Супрацоўнікі Парка высокіх тэхналогій выказваюць сваю пазіцыю. 2020 год

Супрацоўнікі Парка высокіх тэхналогій выказваюць сваю пазіцыю. 2020 год

Апошнія тыдні ў ІТ-кампаніі прыходзяць лісты з Камітэта дзяржаўнай бяспекі са спісамі супрацоўнікаў, якія ў 2020—2021-м рабілі пераводы ў фонды беларускай салідарнасці BySol і ByHelp, які дапамагае ахвярам палітычных рэпрэсій. 

«Натуральна, большасць пераводаў была ад тых, хто мог сабе дазволіць траціць грошы на дапамогу — ад айцішнікаў. За фінансаванне «экстрэмісцкай дзейнасці» прадугледжваецца турэмнае зняволенне. Але кіраўнік ПВТ Усевалад Янчэўскі прыдумаў хітры ход», — расказаў «Нашай Ніве» чалавек з Парка высокіх тэхналогій. 

«Янчэўскі дамовіўся з КДБ, што садзіць людзей не будуць, таму што сфера і так перажыла шмат шокаў за апошнія два гады і страціла вядучыя кампаніі і кадры. Калі ж тысячы людзей — а данацілі дзясяткі тысяч людзей — будуць ведаць, што над імі вісіць меч пасадкі за данат, то здарыцца чарговая хваля міграцыі. Янчэўскі прыдумаў схему, якая спадабалася наверсе», — дадае суразмоўца. 

Лукашэнкаўцы цяпер рассылаюць па ІТ-прадпрыемствах спісы супрацоўнікаў і прымушаюць іх, «каб пазбегнуць далейшых праблем», перавесці суму даната ў дзесяцікратным памеры на ўказаны рахунак. 

Рахункі розныя. 

Што будзе з тымі, хто адмовіцца плаціць па мульціплікатары, невядома. 

Частку з тых, хто ахвяраваў, выклікаюць на размовы ў КДБ.

«Лічыцца, што правільная тактыка тут — прыкідвацца дурачком і казаць, што быў не ў курсе пра «злачынную дзейнасць «Байсол» і «асабліва не ўчытваўся ў тое, на што просяць грошы — думаў, што ахвярую на дапамогу інвалідам», — кажа суразмоўца. 

Лукашэнкаўцам вядомыя тыя пераводы, якія рабіліся з беларускіх плацежных карт і рахункаў, калі фонд яшчэ не быў прызнаны лукашэнкаўцамі «экстрэмісцкім». Пераводы з карт, эмітаваных замежнымі банкамі, яны бачыць не маглі.

Фонды BySol і ByHelp дапамаглі дзясяткам тысяч ахвяр палітычных рэпрэсій і іх сем'ям — арыштаваным і звольненым з працы. Эфектыўнасць і адвага, з якой дзейнічаў фонд, зрабіла яго адной з галоўных цэляў для лукашэнкаўскіх спецслужбаў.

Наданне законам «зваротнай сілы» стала ў Беларусі сістэмнай з'явай. 

Кіраўнік BySol Андрэй Стрыжак выключае ўцечку дадзеных пра людзей, якія данацілі, з баз даных фонду. Ëн мяркуе, што гаворка пра данаты з рахункаў у беларускіх банках.

«Мы настойліва рэкамендуем пакінуць краіну тым, каго выклікаюць на «размову». Ніхто не ведае, чым яна скончыцца канкрэтна для вас», — напісаў Стрыжак у сваім тэлеграм-канале.

Клас
7
Панылы сорам
16
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
6
Абуральна
110