Фота: Алекс Элінгхаўзен / Financial review

Фота: Алекс Элінгхаўзен / Financial review

Торын Брамфет названая аўстралійкай 2023 года за сваю працу над пазітыўным стаўленнем да цела, заснаваную на яе стужцы 2016 года «Абдымкі» (Embrace). З таго часу яе работы паглядзелі мільёны людзей на Netflix. У верасні яна таксама выпусціла дакументальны фільм Embrace Kids для дзяцей ад 9 да 14 гадоў — у ім яна вучыць дзяцей шанаваць сваё цела.

Прымаючы ўзнагароду на цырымоніі ў Канберы, Брамфіт звярнула ўвагу на тое, што вельмі важна вырашаць праблемы з вобразам цела ў моладзі.

«Мы сутыкнуліся з надзвычайнай сітуацыяй у педыятрыі, з рэзкім ростам колькасці самагубстваў, дэпрэсіі, разладаў харчовых паводзінаў, звязаных з незадаволенасцю сваім целам», — сказала Торын.

Старшыня Нацыянальнай рады Дня Аўстраліі Даніэль Рашэ сказала, што праца Брамфіт выклікала значныя змены на асабістым узроўні ў шматлікіх аўстралійцаў і людзей ва ўсім свеце.

«Торын натхніла мільёны жанчын ва ўсім свеце адчуваць сябе камфортна ва ўласным абліччы», — сказала Рашэ.

Торын Брамфет з прэм'ер-міністрам Аўстраліі Энтані Альбанэзэ падчас уручэння ўзнагароды «Аўстраліец года». Фота: Georgia Roberts / ABC news

Торын Брамфет з прэм'ер-міністрам Аўстраліі Энтані Альбанэзэ падчас уручэння ўзнагароды «Аўстраліец года». Фота: Georgia Roberts / ABC news

45-гадовая маці чатырох дзяцей, Торын Брамфет хоча даць і сваім дзецям «даспехі», каб абараніць іх ад няспыннай рэкламы дыетычнай і касметычнай індустрыі і сацыяльных сетак, піша ABC news.

«Мы можам не дапусціць таго, каб дзіця вырасла з дысфункцыянальнымі адносінамі са сваім целам, бо мы не нарадзіліся з нянавісцю да свайго цела», — кажа Торын.

Па яе словах, віна не толькі на сацыяльных сетках, але часткова і на выбары саміх людзей, бо яны рашаюць, на якія акаўнты ім падпісацца.

Торын заклікала моладзь сачыць за акаўнтамі, якія натхняюць іх быць лепшымі людзьмі, замест таго, каб засяроджвацца на знешнім выглядзе.

Брамфет таксама адзначыла, што бацькі павінны даваць дзецям прыклад станоўчага стаўлення да ўласнага цела, нават калі часам яны адчуваюць сябе няшчаснымі з-за таго, як выглядаюць.

Фота: архіў Торын Брамфіт / ABC news

Фота: архіў Торын Брамфіт / ABC news

Прайшло 10 гадоў з таго часу, як нетыповая фатаграфія спадарыні Брамфіт «да і пасля» прыцягнула сусветную ўвагу.

На фота «да» яна стаіць на сцэне ў бікіні на спаборніцтвах па бодзібілдынгу. Яна ўсміхаецца, але, па словах Торын, менавіта ў той момант яна зразумела, што гадзіны штодзённых фізічных практыкаванняў і абмежаванне ў ежы не зрабілі яе шчаслівай.

«Маё «пасля» такое, як я цяпер: цэлюліт, расцяжкі, зморшчыны, усё такое», — кажа Торын.

«Што само па сабе вар'яцтва? Жанчына вучыцца абдымаць сваё цела, і гэта становіцца неверагоднай навіной у большасці краін свету».

Мужчыны таксама не застрахаваныя ад парушэнняў у адносінах са сваім целам. У размовах з Торын мужчыны і хлопчыкі распавядалі ёй пра свае трывогі, звязаныя з аблысеннем або недастаткова вялікімі мускуламі.

«Гэта часта падаўляецца. Яны не дзеляцца сваімі думкамі, але ёсць шмат рэчаў, якія іх таксама засмучаюць і стрымліваюць», — кажа Торын.

«Я думаю, што мы ўсе павінны ўдзельнічаць у гэтай размове, калі сітуацыя датычыць выгляду цела. Гэта не толькі для жанчын, гэта для ўсіх».

Пасля поспеху стужак, прысвечаных жанчынам і дзецям, рэжысёр і актывістка плануе зняць фільм, прысвечаны і мужчынам. Аднак пакуль, як аўстралійка года, яна засяродзіць сваю ўвагу на працы з дзецьмі — у гэтым кірунку Торын ужо аб’ядноўвалася з экспертамі, каб стварыць адмысловую кнігу для бацькоў і бясплатны даследчы цэнтр.

Клас
7
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0