«Адно з найважнейшых пытанняў. Я сёння падпісаў указ, які падрыхтаваны групай спецыялістаў на чале з вамі аб разглядзе зваротаў грамадзян Беларусі, што знаходзяцца за мяжой, па пытаннях здзяйснення імі правапарушэнняў. Гэта як раз тое пытанне, якое мы абмяркоўвалі напярэдадні. Я паглядзеў і склад [камісіі], і іншае. Калі мы нешта тут ва ўказе не прадугледзелі, дастаткова ўлады ў генеральнага пракурора для таго, каб задзейнічаць увесь дзяржаўны апарат, дзяржслужачых для таго, каб вырашыць гэтую праблему з тымі збеглымі», — сказаў Лукашэнка.

У склад камісіі сярод іншых увайшлі людзі, якія апынуліся ў ліку «пацярпелых» ад «экстрэмісцкай» дзейнасці. «Грамадства будзе разумець, што рашэнні прымаюць не Лукашэнка, Швед і іншыя — людзі, надзеленыя ўладай. Натуральна, што мы гэта павінны арганізаваць і быць галоўнымі дзеючымі асобамі. Але і тыя, якія бачылі, што адбывалася, і трывалі, і супраць іх здзяйсняліся нейкія акты гвалту ці правапарушэнні», — сказаў Лукашэнка.

Таксама ён намякнуў, што камісія можа разглядаць і справы тых людзей, якія не з'язджалі.

«Трэба глядзець не толькі збеглых. Хтосьці з-пад плінтуса вылезе — яны ж разумеюць, што мы іх усё роўна знойдзем. Хтосьці звернецца ў камісію. Вы ў камісіі ўжо разберацеся», — дадаў Лукашэнка.

Ён мяркуе, што за мяжу з’ехала 2 тысячы беларусаў, максімум 4 тысячы.

Ён абяцае, што «усё будзе па законе».

«Заяву — у камісію (хочаце — па інтэрнэце перадавайце, хочаце — у канверце перасылайце) — мы разгледзім любую вашу заяву. Але сілай сюды цягнуць, каб пасадзіць, як яны кажуць, або каб пагаварыць з кімсьці, мы не збіраемся. Гэта наша добрая воля, мы яе прадэманстравалі. Калі ласка, звяртайцеся, будзем разглядаць вашыя заявы. Не хочаце — сядзіце там. Хочаце — ваюйце, хочаце падмятайце вуліцу. Не ўсе ж могуць ваяваць нават, не ўсіх жа возьмуць на фронт. Мяціце вуліцу, мыйце посуд. Хто больш падрыхтаваны — будуць патроны падаваць у Польшчы ці Літве. Гэта іх выбар. Мы нікога не прымушаем і не настойваем у гэтым плане», — заявіў Лукашэнка.

«Гэтае пытанне неяк трэба здымаць у грамадстве. Патрэбная развязка», — падсумаваў ён.

Клас
1
Панылы сорам
49
Ха-ха
57
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
26