Сяргей — адзін з адміністратараў тэлеграм-канала «Армія з народам», а таксама муж даверанай асобы Святланы Ціханоўскай і палітзняволенай Антаніны Канавалавай. Ён вярнуўся ў Беларусь пасля затрымання жонкі, перад гэтым выехаў, бо адчуваў небяспеку. У выніку яго затрымалі 2 кастрычніка 2020 года і змясцілі пад варту.

Мужа і жонку абвінавацілі ў «падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках» і ў «падрыхтоўцы беспарадкаў». Мінскі абласны суд 7 траўня 2021 года прызнаў іх вінаватымі і прысудзіў па пяць з паловай гадоў калоніі. На судзе яны цалкам не прызналі сваю віну. У Антаніны і Сяргея на волі засталіся двое маленькіх дзяцей: Ваня і Насця.

Тэрмін палітвязня накіравалі адбываць у папраўчую калонію №11 у Ваўкавыску. Вядома, што адміністрацыя калоніі неаднаразова змяшчала Сяргея ў ШІЗА, а потым перавяла яго ў ПКТ.

Нядаўна стала вядома, што супраць Сяргея распачалі новую крымінальную справу — за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». 26 студзеня суддзя Ваўкавыскага раёна Мікалай Сяргейка прызначыў Ярашэвічу яшчэ дзевяць месяцаў зняволення. Цяпер палітвязня этапуюць у баранавіцкі СІЗА-6, дзе будуць утрымліваць, пакуль прысуд не ўступіць у сілу.

Па даных праваабаронцаў, за апошнія два гады як мінімум 46 палітзняволеных перавялі на турэмны рэжым і супраць яшчэ 18 распачалі новыя крымінальныя справы па арт. 411 КК. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2