Фота: Instagram / haniamade, poshtabel

Фота: Instagram / haniamade, poshtabel

Інтэр’еры беларускіх хат / belarus_traditional_interior

Гэтаму фотапраекту пра хаты з усёй Беларусі, якія не крануў еўрарамонт, спаўняецца пяць гадоў. Разам з убраннем хат тут дэманструюць іх гаспадынь, а таксама расказваюць невялічкія гісторыі пра вёскі, дзе зробленыя фота.

Напрыклад, вас пазнаёмяць з жыхаркамі вёскі Данілевічы, што блізка да Лельчыцаў, дзе жывуць беларускія шаптухі, або з палескай вёскай Чэрніцы недалёка ад меркаванага месца пахавання Кірылы Тураўскага. Усе гэтыя хаткі, бабулі, лавы ды гарбузы знятыя з вялікай пяшчотай.

Беларускія нячысцікі / Belarusian_Monsters

Беларуская дэманалогія, міфалогія і фальклор у інтэрпрэтацыі гарадзенскага ілюстратара. На гэтай старонцы партрэты нячысцікаў суправаджаюцца іх гісторыямі.

Тут не толькі Пярун ды Сварог, якіх вы можаце памятаць са школы, але і мноства чарцей, духаў, карлікаў і дэманаў з глыбіні беларускай культуры.

Hanna Zabrocka / haniamade

Гэты натхняльны акаўнт вядзе мастачка Ганна Заброцкая. Яна пашыла сваю першую ляльку некалькі гадоў таму, калі чакала дзіця і хацела, каб нованароджаная дзяўчынка гуляла з цацкай, створанай рукамі матулі. Ператварылася гэтая задума ў багацце лялек розных колераў і фарматаў, якія Ганна цяпер выстаўляе на ўласнай старонцы.

Ганна адгукаецца на трывожныя навіны з Беларусі. Напрыклад, стварыла лялек Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай, Вольгі Хіжынковай і Ніны Багінскай і пераслала іх самім вядомым беларускам (дзе гэта было магчыма). 

Палявая пошта / poshtabel

Кадры ў «Палявой пошце» ўнікальныя, бо гэта здымкі Беларусі першай паловы ХХ стагоддзя ў параўнанні з кадрамі тых жа мясцін сёння.

Наўрад ці вы некалі бачылі такія Ваўкавыск, Баранавічы, Магілёў, Пружаны і Баруны (і не толькі!). Сутнасць не толькі ў будынках, якія цяпер выглядаюць інакш або ўвогуле знесеныя. Сутнасць і ў атмасферы старых мястэчак і гарадкоў, якую перадаюць гэтыя здымкі.

Сябрую з беларускай мовай / siabryclub

Старонка адной з беларускіх супольнасцей ЗША будзе цікавая і тым беларусам, хто не мае да Амерыкі ніякага дачынення. Усё праз тое, што аўтары яе актыўна публікуюць беларускую паэзію і дадаюць да яе прыгожыя фотаздымкі — задавальненне і для душы, і для вачэй.

Калі-нікалі, аднак, аўтараў старонкі цікавіць і проза: так, яны друкавалі цытаты з аўтабіяграфіі мовазнаўцы Пятра Садоўскага, а часам і проста прыказкі і народныя мудрасці. Карацей, тое, што трэба, калі хочаце трошкі самаадукацыі ў вольную хвілінку.

Беларуская мова. Этнаграфія / bielaruskija_havorki

Беларуская мова на провадзе, кажуць стваральнікі гэтай старонкі. Трапныя слоўцы з беларускіх гаворак яны разбаўляюць беларускімі вершамі.

Не пужайцеся, гэта зусім не нудны школьны слоўнік, а хутчэй магчымасць у неназойлівай форме пазнаёміцца з лексікай, якую вы наўрад ці яшчэ б недзе сустрэлі. Забягач, боўдзіла, дзюдзік, дрывотня — свет найбагацейшай мовы.

Дзевяць мабільных праграм, якія павялічаць колькасць беларускамоўнага кантэнту ў вашым жыцці

Шэсць беларускамоўных тыктокаў, пра якія вы маглі не ведаць

Як перавесці сацсеткі і месенджары на беларускую мову

Клас
31
Панылы сорам
1
Ха-ха
4
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
1