Фота: кадр з фільма «Тэрмінатар 2»

Фота: кадр з фільма «Тэрмінатар 2»

Даследчыкі з Кітайскага ўніверсітэта Ганконга і ўніверсітэта Карнэгі-Мэлана ў Пітсбургу распрацавалі маленькага чалавекападобнага робата з вадкага металу, які здольны мяняць сваю форму. Адпаведнае даследаванне было апублікавана 25 студзеня ў часопісе Matter.

Згодна з ім, робат можа пераскокваць цераз перашкоды, караскацца па сценах і падзяляцца напалову, каб дзве яго часткі маглі працаваць разам для перасоўвання розных аб'ектаў, перш чым зноў злучыцца разам. Таксама яго можна выкарыстоўваць як праваднік электрычнасці.

Стваральнікі робата натхняліся марскім агурком — жывёлай, якая можа змяняць жорсткасць сваіх тканак. Робат, вышынёй меншы за сантыметр і падобны да чалавечка з Lego, зроблены з галію і мікраскапічных кавалачкаў магнітнага матэрыялу, які складаецца з неадыму, жалеза і бору. 

Сам галій здольны плавіцца пры тэмпературы 30°С, а калі дадаць да яго магнітныя часцінкі, то ён становіцца больш адчувальным да змен у магнітным полі і хутчэй мяняе свой агрэгатны стан. Таксама пры дапамозе маленечкіх магнітаў робат можа рухацца. 

Навукоўцы прадэманстравалі відэа, на якім бачна, як робат, ператвараючыся ў вадкасць, пераадольвае перашкоду ў выглядзе рашоткі, паўтараючы сцэну з культавага фільма «Тэрмінатар 2». Дарэчы, відэа было спецыяльна знята такім чынам, каб аддаць даніну павагі блокбастару з 90-х.

Каб выканаць трук з пранікненнем робата праз краты, навукоўцы выкарыстоўвалі магніт, які рухаецца (унізе на відэа), для стварэння электрычнага току ўнутры робата. Ток расплаўляе галій, а яго магнітныя часціцы прыцягваюць вадкасць да магніта. Відэа: Wang and Pan et al., Matter, ScienceAlert, YouTube

«Гэты механізм шматфункцыянальны: робата можна выкарыстоўваць для дастаўкі лекаў у арганізм чалавека ці для складаных будаўнічых работ. Напрыклад, ён у вадкім стане можа праслізнуць у разьбовую адтуліну і затым, зацвярдзеўшы, ператварыцца ў шрубу», — сказана ў даследаванні.

Навукоўцы адзначаюць, што пакуль такі робат знаходзіцца на стадыі дапрацоўкі, аднак яны ўпэўненыя ў яго будучым выкарыстанні ў біямедыцыне.

Чытайце яшчэ:

Навукоўцы змаглі спыніць працэс старэння ў мышэй і навучыліся кіраваць гэтым працэсам. А што наконт людзей?

Зямное ядро, ​​магчыма, змяніла кірунак руху. Як гэта паўплывае на нашу планету?

Расійскі блогер Wylsacom зрабіў агляд «беларускага макбука» 

Клас
23
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
10
Сумна
0
Абуральна
3