Праект, распрацаваны Свабоднай дэмакратычнай партыяй (FDP), прадугледжвае выдачу Германіі, Іспаніі і Даніі дазволу на пастаўку Украіне швейцарскіх боепрыпасаў і продаж Польшчы, Славакіі і Чэхіі танкаў Leopard наўзамен тэхнікі, якую краіны плануюць адправіць Украіне.

Гаворка ідзе пра 96 танкаў Leopard-2, выкарыстанне якіх было спыненае амаль дзесяць гадоў таму для далейшага вываду з эксплуатацыі. Іх продаж запатрабуе рашэння парламента аб правядзенні працэдуры вываду з эксплуатацыі. Запыты аб куплі ад еўрапейскіх краін пакуль не прыходзілі, паведаміла прэс-служба Мінабароны Швейцарыі на запыт Bloomberg. 

Вайна ва Украіне змяніла абмеркаванне фармату швейцарскага нейтралітэту, паведаміла агенцтву дэпутатка ад FDP Мая Рынікер.

«Мы не можам адмовіцца ад нейтралітэту, але нам трэба абмеркаваць, якія ў нас ёсць магчымасці для падтрымкі краін, якія адстойваюць тыя ж дэмакратычныя каштоўнасці, што і Швейцарыя», — сказала Рынікер.

Яе прапанова перадаць танкі за сімвалічны адзін франк за кожны было адхіленае ў першым чытанні на мінулым тыдні, але дэпутат хоча вынесці яго на паўторны разгляд вясной.

Разам з тым дэпутат найбуйнейшай прадстаўленай у парламенце швейцарскай народнай партыі Томас Эскі заявіў агенцтву, што яго партыя не плануе галасаваць за законапраекты аб пашырэнні ваеннай падтрымкі.

Аднак 55% жыхароў краіны падтрымлівае рээкспарт боепрыпасаў швейцарскай вытворчасці, каб дапамагчы Украіне, гэта вынікае з нядаўняга апытання, вынікі якога ёсць у распараджэнні Bloomberg.

Швейцарыя адмовілася пастаўляць зброю Украіне ў адпаведнасці з палітыкай нейтралітэту. У лістападзе прэзідэнт Швейцарыі Іньяцыа Касіс заявіў, што краіна «не будзе прама ці ўскосна ўдзельнічаць у ваенным канфлікце». «Ні падчас Першай сусветнай вайны, ні нават падчас Другой мы не экспартавалі ўзбраенне», — падкрэсліў ён.

Вайна ва Украіне ўжо прымусіла адмовіцца ад нейтральнага статусу Фінляндыю і Швецыю, якія вясной мінулага года падалі заяўку на ўступленне ў НАТА.

Клас
44
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
4