Праект рэканструкцыі даволі аб’ёмны, разлічаны на тры этапы. Інтэр’ерныя залы — гэта завяршэнне першага этапу будаўнічых работ. 

Музейныя экспазіцыі ў шасці залах Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея адкрыты ў Старым замку год назад. Тут паказана гісторыя будаўніцтва замка, жыццё старога горада, эпоха караля Стэфана Баторыя і іншыя тэмы. 

У новых залах акцэнт робіцца менавіта на інтэр’еры — столь, падлогу, мэблю, абсталяванне. Падчас рэканструкцыі кожнай залы спецыялісты «Белрэстаўрацыі» ўлічвалі мноства гістарычных і мастацкіх нюансаў. Напрыклад, у капліцы вокны ўпрыгожваюць яркія каляровыя вітражы, вышэй, у нішах, размешчана дваццаць маляўнічых карцін, якія расказваюць пра жыццё святога Стэфана. Магчыма, у гонар гэтага святога і была асвечана капліца замка караля Стэфана Баторыя. Тут праходзілі каралеўскія месы. Увесь інтэр’ер — поўная копія тых рэчаў, якія былі тут раней. Звяртае на сябе ўвагу так званы паставец, ці камода, рэч антыкварная — ХVIII стагоддзя. А вось аналой — навадзел, хаця і адпавядае форме тых часоў. 

Адным з самых унікальных элементаў гэтага памяшкання можна лічыць фрэскавы роспіс з раслінным арнаментам, які захаваўся з ХVI стагоддзя. Гэтая фрэска была выяўленая падчас работ пад некалькімі пластамі сучаснай тынкоўкі.

Яшчэ адно ўпрыгожанне капліцы — унікальная печ. Дарэчы, у Старым замку шэсць розных печаў.

Дырэктар музея Юрый Кітурка звяртае ўвагу на тую, што знаходзіцца ў пакоі каралеўскага сакратара. На сёння выдзелена прыкладна 40 набораў печаў, якія існавалі на тэрыторыі ВКЛ у Сярэднявеччы. У Беларусі яны добра вывучаныя, і калі падчас раскопак знаходзіцца невялікі адбітак старажытнай кафлі, гэта значыць, што тут была такая печ. І падчас рэстаўрацыі да яе падбіралася менавіта такая кафля. Такім чынам печ у пакоі ўнікальная, партрэтная — ёсць нават выявы вядомых людзей старажытнасці.

У каралеўскай лазні стаяць вялікія драўляныя балеі. Кажуць, што каралі тых часоў вельмі любілі гэта, некаторыя прымалі водныя працэдуры амаль штодзённа. Сцены ў лазні дэкарыраваны драўлянымі дубовымі панэлямі з раслінным арнаментам. Дарэчы, інтэр’еры новых залаў максімальна набліжаны да тых, якія былі падчас праўлення Стэфана Баторыя. 

Як расказаў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк, аднаўленне замка вядзецца ў рамках Дзяржаўнай і абласной інвестыцыйных праграм. На гэтыя мэты накіравана 34 мільёны рублёў, траціна гэтых сродкаў асвоена ў мінулым годзе. 

Інтарэс да замка пастаянна расце. Калі музейная экспазіцыя толькі адкрылася, за два месяцы яе наведалі 12 тысяч чалавек, а за такі ж перыяд 2022 года колькасць наведвальнікаў вырасла больш чым у 10 разоў і дасягнула 140 тысяч.

— Стары замак з’яўляецца прыкладам захавання гістарычнай спадчыны Беларусі, — падрэсліў Віктар Пранюк. — Работы па аднаўленні пачаліся ў 2017 годзе, а да гэтага была праведзена вялікая даследчая работа па вывучэнні гістарычных матэрыялаў. Інстытут «Грамадзянпраект» у праектаванні выкарыстаў самыя сучасныя тэхналогіі. Гэта 3D—сканаванне, глыбокае свідраванне, захаванне ўсіх артэфактаў, якія знаходзяцца ў Замкавай гары. Прыменены сучасныя тэхналогіі, каб не разбурыць тое, што ёсць, а аднавіць інтэр’ер Старога замка.

Як падкрэсліў намеснік міністра культуры Беларусі Сяргей Саракач, вядзецца работа па падрыхтоўцы да рэалізацыі другога этапу рэканструкцыі Старога замка. Гэта самы складаны этап работ, які ўключае аднаўленне каралеўскага палаца і флігеля. Цяпер вядуцца праектныя работы. Сучасная рэканструкцыя павінна вярнуць Старому замку тое велічнае аблічча, якое ў свой час хацеў ажыццявіць Стэфан Баторый.

Клас
31
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
3