Скрыншот відэа «Ток»
Талерчык кажа, што дакладна не ведае, чаму ў верасні 2020-га з пасады генпракурора знялі Аляксандра Канюка.
Але ходзяць чуткі, што ён ездзіў у Брэст і збіраўся завесці крымінальную справу па факце забойства Генадзя Шутава.
Шутаву выстралілі ў галаву сілавікі 11 жніўня 2020 года, праз тыдзень ён памёр у шпіталі. Суд прызнаў вінаватым самога берасцейца, а сведку забойства пакараў 10 гадамі калоніі.
Канюка пасля 2020 года накіравалі паслом у Арменію.
Генпракурора Андрэя Шведа Талерчык характарызуе як адукаванага і амбіцыйнага чалавека.
У верасні 2020 года Лукашэнка выступіў перад пракурорамі з пасылам «часам не да законаў». Талерчык кажа, што Лукашэнка даўно не прыходзіў у сцены Генпракуратуры.
«Ёсць калегіі па выніках працы — ён хадзіў на калегіі КДБ, Следчага камітэта, а ў пракуратуру не хадзіў. У 2011-м ці 2012-м ён быў — і наступны раз, калі Шведа прывёў.
У яго ж усё жыццё з гэтай пракуратурай дрэнныя ўспаміны. Ён жа быў пад крымінальнай справай, калі збіў свайго падначаленага-трактарыста — і справу вяла тады пракуратура. Яго выратавала тое, што ён стаў дэпутатам і справу закрыў адзін з пракурорскіх супрацоўнікаў. І потым пракуроры выдавалі яму сюрпрызы».
Талерчык згадвае былога генпракурора Алега Бажэлку, які даў дазвол на затрыманне Дзмітрыя Паўлічэнкі па падазрэнні ў дачыненні да знікнення Ганчара, Захаранкі і Красоўскага. Паўлючэнку тады хутка вызвалілі, а Бажэлку знялі з пасады.
Ці рэалістычна пасадзіць усіх, хто пратэставаў і выказваўся ў сацсетках? Алег Талерчык лічыць, што не, і тлумачыць:
«На маршы хадзілі сотні тысяч беларусаў. Няма ў нас столькі месцаў, столькі часу і столькі супрацоўнікаў, каб апрацаваць такую колькасць чалавек, а яшчэ пазбавіць волі.
У самыя жорсткія часы ў месцах пазбаўлення волі знаходзілася 40 тысяч чалавек.
Потым [былы генпракурор] Васілевіч прыдумаў канцэпцыю гуманізацыі крымінальнага пакарання ў 2011 годзе, каб вызваліць гэтыя месцы пазбаўлення волі. 40 тысяч — гэта ўжо была мяжа, не было куды садзіць».
Ён лічыць, што калі б былі месцы ў турмах, то не было б хатніх хімій па палітычных справах.
Талерчык расказаў таксама, чаму пагадзіўся ўдзельнічаць у ютуб-дэбатах з Азаронкам. Ён усміхаецца, што гэта была проста авантура. Плюс ён вырашыў падтрымаць Дзяніса Дудзінскага, які марыў пра такія дэбаты, і каб не складалася ўражанне, што апазіцыя баіцца дыскутаваць з лукашыстамі.
«На гэты Новы год я напісаў Дзянісу, пажадаў, каб ён іншыя мары перад Новым годам меў. Бо яго мара хутка здзейснілася, і я пажадаў, каб ён штосьці карыснае для ўсіх беларусаў загадаў», — смяецца.
Да дэбатаў ён лічыў, што Азаронак проста выконвае нейкую ролю на тэлебачанні, а аказалася, што з ім «немагчыма размаўляць ні аб чым».
Глядзіце выпуск цалкам:





