Сталіца Беларусі — ідэальны кірунак для масквічоў, якія пакутуюць ад санкцый, піша выданне.

«Быццам недалёка, усюды прымаецца карта «Мір», ніхто коса не глядзіць, ежа смачная і адчувальна танней, жыллё даступнае, а галоўнае — за два дні ў мясцовых банках можна аформіць валютныя карты Visa і Mastercard і расплачвацца імі ў любой частцы свету. Так што нядзіўна, што цяпер у Мінску амаль палова машын з расійскімі нумарамі».

Аўтарка артыкула расказвае пра сваю паездку на навагоднія святы. Дзеліцца, што таксі «Яндэкс» камфорт-класа каштуе смешныя па маскоўскіх мерках грошы, што ў «Васількі», дзе смачная нацыянальная ежа, лепш броніць столікі, бо чэргі.

Праўда, ёсць мінус — многія ўстановы ў горадзе зачыняюцца ў 23:00.

Але можна пайсці на Зыбіцкую.

«Там нават у найцішэйшую мінскую ноч будуць з дынамікаў гарлапаніць сумнеўныя хіты 30-гадовай даўніны, міргаць чырвонымі агнямі Private House (кажуць, што гэта бар і кальянная, але мы зайсці не рызыкнулі), стаіць чарга на фэйскантроль у клуб «Туманы», вабіць неонавымі ружовымі вуснамі бар «Мама Стыфлера», а ў велізарных вокнах Joker/Poker Club будуць міргаць гульнявыя аўтаматы.

І ў які бок ты б ні пайшоў ад Зыбіцкай, праз 20 хвілін ногі абавязкова прывядуць да казіно. Але не чакайце Лас-Вегаса, тут усё больш сціплае, адразу ўсплываюць вобразы ўжо Масквы пачатку 1990-х, калі ўсе гэтыя Casino Royal і Shangri La яшчэ не зіхацелі як навагоднія елкі, а толькі-толькі рабілі першыя нясмелыя крокі ў мастацтве ілюмінацыі», — апісвае аўтарка.

Далей яна расказвае, як расіянам зрабіць даляравую картку Mastercard і куды можна схадзіць на шопінг. Канечне, разлічваць на «багацце далютаўскай Масквы» не варта, заходніх брэндаў малавата, піша аўтарка.

«Пацешна, што амаль усе пакупнікі — расіяне, гатовыя ледзь не вырываць адно ў аднаго патрэбныя памеры, так што да стэлажоў з рэчамі проста не падысці.

І на увесь гэты вэрхал са здзіўленнем глядзяць прадаўцы: як высветлілася, беларусы не фанаты гэтых брэндаў і проста не разумеюць звязаны з імі ажыятаж», — дзеліцца яна ўражаннямі ад паходу ў Zara.

І раіць не ігнараваць мінскі ГУМ: «Вы трапіце не ў пафасны ўнівермаг з прыгожымі вітрынамі, а ў самы прасцяцкі вялікі магазін, які ажыўляе ўспаміны пра суровыя 1990-я.

Каля раскошнай мармуровай лесвіцы прадаюцца на вагу яблыкі і мандарыны, якія дастаюць з кардонных каробак і кладуць на жалезныя механічныя шалі. Аддзел паліто, аддзел сумак, аддзел бялізны — у кожным пануе свой асаблівы пах, які не выпаліць нічым з памяці ў тых, хто нарадзіўся да 1980-га. Штучны мех, штучная скура, шчыльная фарбаваная бавоўна — гэта водары савецкага часу, ілюзорнага багацця, калі быццам усё ёсць, але насіць гэта нельга». 

Затое тут можна знайсці танныя рэчы, падсумоўвае аўтар.

label.reaction.like
label.reaction.facepalm
label.reaction.smile
label.reaction.omg
label.reaction.sad
label.reaction.anger

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?