Супрацоўнікі Службы аховы дзяржмяжы паведамляюць, што 29 снежня арганізавалі аперацыю па затрыманні кантрабанды. Перахоп незаконнага грузу ажыццяўляўся пры супрацоўніцтве з мытнікамі і супрацоўнікамі ўпраўлення бяспекі кампаніі ЛЧ.

У Вільні на чыгуначнай станцыі Панярай памежнікі праверылі тры вагоны грузавога цягніка, які стаяў там. Ён прыехаў у Літву з Беларусі праз КПП Стасілас. У памежнікаў узнікла падазрэнне, што ў вагонах можа быць схаваная кантрабанда.

У ходзе надгляду ў вагонах знайшлі вялікія мяшкі з грануламі сланечніка, сярод якіх былі скрынкі з цыгарэтамі.

У астатніх вагонах кантрабанды не было. Камуфляж — сыпкі груз — у трох вагонах, як потым высветлілася, важыў цэлых 66 тон. На станцыі выгрузіць і пералічыць усё гэта не ўдалося. Тры вагоны з кантрабандай былі адчэпленыя і адпраўленыя па чыгунцы ў Кену.

У трох затрыманых памежнікамі вагонах было схавана 672 000 пачкаў розных відаў кантрабандных цыгарэт з беларускімі этыкеткамі. Кошт такога грузу ў Літве з улікам усіх абавязковых падаткаў складае больш за 2,6 млн еўра. Гэта найбуйнейшы перахоплены кантрабандны груз за ўсю гісторыю працы Службы аховы дзяржмяжы з 2000 года.

Распачатае дасудовае расследаванне па факце незаконнага збыту акцызных тавараў. 

У 2022 годзе памежнікі прадухілілі траплянне на чорны рынак 4 322 114 пачкаў цыгарэт, абсалютная большасць якіх была прывезена з Беларусі. Гэта была самая вялікая гадавая колькасць нелегальных цыгарэт, затрыманых за больш чым два дзесяцігоддзі. Рост звязваюць з новымі і больш эфектыўнымі мерамі пагранічнай аховы і перахопам вялікіх партый тытунёвых вырабаў, якія перавозяцца цягнікамі з Беларусі. У 2022 годзе памежнікі выявілі 51 выпадак кантрабанды па чыгунцы і такім чынам затрымалі амаль 3 мільёны пачкаў цыгарэт (гэта 67 працэнтаў ад агульнай колькасці цыгарэт, канфіскаваных літоўскай службай). Цыгарэты беларускай вытворчасці звычайна перавозяць таварнымі вагонамі ў Літву, хаваючы іх у навалачных грузах (трэска, габлюшка, палеты і г.д.).

Клас
12
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0