Па словах юрыста Яны Гельмель, на зняволеных аказваюць ціск у калоніях Самарскай і Растоўскай абласцей, Краснадарскага краю і рэгіёнаў Паўночнага Каўказа.
«Прыязджаюць аператыўнікі МУС або ФСБ, абяцаюць падняць старыя справы 10—20-гадовай даўніны, па якіх тэрмін даўнасці ўжо прайшоў, палохаюць, што будуць заводзіць справы па тых, хто адмаўляецца ісці на вайну», — заявіла Гельмель.
Пра падобныя метады ціску ў калоніях Пермскага краю таксама паведаміла праваабаронца Аксана Асауленка. У прыклад яна прывяла выпадак зняволенага, якому да вызвалення заставалася пяць месяцаў. Па словах маці мужчыны, у апошняй размове ён даў ёй зразумець, што яго прымусілі падпісаць кантракт з ПВК «Вагнер».
Яшчэ адзін юрыст, які папрасіў не называць яго імя, пацвердзіў, што зняволеных вярбуюць з дапамогай пагроз. Па даных юрыста, найбольш актыўны набор ідзе ў калоніях рэгіёнаў, якія знаходзяцца недалёка ад украінскай мяжы.
Таксама крыніцы «Агенцтва» паведамляюць, што ў следчых ізалятарах арыштаваным пачалі прапаноўваць уступіць у ПВК «Вагнер», абяцаючы пры гэтым закрыць крымінальныя справы. Суразмоўцы «Агенцтва» паведамілі, што такая практыка склалася ў СІЗА-1 Самары, у СІЗА-5 Масквы, а таксама ў ізалятары ў Пярмі.
На думку Яны Гельмель, новыя метады вярбоўкі расійскіх зняволеных абумоўлены тым, што ўсё менш людзей гатова заключаць кантракт з ПВК, так як да калоній пачалі даходзіць звесткі аб ліку забітых і параненых сярод тых, хто пагадзіўся адправіцца на вайну летам—восенню 2022 года.





