Мемарыял ахвярам Халакосту на беразе Дуная ў Будапешце. Фота: vecteezy

Мемарыял ахвярам Халакосту на беразе Дуная ў Будапешце. Фота: vecteezy

Пінхас Гольдшміт, галоўны рабін Масквы, падаў у адстаўку са сваёй пасады і з'ехаў з Расіі ў ліпені пасля таго, як адмовіўся падтрымаць расійскае ўварванне ва Украіну. Цяпер у выгнанні ён кажа, што яўрэі павінны пакінуць Расію, пакуль яны яшчэ могуць, пакуль іх не зрабілі ахвярнымі казламі за цяжкасці, выкліканыя вайной ва Украіне.

«Калі мы азіраемся на гісторыю Расіі, кожны раз, калі палітычная сістэма была ў небяспецы, вы бачылі, як урад спрабуе перанакіраваць гнеў і незадаволенасць мас на яўрэйскую грамаду, — сказаў Пінхас Гольдшміт. — Мы гэта бачылі і ў царскія часы, і ў канцы сталінскага рэжыму».

«Мы бачым рост антысемітызму, пакуль Расія вяртаецца да новага тыпу Савецкага Саюза, і крок за крокам жалезная заслона зноў апускаецца. Таму я лічу, што найлепшы варыянт для расійскіх яўрэяў — гэта з'ехаць», — дадаў ён у каментары для выдання The Guardian.

«На грамадскіх лідараў ціснулі, каб яны падтрымалі вайну, і я адмовіўся гэта зрабіць. Я падаў у адстаўку, таму што заставацца галоўным рабінам Масквы было б праблемай для грамадства з-за рэпрэсіўных мер, якія прымаюцца супраць іншадумцаў», — сказаў Гольдшміт.

Пінхас Гольдшміт / Фота: Esteehindy, Public domain, via Wikimedia Commons

Пінхас Гольдшміт / Фота: Esteehindy, Public domain, via Wikimedia Commons

Апошняе стагоддзе расійскія яўрэі перыядычна масава эмігравалі, спачатку ў Еўропу і Амерыку, а зусім нядаўна — у Ізраіль. Паводле перапісу 1926 года ў тагачасным Савецкім Саюзе налічвалася 2 672 000 яўрэяў, 59% з іх жылі ва Украіне. Сёння ў Расійскай Федэрацыі засталося толькі каля 165 тысяч яўрэяў са 145 мільёнаў насельніцтва.

Гольдшміт лічыць, што з пачатку вайны ад 25 да 30% тых, хто застаўся, з'ехалі або збіраліся гэта зрабіць, хоць цяпер было мала рэйсаў з Масквы, а цана на рэйс у Тэль-Авіў вырасла ў чатыры разы, прыкладна да 2000 долараў. У ліпені ўрад Расіі закрыў расійскае аддзяленне Яўрэйскага агенцтва, некамерцыйнай арганізацыі, якая спрыяе іміграцыі ў Ізраіль.

«Ёсць частка расійскага грамадства — creacle — крэатыўны клас лідараў бізнэсу і культуры, інтэлектуалаў і мастакоў, — сказаў Гольдшміт, — і можна з упэўненасцю сказаць, што вялікая частка гэтых людзей з'ехала з Расіі, і гэта ёсць і будзе вельмі шкодным для расійскага грамадства».

Ён сказаў, што значная частка яўрэйскай грамады Украіны таксама з'ехала і цяпер знаходзіцца ў бежанстве ў Германіі, Аўстрыі і Румыніі.

Гольдшміт звяртаў увагу, што Уладзімір Зяленскі, які не хаваў сваіх яўрэйскіх каранёў, быў абраны прэзідэнтам Украіны з больш чым 70% галасоў. Гэты факт сам сабою абвяргае заявы Уладзіміра Пуціна пра тое, што Украінай кіруюць неанацысты: «Пра які нацызм можна тады гаварыць?».

Клас
43
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
0