Маці гвалтоўна выкрадзенага ў 2000 годзе тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага апошнія гады была прыкаваная да інваліднага крэсла. У яе проста грымучая сумесь сур'ёзных дыягназаў — цукровы дыябет, анкалогія, дыфузная полінейрапатыя (калі паступова адмаўляюць рукі-ногі). Вольга Рыгораўна прайшла дзясяткі сеансаў хіміятэрапіі, апрамяненне.

Сёння Вольга Рыгораўна не можа перасоўвацца нават пры дапамозе хадункоў. Яна адмовілася ад хіміятэрапіі.

Размаўляць ёй вельмі цяжка, яна прамаўляе фразы нараспеў, мабыць, сабраўшы ўсе свае сілы. І кажа вельмі павольна.

«Яна трохі горш стала гаварыць, — расказвае «Народнай волі» яе муж Сяргей. — Шмат яна вам, вядома, не раскажа, але ўсё выслухае, зразумее, усміхнецца. Вольга Рыгораўна наогул не ходзіць, увесь час ляжыць, але, калі кармлю, я, вядома, стараюся яе пасадзіць. Трохі горш бачыць стала…

З кастрычніка мінулага года ёй далі першую групу інваліднасці. На другой групе яна прабыла пяць гадоў без аднаго месяца…

Два гады таму мы цалкам адмовіліся ад хіміятэрапіі. Розныя схемы тэрапіі ёй прызначалі — нешта дапамагло, ад чагосьці горш стала.

Яе паставілі на ўлік у хоспіс. У Вольгі Рыгораўны пухліна галаўнога мозгу, яна часам скардзіцца на болі. На шчасце, для купіравання прыступаў пакуль атрымоўваецца абыходзіцца таблеткамі. Дактары кажуць, што, калі таблеткі перастануць дапамагаць (іх можна шэсць штук у суткі прымаць, але мы пакуль адной-дзвюма абыходзімся), будуць прыязджаць калоць ужо самыя моцныя абязбольвальныя. Мы неяк «хуткую» выклікалі, загаварылі з фельчарам пра хоспіс, дык яна сказала, што, маўляў, калі ёсць магчымасць абыходзіцца без хоспіса, лепш без яго… Я пагадзіўся. Таму мы з Вольгай такі варыянт нават і не разглядаем. Справімся!

Пакуль самае складанае — каб паела, бо пасля ежы яна як быццам кашляць пачынае…

Што дактары кажуць? Мы да іх цяпер рэдка ходзім. Раней рэгулярна ездзілі на кансультацыі, але кожны раз — новы доктар, які не ведае ўсёй гісторыі хваробы, чытае медкарту ў камп'ютары. Ну што ён за пяць-дзесяць хвілін вывучыць?.. Таму мы пакуль самі спраўляемся. Слава богу, няма рэцыдываў. Так што ў нас няхай і не залатая, але сярэдзіна. Жывём паціху!..

Сёмы год пайшоў, як яна гераічна змагаецца з сур'ёзнымі хваробамі».

Па словах Сяргея, у апошні час ніякіх паведамленняў ад афіцыйных органаў, звязаных з расследаваннем крымінальнай справы Дзмітрыя Завадскага, на імя Вольгі Рыгораўны не паступала: «Раней былі проста адпіскі, а цяпер наогул нічога. Быццам забыліся ўсе. Мы наогул апошнія гады жывём вельмі адасоблена, нават не тэлефануе ніхто, акрамя блізкіх. Ці то ўсе з'ехалі, ці то баяцца…»

«Сяргей, абдымайце моцна Вольгу Рыгораўну, хай усё ў вас будзе добра!» — кажу на развітанне мужу Вольгі Завадскай.

«Чула? — тут жа з усмешкай перапытвае Сяргей жонку. — Будзеш абдымацца?»

«Буду!» — імгненна адказвае яна…

«Вольга Рыгораўна — малайчына: стаічна пераносіць усе нягоды, нягледзячы ні на што, не маркоціцца, — кажа Сяргей. — Ёй сілы волі не займаць — у гэтым сэнсе ў яе характар вельмі моцны. Я таксама, гледзячы на яе, стараюся не губляць аптымізму. Гэта лепш, чым слёзы выціраць. Прарвёмся!»

Клас
28
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
111
Абуральна
5