Тым, хто эмігруе з дзецьмі, часта трэба ўзважыць больш фактараў, чым толькі сярэдні даход і эканамічная стабільнасць. Для такіх сем'яў можа быць важным, наколькі мясцовыя дзеці здаровыя і шчаслівыя, якая якасць адукацыі ў новай краіне, ці прадугледжаны для бацькоў адпачынак па сямейных абставінах, а таксама ці хапае ў краіне паркаў і гульнявых пляцовак.

Менавіта на такія фактары UNICEF звяртае ўвагу ў сваіх «справаздачных лістах» па дабрабыце дзяцей. У рэйтынгах улічваюцца толькі самыя багатыя краіны, і не ўсе даныя могуць быць аднолькава цікавыя для сем'яў эмігрантаў.

Але так ці інакш ацэнкі дапамагаюць зразумець, як растуць дзеці ў розных краінах.

Японія

У аналізе ЮНІСЕФ за 2020 год Японія заняла першае месца па фізічным здароўі дзяцей (у рэйтынгу браліся пад увагу дзіцячая смяротнасць і праблемы атлусцення). А ў апошняй справаздачы за 2022 год у Японіі другое месца па крытэрыі «свет вакол дзіцяці», які прадугледжвае наяўнасць гарадскіх паркаў і бяспеку дарожнага руху. Таксама ў гэтай краіне вельмі нізкае забруджванне паветра і вады.

Гэта адна з самых бяспечных дзяржаў наогул, бо ўзровень забойстваў тут самы нізкі з усіх краін, якія разглядаў ЮНІСЕФ: 0,3 на 100 000 чалавек, што нават менш, чым у Аўстраліі (0,9). А таксама менш, чым у Беларусі (2,4), Польшчы (0,7), Расіі (7,3), Літве (3,7) і ЗША (6,5).

Па словах Маці Макег, ураджэнкі Токіа, гэты фактар бяспекі дае дзецям вялікую свабоду. «З шасці гадоў ці каля таго дзеці ходзяць у школу самі. Яны ездзяць у школу на аўтобусе або на цягніку, калі гэта неабходна. Нават у цэнтры Токіа дзеці проста гуляюць і ходзяць у школу самастойна. Гэта цалкам нармальна, бо гэта бяспечна. Ніхто асабліва не турбуецца пра сваіх дзяцей, таму што ў гэтым няма патрэбы».

Японія таксама мае адну з найлепшых у свеце сістэм адукацыі і займае 12-е месца сярод 76 краін і рэгіёнаў.

Аплатны адпачынак па доглядзе за дзіцем цягнецца 12 месяцаў. Краіна працуе над тым, каб такі адпачынак бралі не толькі маці, але і таты.

Эстонія

Хоць Эстонія і не на вяршыні агульнага рэйтынга ЮНІСЕФ, яна высока ацэньваецца па шэрагу важных аспектаў. Тут меншае забруджванне паветра, менш раздражняльнага шуму і меншая колькасць пестыцыдаў, чым амаль у любой іншай багатай краіне. У Эстоніі больш паркаў, чым у ЗША, Канадзе, Аўстраліі і Вялікабрытаніі, і дзеці часта кажуць, што ім падабаюцца размешчаныя паблізу гульнявыя пляцоўкі. Эстонія таксама займае другое месца па колькасці дзяцей, народжаных з недастатковай вагой, што лічыцца добрым паказчыкам якасці дародавага догляду.

Адна з самых вялікіх пераваг Эстоніі — гэта сістэма адукацыі. Мясцовыя дзеці больш пісьменныя і лепш ведаюць матэматыку і прыродазнаўчыя навукі, чым у любой іншай краіне за межамі Азіі. Адмысловая ўвага надаецца лічбаваму навучанню.

«Ужо ў дзіцячых садах ёсць робататэхніка, смарт-планшэты і г. д. Усе яны выкарыстоўваюцца як частка гульнявога навучання», — кажа Аннэ-Мэі Міісак, кіраўнік праектаў у Дэпартаменце адукацыі і моладзі Эстоніі, якая даследуе сістэму дашкольнай адукацыі ў краіне.

Перавагі адукацыі выходзяць за рамкі чытання і робататэхнікі. Нядаўнія справаздачы паказалі, што сярэднестатыстычнае пяцігадовае эстонскае дзіця мае яшчэ і лепшыя сацыяльна-эмацыйныя навыкі (сярод якіх супрацоўніцтва з іншымі дзецьмі і вызначэнне эмоцый), чым дзеці ў ЗША і Англіі.

Што датычыць адпачынку для мужчын, то ў Эстоніі прадугледжана 100 дзён адпачынку па цяжарнасці і родах для маці і 30 дзён для бацькі. За імі ідуць 475 дзён аплатнага адпачынку па доглядзе за дзіцем, які можна падзяліць ці падчас якога можна працаваць няпоўны дзень да таго часу, пакуль дзіцяці не споўніцца тры гады. Да 60-ці дзён і мама, і тата могуць заставацца дома адначасова і атрымліваць выплаты. Кожны з бацькоў таксама мае 10 дзён на год аплатнага адпачынку па доглядзе за дзіцем, якому менш за 14 гадоў (такі адпачынак прадугледжаны як для пастаянных, так і для часовых жыхароў Эстоніі).

Іспанія

Нягледзячы на больш нізкія агульныя пазіцыі ў рэйтынгах па сацыяльных, адукацыйных і медыцынскіх паслугах, Іспанія прапануе дзецям шмат. Тут яны пачуваюцца сапраўды добра: краіна займае трэцяе месца па псіхічным дабрабыце дзяцей і чацвёртае па іх базавых навучальных і сацыяльных навыках. У прыватнасці, Іспанія на адным узроўні з Нідэрландамі датычна таго, колькі дзяцей гаворыць, што яны лёгка заводзяць сяброў (81%). Узровень самагубстваў падлеткаў у Іспаніі — адзін з самых нізкіх сярод багатых краін.

Гэта не здзіўляе Лоры Зайна, якая пераехала ў Мадрыд з Чыкага пятнаццаць гадоў таму. Цяпер, як маці, яна кажа, што адным з самых спрыяльных момантаў жыцця ў Іспаніі ёсць тое, наколькі мясцовая культура вітае дзяцей. «Тут сацыяльна прымальна браць з сабой дзіця паўсюль: у рэстараны, у бары. Нармальна бачыць сям'ю з маленькім дзіцем, якая прагульваецца апоўначы, — кажа Лоры. — Сачыць за тым, каб вашы дзеці былі ціхія і спакойныя, каб яны не турбавалі іншых людзей, звычайна патрабуе сур'ёзных намаганняў. Але ў Іспаніі ніхто гэтым не пераймаецца. Усе шчаслівыя і шумныя і проста атрымліваюць асалоду ад часу, які бавяць разам».

І маці, і бацька ў Іспаніі атрымлівае 16-тыднёвы адпачынак, які аплачваецца ў 100% іх заробку (фрылансеры таксама маюць на гэта права). Пасля маці можа ўзяць неаплатны адпачынак да трох гадоў або скараціць свой працоўны дзень. Гэтыя варыянты даступныя для любога законнага рэзідэнта, зарэгістраванага ў сістэме сацыяльнага забеспячэння Іспаніі, які рабіў унёскі не менш як 180 дзён апошнія сем гадоў.

Фінляндыя

Фінляндыя — адна з найлепшых краін свету з пункту гледжання дзіцячай пісьменнасці і атрымання матэматычных ведаў. Таксама бацькі тут высока шануюць свае адносіны з персаналам у школах. Смяротнасць дзяцей ад 5 да 14 гадоў — адна з самых нізкіх у свеце.

Да таго ж краіна прапануе шчодры адпачынак па доглядзе за дзіцем: восем тыдняў аплатнага адпачынку па цяжарнасці і родах, яшчэ 14 месяцаў аплатнага адпачынку па доглядзе за дзіцем, які можна падзяліць паміж бацькамі, і дадатковы адпачынак, які можна выкарыстоўваць, пакуль дзіцяці не споўніцца тры гады. На яго маюць права жыхары Фінляндыі, якія зрабілі медыцынскую страхоўку не менш як за 180 дзён да нараджэння дзіцяці ў Фінляндыі або ў любой краіне Паўночнай Еўропы, ЕС ці Еўрапейскай эканамічнай зоны.

Хэдлі Дын — брытанец, бацька пяцярых дзяцей, жыў са сваёй сям'ёй у Польшчы, Чэхіі і Фінляндыі. Цяпер яго сям'я жыве ў Фінляндыі другі раз, і ім там падабаецца. Адна з пераваг, па словах Хэдлі, — гэта колькасць паркаў, нават у сталіцы Хельсінкі іх шмат. «Што адрознівае Хельсінкі ці Фінляндыю, дык гэта тое, што паркі вельмі натуральныя. Яны падобныя да сапраўднага лесу, які знаходзіцца проста ў цэнтры горада, — кажа спадар Дын. — Існуе добра вядомая сувязь паміж часам, праведзеным на прыродзе, і адсутнасцю турботы і дэпрэсіі, так што гэта сапраўды станоўчы момант».

А як наконт цёмных, халодных фінскіх зім? «Гэта цана, якую варта заплаціць, — кажа Хэдлі. — Вы проста прывыкаеце да яе. Апранаецеся адпаведна, калі выходзіце на вуліцу, у вас ёсць шыпы на абутку. І проста стараецеся атрымаць асалоду ад усяго, што навокал. А лета проста неверагоднае, бо ў вас ёсць 22 гадзіны сонечнага святла».

Нідэрланды

На першым месцы ў агульным спісе ЮНІСЕФ па дабрабыце дзяцей — Нідэрланды, якія асабліва добрыя з пункту гледжання псіхічнага здароўя (першае месца) і навыкаў (трэцяе месца). Дзевяць з дзесяці 15-гадовых падлеткаў кажуць, што яны ў высокай ступені задаволеныя жыццём, і гэта самы высокі працэнт сярод усіх краін, якія ўдзельнічалі ў даследаванні ЮНІСЕФ. Восем з дзесяці дзяцей кажуць, што лёгка заводзяць сяброў.

Збольшага гэта звязана з культурай, тлумачыць Вольга Мекінг, полька, маці траіх дзяцей, якая пражыла ў Нідэрландах 13 гадоў, аўтарка кнігі «Ніксэн: спасцігаючы галандскае мастацтва нічога не рабіць». «Кажуць, што амерыканцы спрабуюць навучыць усіх быць выключнымі. А тут ёсць прымаўка: проста будзь нармальным, гэта ўжо вар'яцтва», — кажа Вольга. Такі светапогляд, на яе думку, садзейнічае менш напружанаму дзяцінству. Тут таксама вялікая ўвага надаецца стасункам: розныя суполкі, клубы і грамадскія актыўнасці вельмі папулярныя.

Але калі галандскія сем'і і дзеці шчаслівыя, то гэта таксама дзякуючы сацыяльнай падтрымцы. «У вас не можа быць галандскага выхавання без галандскай сістэмы сацыяльнага забеспячэння», — кажа Вольга. І краіна сапраўды прапануе бацькам вялікую падтрымку. Поўнасцю аплатны адпачынак па цяжарнасці і родах доўжыцца не менш за 16 тыдняў, адпачынак па доглядзе за дзіцем — да 6 тыдняў. Таксама ёсць неаплатны адпачынак, які можна браць да таго, як дзіцяці споўніцца восем гадоў. Такія адпачынкі даступныя ўсім, хто жыве і працуе ў Нідэрландах на законных падставах.

Клас
78
Панылы сорам
3
Ха-ха
8
Ого
5
Сумна
9
Абуральна
15