Паліцыя графства Ланкашыр на паўночным захадзе Англіі заявіла, што выпісала штраф «42-гадоваму мужчыну з Лондана».

Штраф за непрышпілены рэмень бяспекі ў аўтамабілі, які рухаецца, — 100 фунтаў. Ён можа ўзрасці да 500 фунтаў у выпадку, калі парушальнік звернецца ў суд, але будзе прызнаны вінаватым.

У заяве Даўнінг-стрыт гаворыцца, што Сунак «цалкам прызнае сваю памылку, прыносіць прабачэнні» і заплаціць штраф.

Прэм'ер-міністр, як сцвярджаецца, адшпіліў рэмень бяспекі на час здымак промароліка ў графстве Ланкашыр аб праграме брытанскага ўрада па развіцці рэгіёнаў.

Гэта другі штраф Сунака за час яго працы ва ўрадзе. У красавіку мінулага года ён быў аштрафаваны разам з Борысам Джонсанам і яго жонкай Кэры за парушэнне каранцінных правілаў, уведзеных на час пандэміі. Гаворка ідзе пра адну з вечарынак на Даўнінг-стрыт падчас лакдаўна: Сунак удзельнічаў у святкаванні дня народзінаў тагачаснага прэм'ер-міністра ў чэрвені 2020 года.

У партыі ліберал-дэмакратаў ужо заявілі, што, стаўшы другім прэм'ерам у гісторыі, аштрафаваным паліцыяй, Сунак «прадэманстраваў такую ж непавагу да правілаў, як і Борыс Джонсан».

«Яны паводзяць сябе так, быццам для іх закон адзін, а для астатніх іншы, але гэты штраф — знак таго, што кансерватары ў выніку панясуць заслужанае пакаранне», — сказала лідар партыі Дэйзі Купер.

У партыі лейбарыстаў заявілі, што скандал са здымкамі ператварыў прэм'ер-міністра ў «пасмешышча».

Раней дэпутат парламента ад Кансерватыўнай партыі (яе ўзначальвае Сунак) Саўт Бентан выказаў здагадку, што паліцыя Ланкашыра дарэмна марнуе свой час, расследуючы інцыдэнт.

«Пераважная большасць людзей падумала б, што палітычна матываваныя скаргі на рамяні бяспекі — гэта неэфектыўнае выкарыстанне рэсурсаў», — сказаў ён.

Клас
4
Панылы сорам
2
Ха-ха
4
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
0