Віталя Брагінца затрымалі 23 траўня 2022 года і двойчы запар арыштавалі на 15 сутак. Праз арышт ён не змог патрапіць на суд свайго падабароннага адваката Андрэя Мачалава.

Як распавялі праваабаронцам яго сукамернікі, у Брагінца знайшлі фота з акцый пратэсту, але яго самога на іх не было, таму не ведалі, што яму інкрымінаваць.

Вось, што распавядаў адзін з сукамернікаў Брагінца ў ІЧУ на Акрэсціна ў чэрвені 2022 года: «Віталь малайчына, трымаўся бадзёра. Ён ніколі нікому не адмаўляў у кансультацыі на месцы. Але ён таксама амаль страціў голас ад хваробы. Віталь распавядаў, як абсурдна яго арыштавалі: проста перад тым, як яму трэба было ехаць да кліента. Здаецца, гэта быў КДБ і мусіў ехаць у СІЗА КДБ.

У дзень вызвалення яго забралі зранку з камеры. А выходзіць яму трэба было пасля абеду. Мы зразумелі, што гэта нядобры знак».

У выніку, Віталю адразу прад'явілі абвінавачванне па арт. 342 Крымінальнага кодэкса, але канчатковае абвінавачванне пашырылася ажно да чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

9 верасня 2022 года МУС прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» Telegram-чат «Беларускiя адвакаты».

Брагінец абараняў некаторых палітвязняў, у тым ліку старшыню Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага, а таксама адваката Андрэя Мачалава, які на судзе застаўся без абароны праз арышт Брагінца.

Клас
3
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
35