Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзь Лабковіч. Фота: БелТА

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзь Лабковіч. Фота: БелТА

Праваабаронцаў абвінавачваюць у «кантрабандзе арганізаванай групай» (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 2 арт. 342 КК).

Фота: БелТА

Фота: БелТА

Трое вясноўцаў утрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 года — ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення. 

Таксама ў рэжыме спецвытворчасці судзяць і Змітра Салаўёва, якому пашчасціла з'ехаць за мяжу.

Прыйшла і першая інфармацыя з суда: «вясноўцы» патрабуюць зняць з іх кайданкі і весці працэс па-беларуску.

Суд праходзіць у адкрытым рэжыме, піша «Вясна». Усіх прысутных перапісалі. На суд прыйшлі прадстаўнікі дзяржаўнай прапаганды.

Прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса не пусцілі.

Алесь, Уладзь і Валянцін размаўляюць з суддзёй Марынай Запаснік на беларускай мове. На судзе праваабаронцы заявілі хадайніцтвы, сярод якіх — весці судовы працэс на беларускай мове і зняць кайданкі, бо гэта прыніжае іх годнасць.

Суддзя Марына Запаснік адмовіла ў хадайніцтве весці працэс на беларускай мове.

Бяляцкі заявіў таксама хадайніцтва даць перакладчыка з рускай на беларускую. Суд і гэтае хадайніцтва не задаволіў.

Інтарэсы на судзе Змітра Салаўёва прадстаўляе прызначаны следствам адвакат.

Фота: sb.by

Фота: sb.by

Абаронца Алеся Бяляцкага заявіла хадайніцтва аб змяненні яго меры стрымання на не звязаную з пазбаўленнем волі. Марына Запаснік не задаволіла хадайніцтва. 

Пракурор Аляксандр Кароль у сваю чаргу заявіў, што «матэрыялы справы сведчаць пра тое, што Бяляцкі можа схавацца ад правасуддзя», і ён «не бачыць падстаў для змены яму меры стрымання».

Фота: sb.by

Фота: sb.by

Такое ж хадайніцтва заявіла абаронца Валянціна Стэфановіча. Суддзя Марына Запаснік таксама адмовіла ў задавальненні гэтага хадайніцтва.

На суд прыйшла таксама прапагандыстка Алена Красоўская, якая раней называла сябе праваабаронцай, а цяпер піша артыкулы для «Беларусь Сегодня». Яна і цяпер з зала суда піша артыкул на sb.by пра суд над вясноўцамі.

Валянцін Стэфановіч заявіў хадайніцтва, каб Красоўскую выдалілі з працэсу, бо яна давала паказанні па справе як сведка пад іншым прозвішчам — «Карповіч».

Але суддзя не задаволіла гэтае хадайніцтва, бо нібыта гэта здагадкі праваабаронцы. Але было пацверджана, што сапраўды прозвішча і імя некаторых сведак мянялі «з-за іх бяспекі».

Пракурор Кароль зачытваў абвінавачванне праваабаронцам паўгадзіны — у судзе абвясцілі перапынак на абед.

Алесь Бяляцкі заявіў, што не паспеў азнаёміцца з больш чым 70 тамамі і прасіў даць яму час на азнаямленне з матэрыяламі справы.

Суд заявіў, што ў яго было дастаткова часу (месяц) для азнаямлення з матэрыяламі справы, і няма падставы для прадастаўлення яму дадатковага часу для азнаямлення. 

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч не прызналі віну ні па адным артыкуле Крымінальнага кодэкса, якія ім ставяцца ў віну.

Абвінавачванні зачытвалі амаль дзве гадзіны.

На працэсе вызначылі наступны парадак судовага следства: адразу дапытаюць сведак, потым вывучаць пісьмовыя матэрыялы справы і пры неабходнасці рэчавыя і ў апошнюю чаргу дапытаюць саміх праваабаронцаў.

На судзе ўжо пачалі дапытваць першага сведку па справе — рэдактара «Народнай Волі» Іосіфа Сярэдзіча. Ён дае паказанні на беларускай мове і кажа, што так як не з'яўляўся супрацоўнікам «Вясны», то не ведае пра дзейнасць арганізацыі.

Пасля таго, як праваабаронцам зачыталі абвінавачванні, Алесь Бяляцкі заявіў, што яму не ў поўнай меры зразумелы тэкст, бо ён быў агучаны на рускай мове.

Суддзя Марына Запаснік сказала, што гэта можна расцэньваць як зацягванне працэсу. Бяляцкі адказаў, што гэта парушэнне яго правоў.

У судзе па «справе Вясны» абвешчаны перапынак да заўтра — 6 студзеня

У судзе па «справе Вясны» абвешчаны перапынак да заўтра — 6 студзеня

Судовы працэс пачнецца заўтра ў 10:30

Па справе ўсяго 283 тамы матэрыялаў па 300 старонак — гэта рэкорд па палітычнай справе, па якой праходзіць каля 100 сведак, было праведзена 120 ператрусаў па ўсёй краіне.

60-гадовы Алесь Бяляцкі не першы раз за кратамі. Улады ўжо арыштоўвалі яго на пачатку 2010-х. Праваабарончы цэнтр «Вясна» Бяляцкі стварыў у 1996-м і дагэтуль застаецца яго кіраўніком. 

Летась праваабаронца стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру разам з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый «Мемарыял» з Расіі і «Цэнтр грамадзянскіх свабод» з Украіны. Ён не змог трапіць на цырымонію — прамову Бяляцкага на ўручэнні «Нобеля» зачытала ягоная жонка.

Адрас для лістоў салідарнасці:

СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Уладзімір Мікалаевіч Лабковіч, Аляксандр Віктаравіч Бяляцкі, Валянцін Канстанцінавіч Стэфановіч.

«Дабро і праўда павінны ўмець абараняць сябе». Нобелеўская прамова Алеся Бяляцкага ПОЎНЫ ТЭКСТ

Клас
5
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
68