Ігар Брыло, міністр сельскай гаспадаркі. Скрыншот з відэа

Ігар Брыло, міністр сельскай гаспадаркі. Скрыншот з відэа

«Вы хочаце далучыць калгасы, саўгасы да дзяржаўных прамысловых прадпрыемстваў. Я вам даручыў гэты працэс трымаць у полі зроку. І калі трэба ўнесці прапановы. Вы ўносіце прапановы? Каго сёння да каго будзем далучаць?» — на павышаным тоне спытаўся Лукашэнка.

«Аляксандр Рыгоравіч, са 127 вельмі складаных неплацежаздольных прадпрыемстваў практычна 117 знаходзяцца ў трох абласцях. Гэта Гомельская, больш за 50 прадпрыемстваў, Магілёўская і Мінская».

— У нас сістэма сёння ёсць?

— Крыху не такая.

Аляксандр Турчын і Сяргей Брыло стаяць перад Аляксандрам Лукашэнкам, фота БелТА

Аляксандр Турчын і Сяргей Брыло стаяць перад Аляксандрам Лукашэнкам, фота БелТА

— Мы сёння далучаем калгасы, саўгасы да прадпрыемстваў?

— Далучаем.

— Да прадпрыемства, прыватнікаў? Перадаём ці не перадаём? Чым вас не задавальняе гэтая сістэма?

— Мы такімі ўказамі не ствараем спрыяльных умоў для інвестара. Мы ўсяго толькі хочам для прадпрыемства, якое возьме на сябе нагрузку з СПК: яму стварыць гэтыя ўмовы. Вось гэтае асноўнае адрозненне. Таму 399-м, 253-м (указам), у нас былі ўмовы створаныя, толькі для прадпрыемстваў АПК, толькі для калгасаў», — даволі горача запярэчыў Брыло.

Лукашэнка выказаўся ў тым стылі, што міністр прапануе забраць у прэзідэнта права даваць ільготы сваім указам і перадаць гэтыя паўнамоцтвы ўраду. 

«Я не разумею, я што, затармазіў нейкі працэс? — крычаў на міністра Аляксандр Лукашэнка. — Я не разумею, нашто вы ламаеце цяперашнюю сістэму. Што вас не задавальняе?»

«Гэты цяперашні ўказ, 399-ы, нам не дазваляе рэструктурызаваць доўг для галаўнога прадпрыемства, пачуйце, калі ласка», — не здаваўся міністр сельскай гаспадаркі.

У адказ Аляксандр Лукашэнка прыгразіў Брыло перадаць права падаваць хадайніцтвы на льготы з міністэрства і ўрада старшыням аблвыканкамаў.

«Уласнасць, грошы і ўлада — гэта тры кіты, гэта галоўнае ў любой краіне!» — павучаў Аляксандр Лукашэнка.

Увогуле, Лукашэнка на нарадзе выглядаў раздражнёным і прыдзіраўся да дакладаў па ўсіх пытаннях.

Відэа спрэчкі Лукашэнкі і Брыло апублікавалі лукашэнкаўскія СМІ. Магчыма, гэта мае прадэманстраваць, што дыскусія па пытаннях эканамічнай тактыкі ўсё яшчэ магчымая, тады як у большасці сфер жыцця ўжо не засталося прасторы для плюралізму.

Клас
10
Панылы сорам
22
Ха-ха
116
Ого
6
Сумна
4
Абуральна
17