Мінск, 2020 год. Фота са старонкі ініцыятывы BY_help у фэйсбуку

Мінск, 2020 год. Фота са старонкі ініцыятывы BY_help у фэйсбуку

Працягваецца разгорнутая органамі аховы ўлады Аляксандра Лукашэнкі кампанія па рэкеце айцішнікаў, якія адзначыліся данатамі на падтрымку рэпрэсаваных у 2020-м і 2021-м. 

Чытайце таксама: Крыніцы: Янчэўскі прыдумаў, каб праграмістаў за данаты 2020-га не садзілі, але здзіралі кампенсацыю ў дзесяціразовым памеры

Як стала вядома «Нашай Ніве», у асобных ІТ-кампаніях практыка дзесяцікратнага мультыплікатара спрацоўвае толькі пры данатах ад ста даляраў. 

А як быць з тымі, хто данаціў менш, скажам, 30 рублёў? Вызначылі ніжнюю планку. 

«Тысяча даляраў — гэта ніжняя планка кампенсацыі, нават калі данаціў толькі 15 даляраў», — паведамілі «Нашай Ніве» абазнаныя суразмоўцы. 

Чытайце таксама: Стала вядома, як КДБ вылічвае тых, хто данаціў у BySol

З улікам таго, што ўсяго на BySol i BY_help ахвяравалі больш за 60 тысяч чалавек, лукашэнкаўцы хочуць сабраць у выглядзе штрафаў дзясяткі мільёнаў даляраў. І гэта не гарантуе, што ў будучыні на тых жа людзей не завядуць яшчэ і крымінальную справу — яны ж прызнаюць, што ахвяравалі грошы ў фонды.

Што будзе з тымі, хто адмовіцца плаціць па мультыплікатары, невядома. 

Частку з тых, хто ахвяраваў, выклікаюць на размовы ў КДБ.

Лукашэнкаўцам вядомыя тыя пераводы, якія рабіліся з беларускіх картак. Фонды BySol і BY_help дапамаглі дзясяткам тысяч ахвяр палітычных рэпрэсій і іх сем'ям — арыштаваным і звольненым з працы. Эфектыўнасць і адвага, з якой дзейнічалі фонды, зрабілі іх адной з галоўных цэляў для лукашэнкаўскіх спецслужбаў.

«Мы настойліва рэкамендуем з'ехаць з краіны тым, каго выклікаюць на «размову». Ніхто не ведае, чым яна скончыцца канкрэтна для вас», — напісаў кіраўнік BySol Андрэй Стрыжак у сваім тэлеграм-канале.

«Ці працягвае BY_help працаваць? — Так, працягвае. І ніколі не спыняўся, — піша са сваёй фэйсбук-старонкі фундацыя BY_help. — Чым мы дапамагаем? — Мы выцягваем з фінансавай ямы тых, каго нашая «гасударсьцьва» спрабуе літаральна пазбавіць усяго. Штрафы, пазовы, дапамога палітычным, адвакаты».

На 2020 год BySol і BY_help дзейнічалі на законнай аснове. Наданне новапрыманым законам «зваротнай сілы» стала ў Беларусі сістэмнай з'явай. 

Ведаеце важнае, ведаеце цікавае, што варта ведаць усім? Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ @nn_editor, на [email protected] ці [email protected]. Калі пішаце ў ТГ, выдаляйце чат пасля сувязі. Альбо пішыце асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (лепш — у сігнал ці тэлеграм).

Клас
4
Панылы сорам
20
Ха-ха
7
Ого
2
Сумна
6
Абуральна
121