустрэча адбылася акурат перад Новым годам. Таму іх спатканне было вельмі душэўным і пранізлівым, як заўсёды, не абышлося без слёз. Пасля супакоіліся, нармальна пагаварылі. А вось перадачу ў гэты дзень не змаглі перадаць, бо было вельмі шмат людзей. Таму давялося нават застацца начаваць у Гомелі, каб перадаць тое, што прасіла Ксенія, на наступны дзень. Акрамя ўсяго іншага, перадалі і навагодняе віншаванне маме ад Мацвея. Таксама перадалі шмат лекаў.

— Калі яе пераводзяць у калонію?

— Вярхоўны суд разглядаў апеляцыю 27 снежня, а ў калонію звычайна пераводзяць праз 9—10 дзён пасля ўступлення прысуду ў законную сілу. Таму, магчыма, да Калядаў дачка патрапіць у месца, дзе яна будзе адбываць пакаранне.

Клас
1
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
24
Абуральна
8